Автор: Вольга ШЫРАКАСТУП

1:00, 24 декабря 2012

Культура

remove_red_eye 130

“Будзем граць колькі зможам”

У гэтым годзе гурт вандроўных музыкаў “Фэст” адзначае свой 20-гадовы юбілей. На святочным канцэрце, які прайшоў у ГДК 16 снежня, прагучалі лепшыя песні творчага калектыву.

Гурт “Фэст” пацешыў слухачоў не толькі беларускімі народнымі спевамі. Музыкі праспявалі  на рускай, украінскай, польскай, нават кітайскай мовах. Але галоўнымі хітамі юбілейнага канцэрта, як заўжды, сталі песні паэта і кампазітара калектыву Міхася Скрундзя. “Я, напэўна, прысуджаны да музыкі. Яна ў душы з дзяцінства”, – кажа Міхась. Усе яго песні з жыцця. І многія ўжо сталі, лічыце, народнымі.

На юбілейным канцэрце прысутнічала шмат гасцей – сябраў “Фэсту”. Гарадскія калектывы “Юрачка”, “Лялькі”, “Кросны” і “Холідэй” павіншавалі вандроўных музыкаў сваімі творчымі нумарамі. Кампазітар Фёдар Жыляк адзначыў, што жыхарам Баранавіч вельмі пашанцавала, бо не ў кожным горадзе ёсць такі “Фэст”.

Не абышлося без сюрпрызаў. Іван Кусцінскі правёў розыгрыш і зрабіў гледачам прыемныя падарункі. Іх уладальнікамі сталі тыя, каму пашанцавала купіць квіток на 12 месца ў 12 радзе – у гонар адыходзячага года, таксама 16 рад і месца – у гонар даты і часу святочнага канцэрта,  20 – у гонар юбілею.

РЕКЛАМА

Гурт “Фэст” на базе Дома культуры выхоўвае маладых “фэсцятаў”. Па словах кіраўніка калектыву Івана Кусцінскага, яму прыемна, што маладыя музыкі беражліва адносяцца да нацыянальнай культуры. Больш за пяць год у «Фэсце» грае і сын Івана Ілья Кусцінскі. “Гледзячы на тое, колькі бацька ўкладае сіл у “Фэст”, я натхняюся, – расказаў “IP” Ілья. – Спадзяюся, што буду варты калісьці пераняць яго справу і дзейнасць у “Фэсце” стане для Кусцінскіх сямейнай традыцыяй”.

За дваццаць год “Фэст” не страціў свайго запалу і энтузіязму. Калектыў вырас і колькасна, і ў прафесійным плане, з’явілася шмат новых песень.

“Будзем граць  колькі зможам”, – шчыра кажа кіраўнік Іван Кусцінскі. Гурт настроены і далей “граць у адну дудку” і дарыць радасць сваім слухачам.

Склад гурта:

Іван Кусцінскі – кіраўнік, гармонь, вакал;

Міхась Скрундзь – паэт, кампазітар, вакал;

Сяргей Ляшкевіч – скрыпка;

Алена Пашкевіч – цымбалы;

Аляксандр Дунчык – дудка, кларнет, жалейка;

Георгій Белавусаў – труба, барабан;

Генадзь Сцяцко – вакал, кантрабас;

Аляксандр Шастак – вакал;

Аляксандр Панькоў – вакал;

Мікалай Хрысціч – ударныя;

Ілья Кусцінскі – вакал, бас-гітара.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up