Новости / Общество

“Існасць Еўрасаюза – ва ўзаемадапамозе”

2.11.2012, 11:13 / remove_red_eye 0 / chat_bubble

Якія перспектывы для славацкай моладзі адкрыла ўступленне Славацкай Рэспублікі ў Еўрасаюз, чаму сёння маладыя славакі не прамяняюць Еўропу на саюз з Расіяй і які страх перад усходнімі суседзямі жыве ў іх па сённяшні дзень – Intex-press  расказала славацкая студэнтка Петра Кухчакова.

– Петра, пачатак вашага дарослага жыцця выпаў прыкладна на тыя гады, калі Славаччына ўжо далучылася да агульнаеўрапейскай сям’і. Што для вас азначае гэта інтэграцыя і ці мысліце вы сёння сваю краіну па-за Еўрасаюзам?

– Так, у 2004 годзе, калі Славаччына ўступіла ў ЕС, мне споўнілася 19, тады я яшчэ заканчвала школу… Сёння наша знаходжанне ў ЕС я ўспрымаю найперш як адкрытыя ў сувязі з гэтым шырокія магчымасці, асабліва для маіх аднагодак, вучыцца і працаваць за мяжою. Цяпер  малады чалавек з любога славацкага гарадка ці вёскі можа рэалізаваць сябе ў любой еўрапейскай краіне. Фактычна – едзь куды хочаш, шукай сябе і займай сваё месца. Таму, безумоўна, далучэнне Славаччыны да ЕС я ўспрымаю толькі пазітыўна і лічу, што зваротнай дарогі ўжо няма. І нават не ўяўляю, што сёння мая краіна можа знаходзіцца па-за ЕС.

– Да ўступлення Славаччыны ў ЕС адкрытых магчымасцей не было?

РЕКЛАМА

– Ад маіх бацькоў, ад іншых старэйшых людзей мне вядома, што раней такіх магчымасцей  не было альбо яны былі абмежаваныя. Цяпер дзяржаўныя межы зніклі, і многія людзі выкарыстоўваюць гэта. Магу прывесці канкрэтны прыклад: аднаго майго калегу, з якім мы 5 гадоў разам вучыліся на інжынераў, пасля заканчэння славацкага ўніверсітэта прынялі па конкурсе працаваць на Захадзе. Цяпер ён працуе менеджарам у Вене. Іншая разумная моладзь таксама, я ведаю, без праблем знаходзіць працу па сваёй спецыяльнасці ў любой заходняй краіне. А значыцца, мае магчымасць і больш зарабляць… І калі маладыя людзі атрымліваюць адукацыю за мяжой, а пасля вяртаюцца жыць і працаваць на радзіму, гэта таксама каштоўны набытак для нашай краіны, гэта вялікі ўнёсак у яе патэнцыял.

– Па вашых назіраннях, якіх людзей сёння ў Славаччыне больш – задаволеных ці незадаволеных інтэграцыяй з Еўропай?

– Адназначна болей тых, хто вітае наша сяброўства ў ЕС. Гэта напярэдадні выступлення паказалі і вынікі рэферэндуму. Але, вядома, не ўсе заўважаюць тыя шырокія магчымасці, якія дала нам Еўропа. Людзі кансерватыўныя, не так адкрытыя да новых ведаў, магчыма, і не ўспрымаюць гэта далучэнне як нешта пазітыўнае. Як і ўсё новае, яно для іх – нешта складанае, незразумелае. Яны не ведаюць, навошта ім гэта трэба. Гэта адсталае меркаванне, але і яно мае месца… Паколькі я працую ў банку, я бачу, колькі насамрэч плюсаў дае ЕС. За еўрапейскія грошы ў Славаччыне былі адрэстаўраваныя гістарычныя будынкі, адрамантаваныя дарогі, пабудаваныя дзіцячыя пляцоўкі… Гэта такая лакальная дапамога, пра якую я магу непасрэдна казаць, не кажучы ўжо пра нейкія глабальныя праекты.

Нядаўна адрэстаўраваны замак у Браціславе  --  фота Алеся Гізуна

Нядаўна адрэстаўраваны замак у Браціславе — фота Алеся Гізуна

Так, славацкая эканоміка не такая моцная ў параўнанні з іншымі заходнееўрапейскімі краінамі, але сёння мы нароўні з астатнімі прымаем удзел у вырашэнні ўсіх пытанняў ЕС, у тым ліку і ў фінансавай падтрымцы іншых дзяржаваў, як у  нядаўнім выпадку з Грэцыяй. Але менавіта ў гэтай узаемадапамозе і ёсць існасць ЕС. Калі Еўропа дыктуе агульныя законы ў нейкай галіне, многія ўспрымаюць іх спачатку негатыўна. Але жыццё паказвае, што ў выніку яны вядуць да аздараўлення. Нам трэба яшчэ дайсці да гэтага разумення.

Спартыўныя трэнажоры ў гарадскім парку ў сталіцы Славаччыны - Браціславе  --  фота Алеся ГізунаБраціславе

Спартыўныя трэнажоры ў гарадскім парку ў сталіцы Славаччыны — Браціславе — фота Алеся ГізунаБраціславе

– У ХХ ст. Чэхаславаччына каля 50 гадоў знаходзілася ў зоне ўплыву СССР. Ці не хацелі б вы, каб і сёння Славаччына лепш развівала стасункі з Расіяй і іншымі ўсходнімі краінамі?

– Я не ўяўляю, каб сёння якая-небудзь краіна магла наладжваць сувязі толькі ў нейкім адным кірунку. Трэба аднолькава сябраваць як з Усходам, так і з Захадам. Што да эканамічных стасункаў, мне цяжка ўявіць, як мы можам развівацца толькі ў заходнім кірунку, калі ўсю галоўную сыравіну, газ і нафту, мы атрымліваем з Усходу. Але што да культуры, палітыкі, то я не згодная памяняць нашу заходнюю арыентацыю на ўсходнюю. На Захадзе – вышэйшы ўзровень жыцця, што кажа само за сябе. З Усходу, на жаль, да нас прыходзяць сумныя навіны. Я ведаю, што людзям там жывецца нашмат цяжэй, бо эканамічны ўзровень жыцця там горшы. Я ведаю таксама, што ў вас вельмі прыгожая прырода, якую мне хацелася б паглядзець, але я не магу пераадолець псіхалагічны бар’ер, набрацца рашучасці і паехаць да вас. Я не ўяўляю, які можа быць турызм там, дзе людзям жывецца не надта добра.

Вуліцы славацкай сталіцы Браціславы ўсё больш прыцягальныя для замежных турыстаў  --  фота Алеся Гізуна

Вуліцы славацкай сталіцы Браціславы ўсё больш прыцягальныя для замежных турыстаў — фота Алеся Гізуна

У мяне ёсць добры прыклад з жыцця. Калісьці я была на Украіне і ў Англіі, дзе зведала зусім рознае стаўленне да сябе. На ўсходняй мяжы ўкраінскі мытнік без дай прычыны выпрошваў у мяне 5 еўра – проста так, проста таму, што яго службовае становішча дазваляла яму гэта і ён адчуваў сваю моц. За тры месяцы майго знаходжання ў Лондане я ні разу не сутыкнулася ні з чым падобным. У Англіі да мяне ўсюды ставіліся як да роўнай… Яшчэ з гісторыі мне вядома, што ў гады СССР у вас бясследна знікалі людзі, іншыя траплялі ў ГУЛАГ. Чамусьці ўва мне жыве страх, нібыта і сёння, калі я трапіла б у вас у якую-небудзь непрыемную сітуацыю, магла б ужо ніколі не выйсці на волю…

– З адчыненымі дзяржаўнымі межамі ў сучаснай Еўропе назіраецца і сціранне нацыянальных прыкмет паміж рознымі еўрапейскімі краінамі і народамі. Наколькі, па-вашаму, гэта добрая тэндэнцыя?

РЕКЛАМА

– Думаю, гэта хутчэй пазітыўная характарыстыка. Калі я была ў Лондане, разам са мною былі маладыя людзі з Польшчы і з Іспаніі… Мы разам камунікавалі, абменьваліся карысным досведам і сапраўды адчулі на сабе, што межаў насамрэч няма. Гэта адчуванне, што ты ўзвышаешся на нейкі іншы ўзровень, ты можаш камунікаваць з усім светам, можаш паказваць сябе свету, а не быць замкнёным ў межах уласнай краіны. І па маіх назіраннях, у свеце таксама лепш ставяцца да чалавека мультыкультурнага, да чалавека, які адкрыты свету, чым да таго, хто замкнёны ў сабе, абмежаваны сваімі нацыянальнымі інтарэсамі і ў якога невядома што ў думках. У кожным разе адкрытая сістэма нашмат лепшая за замкнёную. Разумны чалавек будзе засвойваць ад іншых толькі самае лепшае, пры гэтым заўсёды можна заставацца самім сабою.

– Кім вы сябе   больш адчуваеце – грамадзянкай Славаччыны ці аб’яднанай Еўропы?

– Мушу прызнаць, што на сёння я адчуваю сябе ўжо грамадзянкай Еўропы. Згадаю адзін паказальны прыклад з майго жыцця. Улетку, калі мы з мужам адпачывалі на Крыце, мы жылі ў грэцкай сям’і, з якой у вольны час абмяркоўвалі ўжо не праблемы Грэцыі ці Славаччыны, а разважалі пра агульнаеўрапейскія інтарэсы.

Даведка Intex-press:

Петранэла (Петра) Кухчакова нарадзілася ў 1985 г. у Славаччыне. У 2010 г. скончыла факультэт вытворчых тэхналогій Кошыцкага тэхнічнага ўніверсітэта (філіял у г. Прэшаў). Цяпер працуе ў банку спецыялістам па апрацоўцы банкаўскіх спраў, а таксама завочна атрымлівае педагагічную адукацыю ў тым жа ўніверсітэце.

Ці змяніліся  б вашы планы на жыццё, калі б Беларусь уступіла ў Еўрапейскі саюз?

Ірына Барадзіна, 5 курс педагагічнага факультэта БарДУ:


Ірына Барадзіна

Ірына Барадзіна

– Ой! Нават не ведаю. У Беларусі і так не кепска. Хіба што вандраваць можна было б больш. А ў астатнім мне і цяпер усё ў нас падабаецца.

Аляксей Арчакоў, 1 курс факультэта славянскіх і германскіх моў БарДУ:


Аляксей Арчакоў

Аляксей Арчакоў

– Навучанне мяне і тут задавальняе. Хаця працаваць па спецыяльнасці я  лепш хацеў бы ў Еўропе. Прафесія выкладчыка на Захадзе і больш прыбытковая, і больш прэстыжная, чым у Беларусі.

Міхаіл Козел, 4 курс факультэта славянскіх і германскіх моў БарДУ:


Міхаіл Козел

Міхаіл Козел

– Адназначна! Адкрыліся б новыя магчымасці адукацыі, дзякуючы далучэнню Беларусі да Балонскага працэсу. У Еўропе пачалі б прымацца беларускія дыпломы, а таму з’явіліся б і новыя магчымасці працы на Захадзе…

Сяргей Карпінчык, 3 курс завочнага аддзялення інжынернага факультэта БарДУ:


Сяргей Карпінчык

Сяргей Карпінчык

– У кожным разе нейкі пазітыўны зрух быў бы. Я цяпер працую ў Расіі, але калі б адчынілася мяжа з Еўропай, думаю, што, хутчэй за ўсё, я шукаў бы сабе працу там.

Вольга Дылеўская, факультэт славянскіх і германскіх моў БарДУ:


Вольга Дылеўская

Вольга Дылеўская

РЕКЛАМА

– Так, вядома, перспектыў адкрылася б больш. Я хацела б і вучыцца, і працаваць у Еўропе. Ды і культурны ўзровень там вышэйшы. На жаль, цяпер нам цяжка паехаць на Захад: візы і дарагія, і цяжкадаступныя.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up