Новости / Культура

Адзначылі 175-я ўгодкі Кастуся Каліноўскага

11.02.2013, 1:00 / remove_red_eye 155 / chat_bubble

Святочную імпрэзу 3 лютага ладзілі Баранавіцкая рада ТБМ і Польскі дом. У мерапрыемстве прыняло ўдзел каля 80 чалавек.

Кандыдаты гістарычных навук Ніна Стужынская і Андрэй Кіштымаў распавялі  прысутным аб асобе Кастуся Каліноўскага, асаблівасцях паўстання 1863 года на Беларусі і неабходнасці ўшанавання нашых герояў. Першая дырэктарка Польскага дома ў Баранавічах Альжбета Даленга Ужосэк выказала свае ўласныя пачуцці да асобы Каліноўскага, яго ролі ў развіцці беларускай мовы і дзяржаўнасці, а таксама захапленне газетай «Мужыцкая праўда». Грамадская актывістка Анжэла Камбалава ў сваім выступленні паказала, як вобраз патрыёта Каліноўскага асвятляўся ў кіно, літаратуры і мастацтве. 

Палымяныя вершы, прысвечаныя касінерам Кастуся Каліноўскага, прачытаў паэт Аляксей Белы.

Падчас мерапрыемства адбыўся інтэлектуальны турнір, які паказаў, з аднаго боку, цікавасць людзей да асобы Каліноўскага, а з другога – як многа ўсім нам яшчэ трэба чытаць, каб больш дасканала ведаць жыццё і дзейнасць нашага «караля Літвы» (менавіта так  сяляне-паўстанцы заходняй і цэнтральнай Беларусі называлі свайго правадыра).

РЕКЛАМА

Мінскія барды і выканаўцы Раман Яраш, Віктар Сямашка і Юльяна Літвінава спявалі народныя і песні на словы Уладзіміра Караткевіча, а мясцовы спявак Алесь Грыцавец выканаў патрыятычную песню Сокала-Воюша, прысвечаную змагарам за свабоду.

 Напрыканцы свята Галіна Ярашэвіч і Таццяна Малашчанка выканалі песню «Бэз Мілавідаў», прысвечаную касінерам 1863 года. Удзельнікі святочнай імпрэзы доўга не хацелі разыходзіцца, а яшчэ вучыліся выконваць народныя танцы.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up