Новости / Культура

Падвойнае свята ў Крошыне

12.11.2012, 1:00 / remove_red_eye 107 / chat_bubble

Імпрэза, прысвечаная  200-годдзю з дня нараджэння паэта Паўлюка Багрыма і ўгодкам вёскі Крошын, адбылася 4 лістапада.

Святкаванне 200-годзя Паўлюка Багрыма пачалося ў крашынскай школе. Вучні чыталі вершы беларускіх паэтаў, напісаныя ў гонар майстра, а запрошаныя госці з Мінска, літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч і паэт Міхась Скобла, апавядалі дзецям пра «свабодалюбства і вечнае імкненне да сацыяльнай справядлівасці» славутага земляка. «Няхай загадкавая асоба Паўлюка Багрыма дасць вам імпульс на новыя спасціжэнні, на новыя росшукі», – пажадаў вучням крашынскай школы Міхась Скобла.

Пасля школьнага канцэрта госці свята наведалі мясцовы касцёл, у якім захоўваецца жырандоля, зробленая Паўлюком Багрымам паўтара стагоддзі таму, а таксама наведалі магілу аўтара, усклалі кветкі і заспявалі беларускі гімн «Магутны Божа». На месцы, дзе знаходзілася кузня беларускага паэта, у гонар яго 200-годдзя былі пасаджаныя тры туі. Старшыня Барана-віцкай філіі ТБМ Віктар Сырыца прэзентаваў крашынцам капэрту, выдадзеную з нагоды 200-годдзя Паўлюка Багрыма, а паэт Алесь Белы прачытаў верш, прысвечаны паэту і майстру крашынскай зямлі.

У гэты ж дзень жыхары Крашына адзначалі 570-годдзе вескі. Апранутыя ў беларускія народныя строі музыкі суправаджалі наведвальнікаў вясковага фэсту па цэнтральнай вуліцы. Крашынцы частавалі гасцей самаробнымі прысмакамі:  тушанай з грыбамі бульбай, каўбасой, прыгатаванымі ў печы галубкамі і пірагамі. Закончылася святкаванне ў Крашынскім доме культуры, дзе адбыўся канцэрт з удзелам кіраўніцтва раённага выканкама.

РЕКЛАМА

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up