Автор: Алесь Гізун

0:00, 21 ноября 2012

Политика

remove_red_eye 128

“Калі з’явіцца пагроза нашай дэмакратыі, я гатова выйсці на вуліцу”

Лёсы Беларусі і Славаччыны напрыканцы ХХ ст. былі вельмі падобныя: разам пазбавіліся камунізму, разам атрымалі незалежнасць і ўвесь комплекс звязаных з гэтым праблем. Толькі Славаччына, дзякуючы дэмакратычным рэформам, даўно знаходзіцца ў Еўрасаюзе.  Беларусь і сёння з рэформамі не спяшаецца, усё больш трапляючы ў эканамічную і палітычную залежнасць ад суседняй Расіі.

Якім маладое славацкае пакаленне ўбачыла складаны перыяд пераходу Славаччыны ад сацыялізму да дэмакратыі, навошта гэта было трэба і ці маюць сёння славакі настальгію па камуністычнай эпосе, «IP» распавяла выкладчыца Універсітэта Коменскага ў Браціславе Алена Богуніцка.

– Пані Алена, ці ўзгадаеце вы той момант, калі ўпершыню даведаліся пра ўступленне Славаччыны ў Еўрасаюз і як вы ўспрынялі гэту навіну?

– Той момант сапраўды застаўся ў маёй памяці. Гэта быў 2004 год, і я тады знаходзілася на стажыроўцы ў Францыі. Памятаю, калі стала вядома, што Славаччына ўступіла ў Еўрасаюз, я і  мае калегі з розных еўрапейскіх краін нават наладзілі ўвечары невялікае свята з музыкай, танцамі і бенгальскімі агнямі… Я радавалася за сваю краіну, а мае калегі радаваліся за мяне.

РЕКЛАМА

Студэнты святкуюць далучэнне Славаччыны да Еўрасаюз

Студэнты святкуюць далучэнне Славаччыны да Еўрасаюз

– Адкуль такая радасць? Гэта ўступленне было для вас доўгачаканым?

– Так, ад другой паловы 90-х у Славаччыне доўжыўся складаны працэс дэмакратычных рэформаў, запушчаных новым прэм’ер-міністрам Мікулашам Дзурындам дзеля збліжэння з ЕС. Для славакаў гэта быў няпросты час, але мы бачылі за гэтымі рэформамі нейкі прагрэс, пакрысе заўважалі, што краіна пачынае рухацца да цывілізаванай Еўропы… Усім надакучылі хаос і бязладдзе, што працягваліся ў нас некалькі гадоў пасля атрымання незалежнасці. Адны людзі ўшчэнт бяднелі, іншыя за іх кошт лёгка багацелі, і дзяржава нікога не бараніла. І хаця сацыялізм у нас фармальна замяніла дэмакратыя, у 90-я гады на міжнароднай арэне Славаччына яшчэ заставалася ізаляванай краінай.

З аднаго боку, людзі жадалі пераменаў, з іншага – пабойваліся рэформаў. Асабліва старэйшае пакаленне хвалявалася, што страціць працу, бо на новым рынку перадусім запатрабаваныя маладыя і актыўныя, здольныя шмат працаваць. Камусьці давялося працаваць не па спецыяльнасці, каб мы маглі знізіць узровень беспрацоўя – адна з умоваў уступлення ў ЕС. Вядома, гэта многім было недаспадобы. А для кагосьці, хто пераважна нажываўся несумленнымі спосабамі, гэта быў добры час. Яны не плацілі падаткаў і багацелі, а на гэтым фоне дзяржава ўсё больш паглыблялася ў бядоцце і карупцыю. Для краіны гэта быў тупіковы шлях.

– Вы можаце сказаць, што сёння сітуацыя ў Славаччыне карэнным чынам памянялася і вы пазбавілася карупцыі?

– Безумоўна, цалкам карупцыя ў Славаччыне не знікла. Можна сказаць, што яна з’яўляецца часткаю нашага грамадства (смяецца). Але мы сапраўды шмат зрабілі і працягваем рабіць, каб знізіць карупцыйнасць. Прынамсі, сёння пра яе адкрыта гавораць, а калі ўсплываюць нейкія новыя факты, пра гэта адкрыта пішуць СМІ…

Напрыклад, сёння мы спакойна сядзім у гэтай кавярні майго мужа (месца, дзе адбывалася інтэрв’ю. – Аўт.), не баючыся, што зараз да нас уварвецца мафія і пачне патрабаваць грошай. А ў пачатку 90-х гэта была звычайная практыка. І ніякай абароны ад дзяржавы не было, бо ўсе гэтыя незразумелыя людзі былі звязаны з паліцыяй. Улада таксама маніпулявала СМІ, якія працавалі на культ асобы прэм’ер-міністра Мэчыяра. Нават кіраўнік аддзела навінаў на славацкім тэлебачанні быў пастаўлены ўладамі.

– Пані Алена, у многіх беларусаў сёння моцная настальгія па часах СССР. У вас падобнае пачуццё не ўзнікае?

– Я толькі сем гадоў паспела пажыць пры сацыялізме. З дзяцінствам у мяне звязаныя светлыя ўспаміны, але за гэта трэба дзякаваць толькі бацькам… У маёй мамы, напрыклад, часам узнікаюць настальгічныя пачуцці па ранейшых часах. Асабліва калі яна глядзіць навіны, а там кажуць што-небудзь не вельмі добрае. Тады мама можа сказаць, што вось пры сацыялізме такога не было (смяецца). Але, канечне, гэта зусім не значыць, што яна хацела б туды вярнуцца. Настальгія – нармалёвае пачуццё для ўсіх людзей. Але на сёння мінула ўжо даволі часу, прыйшло новае пакаленне, якое мысліць ужо цалкам па-іншаму, якому трэба новая будучыня…

– Ад беларусаў сёння часта можна пачуць, што, маўляў, ад нашага выбару нічога не залежыць. А ў славакаў сёння ёсць вера ў свабодныя выбары і магчымасць самім выбіраць сваю будучыню?

– Так, цяпер у нас ёсць вера ў свабодныя выбары, хаця яшчэ гадоў 15 таму гэтай веры не было зусім. І сёння людзі ахвотна ходзяць на выбары, бо разумеюць, што гэта рэальная магчымасць змяніць тое, што ім не падабаецца. І, калі хтосьці не задаволены ўладай, славакі звычайна кажуць так: «Каго ты выбраў, той і кіруе».

– У Беларусі ледзь не ўсе любяць размаўляць пра палітыку дома на кухнях, дзесьці яшчэ ў вузкіх колах, але калі папрасіць іх выказаць сваё меркаванне публічна, амаль кожны скажа, што ён – па-за палітыкай… А наколькі у вас людзі цікавяцца палітыкай і ці важна гэта?

– Жыццё паказвае, што цікавіцца і займацца палітыкай трэба, асабліва маладым. Інакш ёсць магчымасць вярнуцца да таго, што ўсе мы ўжо перажылі, калі жыццё і лёсы людзей маглі залежаць ад волі аднаго чалавека. Сёння ў Славаччыне ёсць палітычная дыскусія.

Увогуле славакі – не той народ, які выходзіць на вуліцы па ўсякіх дробязях. Але я ведаю, што пры нейкіх сур’ёзных калізіях мы можам выйсці на пратэст, пра што сведчаць і масавыя пратэсты напярэдадні апошніх парламенцкіх выбараў у сакавіку гэтага года. Людзей з’яднала абурэнне, калі яны даведваліся пра карупцыю сярод палітыкаў і чыноўнікаў. І мяне цешыць, што сёння славакі не застаюцца раўнадушнымі  да падобных рэчаў.

– Пані Алена, а вы самі гатовы ўдзельнічаць у вулічных грамадскіх пратэстах і ў якіх сітуацыях?

РЕКЛАМА

– Я гатова пратэставаць, калі, напрыклад, славацкая мова як дзяржаўная апынецца пад пагрозаю. У будучыні гэта праблема можа паўстаць, бо сёння ў школах пачынаюць больш надзяляць увагі вывучэнню англійскай мовы, чым роднай славацкай.

– А калі будзе пагроза вашай дэмакратыі і з’явіцца рызыка вяртання да сацыялістычнага мінулага?..

– Абавязкова! І я ўпэўна, што са мною будзе шмат людзей.

Даведка «IP»

Алена Богуніцка нарадзілася ў 1982 г. у славацкай сталіцы – г. Браціслава. У 2001 г. скончыла Акадэмію бізнесу ў Браціславе па спецыяльнасці банкаўская справа. У 2006 г. скончыла магістратуру па праграме «французская і славацкая мовы і літаратуры» на філасофскім факультэце Універсітэта Коменскага ў Браціславе. З 2009 г. працуе выкладчыкам на кафедры славацкай мовы філасофскага факультэта Універсітэта Коменскага.

Падобная гісторыя і розная сучаснасць

Канец 80-х – пачатак 90-х гг.


Беларусь

У 1990 г. прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. У 1991 г. – падзенне СССР і перайменаванне БССР у Рэспубліку Беларусь. Першы кіраўнік – Станіслаў Шушкевіч.

Славаччына

У 1989 г. у Чэхаславаччыне пачалася г. зв. Аксамітная рэвалюцыя, перыяд усеагульных забастовак і дэманстрацый. З Канстытуцыі выкраслены артыкул, які замацоўваў манаполію на палітычную ўладу за Камуністычнай партыяй Чэхаславаччыны. Новым прэзідэнтам абраны Вацлаў Гавэл. У 1993 г. утворана незалежная Славацкая Рэспубліка.

1994 год

Беларусь

На першых прэзідэнцкіх выбарах у другім туры перамог Аляксандр Лукашэнка, які кіруе краінай да сёння. За гэтыя гады прэзідэнт ініцыяваў некалькі змен у Канстытуцыю, у выніку якіх беларуская мова пазбавілася статусу адзінай дзяржаўнай мовы, гістарычныя дзяржаўныя сімвалы Беларусі (герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг) былі заменены на новыя, звузілася роля парламента, а прэзідэнт атрымаў больш шырокія паўнамоцтвы, у тым ліку і магчымасць абірацца на пасаду неабмежаваную колькасць разоў.

Славаччына

Краінай кіраваў прэм’ер-міністр Уладзімір Мэчыяр, якога ў прэсе называлі «папулістам з аўтарытарнымі замашкамі» і часам параўноўвалі з Аляксандрам Лукашэнкам. Час праўлення Мэчыяра быў пазначаны нестабільнай сітуацыяй у краіне і тармажэннем стасункаў з НАТА і Еўрасаюзам.

1994 – 2012 гг.

Беларусь

Паступовы курс на інтэграцыю з Расіяй, найбольш важкім вынікам якога на сёння стала ўступленне ў 2011 г. Беларусі ў Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам.

Славаччына

У 1998 г. да ўлады прыходзіць новы прэм’ер-міністр Мікулаш Дзурында, які распачаў шэраг рэформ, скіраваных на ўступленне Славаччыны ў ЕС і НАТА. У 2003 г. за гэта на рэферэндуме прагаласавала большасць славакаў, і ўжо ў 2004 г. Славаччына стала сябрам Еўрасаюза і НАТА. За гэтыя гады славакі сем разоў мянялі кіраўніка дзяржавы.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up