Автор: Алесь Гізун

11:52, 1 февраля 2013

Общество

remove_red_eye 289

“Гэта мой выбар, мой шлях, і я не збіраюся сыходзіць з яго”

Мікола Статкевіч – адзіны з экс-кандыдатаў у прэзідэнты, які па сённяшні дзень знаходзіцца ў турме. Ён прынцыпова не піша прашэння аб памілаванні на імя прэзідэнта, затое кожны тыдзень імкнецца дасылаць лісты старому бацьку, які дажывае сваё самотнае жыццё ў Баранавічах.

Лісты Міколы Статкевіча да бацькі

Лісты Міколы Статкевіча да бацькі

РЕКЛАМА

Лісты сына да бацькі – гэта звычайна сціплыя аркушыкі са школьнага сшытка ў краткі або распалавіненыя аркушы А4, спісаныя шчыльным, але даволі разборлівым почыркам і зрэдку перасыпаныя смай-лікамі.

«Ды што новага вы хочаце там прачытаць? Гэта каб можна было пісаць тое, што хочацца, а гэты ліст пакуль дойдзе, дык 20 рук пройдзе. А як што не так, дык парвуць і выкінуць», – кажа Віктар Статкевіч.

Пакідаючы карэспандэнта з лістамі сам-насам, сам Статкевіч-старэйшы кладзецца: ціск ад самай раніцы скокнуў ажно пад 190. 19 студзеня Віктару Паўлавічу споўнілася 86.

«Нашу пароду нічога не ўзяло»

25 студзеня

Папа, прывітанне! Я зараз у Магілёве, у турме №4. Прабач, першыя 10 дзён я не меў магчымасці напісаць табе. Але цяпер буду пісаць кожны тыдзень. Зараз я буду знаходзіцца ў камеры. Разам са мной тут яшчэ адзін чалавек. Тут чыста і месца дастаткова. Мы займаемся гімнастыкай, чытаем. Раз у дзень выводзяць на прагулкі на адну гадзіну. Ёсць радыёкропка… За мяне не хвалюйся – адчуваю я сябе добра. Галоўнае – беражы сябе.

2 лютага

Папа, калі ласка, не хвалюйся за мяне. У мяне ўсё нармальна. Адчуваю сябе добра. Сёння праходзіў медагляд. Кардыяграма, ціск, аналізы крыві і мачы – усё ў парадку. Як бачыш, нашу пароду нічога не ўзяло:) (…) Вельмі прашу цябе, папа, беражы сябе, глядзі за сваім здароўем. Перадавай прывітанні ўсім, хто тэлефануе альбо прыходзіць да цябе…

Напісаў заяву на тэлефонны званок (тут можна званіць раз на месяц), але, думаю, што дазволяць яшчэ не хутка.

«Мабыць, пошта кепска працуе:)»

28 лютага

Ад Ані (дачка М. Статкевіча. – Аўт.) з восені лістоў не было, але нядаўна прынеслі канверт ад яе ліста, адпраўлены яшчэ ў снежні. На канверце паперка са штампам і надпісам «Письмо не прошло цензуру»… Я даведаўся, чаму не прапусцілі сам тэкст ліста… Сказалі, што палову ліста былі абразы гэтага самага. Было б на каго паперу марнаваць. Але, мабыць, Аня якраз даведалася, што ў той час адбывалася са мной у Шклове, і не стрымалася. Менш любіць яе за гэта мы не будзем, праўда ж:)? (…)

Я ведаю, што не маю права пісаць ніякіх «прашэнняў», але я не асуджаю нікога з тых, хто зрабіў гэта… У гэтай сітуацыі самае непрыемнае для мяне тое, што людзі карыстаюцца маім становішчам і прыпісваюць мне што заўгодна, ведаючы, што я не магу адказаць ім…

14 сакавіка

Навін тут асаблівых няма. Але час ідзе дастаткова хутка, бо шмат чытаю газет, кніг, займаюся фізкультурай. Лісты апошнімі тыднямі, за рэдкім выключэннем, даходзяць толькі ад родных. Ад іншых людзей лісты «недзе губляюцца». Нават быў выпадак, калі адна дзяўчына даслала тэлеграму, што вышле ліст. Тэлеграма яе дайшла, а ліст – не. Мабыць, пошта кепска працуе:) Папа, калі ласка, не чакай, пакуль атрымаеш мой ліст. Пішы сам па адным лісце ў тыдзень, каб я ведаў, што ты ў парадку… І, калі ласка, будзь асцярожней і часцей мерай ціск. Спадзяюся, што ў вас ужо дастаткова цёпла і можаш хадзіць гуляць. Тут, на Магілёўшчыне, істотна халадней, але ўсё роўна гуляць робіцца ўсё прыямней…

«Бласлаўляць Бога за кожны пражыты дзень…»

28 сакавіка

РЕКЛАМА

Даруй, што мала пішу пра сябе, але падзей тут асабліва не адбываецца. Дні праходзяць амаль аднолькава, але ты ведаеш, як я люблю чытаць. Таму час для мяне ідзе хутка і мне не сумна. Я ведаю, навошта я тут. Гэта мой выбар, мой шлях, і я не збіраюся сыходзіць з яго.

Вельмі хвалююся за цябе, за твой стан… Зараз вясна, імунітэт ва ўсіх аслаблены. Таму старайся есці болей садавіны і гародніны, болей гуляй на свежым паветры… Гэта ж так цудоўна – прырода вясной, дрэвы, якія распускаюцца, пах зямлі. Ад усяго гэтага можна атрымліваць такую асалоду! Таму старайся не засяроджвацца на балячках, на сваёй адзіноце і старасці, а бласлаўляць Бога за кожны пражыты дзень…

2 мая

Зараз вясна, таму сядзець стала лягчэй, бо пацяплела, ды і сонца на прагулцы настрой падвышае. Сядзім зараз у камеры ўдвох. Сусед мой, як я табе пісаў, чалавек спакойны і выхаваны. Пра яго пісалі пэўныя рэчы ў газетах, але ён даў слова, паклаўшы руку на Біблію, што гэта няпраўда (некаторыя СМІ паведамлялі пра датычнасць гэтага чалавека да выкрадання і забойства лідараў беларускай апазіцыі ў 90-я гг. – Аўт.). Калі чалавек і схлусіў, то гэта ўжо ягоны грэх, а не мой…

Ліст Міколы Статкевіча да бацькі за 2 траўня 2012 года

Ліст Міколы Статкевіча да бацькі за 2 траўня 2012 года

9 мая

Вельмі рады быў пачуць твой голас па тэлефоне. На жаль, тут даюць на званкі 15 хвілін без уліку часу на набор нумара. А аўтаматы няспраўныя, трэба знайсці, які працуе. Ды і набраць з першага разу не атрымліваецца. А час на ўсё гэта залічваюць у 15 хвілін…

30 мая

Наконт інтэрнэта. У ім багата што пішуць, але не заўсёды дакладна. Я жывы і здаровы. Так што не хвалюйся за мяне. Не ведаю толькі, хто і з якой мэтай табе тыя інтэрнэт-плёткі носіць. Дарэчы, мо паспрабаваў бы сам у інтэрнэт заходзіць. Гэта даволі проста. Я ўпэўнены, што ты лёгка навучышся. Мабільным карыстацца ты ж лёгка навучыўся…

«Ліанэль сказаў мне «Плівет!»

6 чэрвеня

Чытаў тваё інтрэв’ю ў «Народнай волі». Нармальнае інтэрв’ю, толькі журналістка турму калоніяй спачатку абазвала, а паміж імі – вялікая розніца, як ты ведаеш. Але хто не адчуў гэтую розніцу на сабе, той і не заўважыў:) (…) У нядзелю далі патэлефанаваць… У Ані ўсё нармальна. Ліанэль (унук М. Статкевіча. – Аўт.) сказаў мне «Плівет!».

20 чэрвеня

У гэты панядзелак супрацоўнік адміністрацыі ў званні маёра давёў мне, што можна напісаць прашэнне аб памілаванні і без прызнання віны, і што гэтага хопіць, каб выйсці на волю. Адказаў яму, што не бачу ніякай розніцы, бо калі нехта просіць яго памілаваць, то гэта сведчыць, што ён прызнае сябе віноўным. А я віноўным сябе ні ў чым не лічу. Таму і пісаць «прашэння» ў любой форме не збіраюся. (…)

У мяне тут без асаблівых зменаў, толькі пачалі выводзіць на працу ў іншую камеру. Праца лёгкая – «распускаць» эластычныя стужкі, каб «здабыць» гумовыя ніткі:)

27 чэрвеня

Ты напісаў, што ведаеш пра маю працу за 300 рублёў у дзень. На самой справе тут можна зарабіць у шмат разоў меней. Па-першае 75% заробку вылічваюць «за ўтрыманне». Застаецца 75 рублёў у дзень. Па-другое, гэта пры ўмове выканання плана, а яго нават напалову выканаць немагчыма, бо ўзяты ён няведама адкуль. Так што тут дакладна не разбагацееш:) (…)

Папа, магчыма ты прачытаеш у газеце ці з інтэрнэта табе прынясуць інфармацыю аб тым, што тут адбывалася вакол мяне 20 і 21 чэрвеня, калі ласка, не хвалюйся – у мяне ўсё добра. Калі нехта тут і меў кепскія намеры да мяне, то ў яго нічога не выйшла.

12 снежня

Я ўжо пісаў табе, што сюды раз на тыдзень прыязджае святар, і да яго ў маленькі пакойчык, увесь завешаны іконамі, па чарзе прыводзяць асуджаных. Мяне паўгода да яго чамусьці не выводзілі, але зараз водзяць ізноў. Сёння быў у яго на споведзі, а потым на прычасці…

«Выхадныя тут – самы нудны час»

26 снежня

На жаль, твой ліст ад мінулага тыдня затрымліваецца. Мо таму, што былі доўгія выхадныя і цэнзура не працавала… Зараз амаль кожны ты-дзень гэтыя падоўжаныя выхадныя, і лісты будуць затрымлівацца… Выхадныя тут – самы нудны час, бо газет і лістоў не прыносяць. Нават на радыё перадачы – і то ў большасці «са старых запасаў». Мабыць, і там цэнзура не працуе:) (…)
Спадзяюся, што ты своечасова атрымаў маё віншаванне, але хачу яшчэ раз павіншаваць цябе з Калядамі і Новым годам. Галоўнае, не дазваляй сабе ўпасці ў роспач ці дэпрэсію, бо псіхалагічны стан уплывае і на здароўе. Усе праблемы ўзнікаюць спачатку ў галаве. Таму не паддавайся ім. Трымайся, папа! Моцна абдымаю цябе. Твой сын Коля.

Ліст Міколы Статкевіча да свайго бацькі

Ліст Міколы Статкевіча да свайго бацькі

Даведка «IP»

Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч быў асуджаны ў маі 2011 года па абвінавачванні ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» у Мінску пасля выбараў на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Спачатку ён знаходзіўся ў Шклоўскай калоніі №17. З 12 студзеня 2012 года па рашэнні Шклоўскага суда, які палічыў, што палітык не стаў на шлях выпраўлення і не пакаяўся, Міколу Статкевіча на тры гады перавялі ў Магілёўскую крытую турму №4. Каля года экс-кандыдату ў прэзідэнты жорстка абмяжоўвалі кантакты з блізкімі і сваякамі. Напрыканцы 2012 года палітвязня перавялі на агульны турэмны рэжым, дазволіўшы яму мець два кароткія спатканні, дзве бандэролькі і адну пасылку на год.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up