У Баранавічах пройдзе ўсебеларуская дыктоўка
Баранавіцкім арганізатарам агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі ўжо не першы год запар адмаўляюць у правядзенні гэтага мерапрыемства ў гарадской бібліятэцы. Сёлета дыктоўка пройдзе 3 лютага ў памяшканні аднаго з прадпрымальнікаў горада.
Як распавёў «IP» старшыня Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Віктар Сырыца, у Баранавічах, як і па ўсёй краіне, агульнанацыянальная беларуская дыктоўка мелася адбыцца 2 лютага. Сёлетні ініцыятар мерапрыемства беларускі філосаф Уладзімір Падгол выбраў гэты дзень, бо менавіта 2 лютага нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, паўстанню якога ў 2013 годзе спаўняецца 150 гадоў.
Баранавіцкія сябры ТБМ планавалі правесці дыктоўку ў адной з бібліятэк, але ім зноў, ужо каторы год запар, адмовілі ў памяшканні. Аргументацыя адміністрацыі таксама традыцыйная: «Памяшканне бібліятэкі прызначана для бібліятэчнага абслугоўвання і правядзення мерапрыемстваў, запланаваных адміністрацыяй Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. У планах масавай работы бібліятэк вашы мерапрыемствы не прадугледжаны».
Па словах Віктара Сырыцы, у памяшканнях бібліятэкі таварыству беларускай мовы адмаўляюць рэгулярна: «У мінулым годзе нам адмовілі, калі прыязджаў пісьменнік Уладзімір Арлоў, а таксама калі да нас завітаў акадэмік Адам Мальдзіс! У гэты годзе 27 студзеня мы планавалі правесці сустрэчу з беларускім гісторыкам Анатолем Тарасам. Нам зноў адмовілі».
Віктар Сырыца мяркуе, што аб’ектыўных прычын для таго, каб не даваць памяшкання для правядзення культурных мерапрыемстваў, няма: «Калі да нас прыязджаў былы міністр культуры Латушка, перад ім кіраўніцтва бібліятэкі хвалілася, што ў іх ёсць 50 памяшканняў. Мы згадзіліся б правесці сустрэчу ў любым з іх».
Сёлета дыктоўка для жыхароў Баранавіч пройдзе 3 лютага, а 12-й гадзіне, у памяшканні па адрасе вул. Брэсцкая, 224В, побач з рэдакцыяй «Інтэкс-прэс». Прыйсці напісаць дыктоўку могуць усе прыхільнікі беларускага слова.
Комментарии
Правила комментирования
Оставить комментарий