Автор: Вольга ШЫРАКАСТУП

13:54, 1 февраля 2013

Культура

remove_red_eye 151

“Песняры” спеліся з баранавіцкім гледачом

На канцэрце беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры», які прайшоў у гарадскім Доме культуры  24 студзеня, жыхары Баранавіч дружна падпявалі музыкам песняроўскія хіты.

«Баранавічы асацыююцца ў нас з цёплым прыёмам, цудоўнымі людзьмі і, канешне, з нашымі сябрамі, – сказаў «IP» мастацкі кіраўнік «Песняроў» Вячаслаў Шарапаў. – Мы прыязджаем сюды як да сябе дамоў».

Пачалі канцэрт «Песняры» купалаўскай «Спадчынай», потым павіншавалі ўсіх з мінулымі святамі песняй «Каляда», а таксама прадставілі публіцы некалькі сваіх новых песень. «Больш мне падабаюцца старыя ўсім знаёмыя песні ансамбля «Песняры», словы якіх ведаю з дзяцінства. Але музыканты парадавалі і сваімі прэм’ерамі», – сказала пасля канцэрта глядачка Алена.

На самой справе было відаць, што жыхары Баранавіч ведаюць творчасць беларускага ансамбля. Усёй залай спявалі «Касіў Ясь канюшыну», «Беловежскую пущу», «За полчаса до весны», «Алесю» і іншыя, знаёмыя яшчэ з мулявінскіх часоў песні. А падчас кампазіцыі «Крик птицы» ў выкананні Алега Жалязнякова многія гледачы не змаглі стрымаць слёз.

РЕКЛАМА

Сёння амаль увесь калектыў абнавіўся. У маладым ансамблі працуе толькі адзін чалавек, які яшчэ супрацоўнічаў з Уладзімірам Мулявіным, – гэта Вячаслаў Шарапаў. «Мяне хвалюе, – кажа ён, – каб «Песняры» працягваліся. Будуць нас пазнаваць ці не – залежыць ад духу, які нясе калектыў».

Канцэрт у Баранавічах адбыўся напярэдадні 10-й гадавіны з дня смерці заснавальніка ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна. І ў яго гонар музыкі выканалі прэм’еру песні «Посвящение мастеру» на верш беларускай паэткі Вольгі Залескай.

І хоць склад «Песняроў» даўно не той, што пры Мулявіне, але беларускі дзяржаўны ансамбль застаецца папулярным і зараз. «Песняры» даюць да 70 канцэртаў на год, асноўная частка з якіх праходзіць за мяжой. А напрыканцы артысты песняй пажадалі ўсім: «Бывайце здаровы, жывіце багата» і развіталіся з гледачамі.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up