Чым яшчэ здольная старая Еўропа здзівіць падарожніка, які крыху ўжо пабачыў свет? Па адказ на гэта пытанне я выправіўся ў Альпы, наймагутнейшую горную сістэму Заходняй Еўропы, убачыць якую было маёй марай на працягу некалькіх апошніх гадоў.
Праз павуцінне польскіх дарог
На шляху да Альпаў Польшчу мне хацелася прамінуць як найхутчэй. І, як выявілася, не дарма. Агульнае ўяўленне, якое склалася ў мяне пра ўсходнюю і цэнтральную часткі суседняй краіны, – гэта малапрывабныя сельскагаспадарчыя пейзажы і суцэльнае дарогабудаўніцтва. Нібыта над сучаснаю Польшчаю павіснуў агромністы павук індустрыялізацыі.
Чым далей ад Варшавы і чым бліжэй да польска-чэшскай мяжы, краявіды змяняюцца на вачах: зямля пачынае «плясаць», вакол з’яўляецца ўсё больш узгоркаў і зеляніны.
На мяжы Польшчы і Чэхіі ляжаць маляўнічыя, парослыя лясамі горы Судэты, якія нагадваюць украінскія Карпаты. Апошнія гады тут актыўна развіваецца горна-лыжны адпачынак, таму сёння польска-чэшскае памежжа як з аднаго, так і з другога боку густа ўсыпана невялікімі сімпатычнымі вёсачкамі і мястэчкамі, што ўжо займелі статус папулярных горна-лыжных курортаў.
У горадзе гномаў
Па дарозе ў Чэхію нельга было абмінуць культурную сталіцу Заходняй Польшчы – Вроцлаў, былы нямецкі Брэслаў. Дарэчы, у нямецкамоўных краінах і нават у Чэхіі гэты горад і сёння па-ранейшаму называюць Breslau, а на нашых землях яго здавён называлі Брэслаўлем, што сугучна з беларускім паўночным горадам Браславам.
Але, нягледзячы на гістарычную зменлівасць імя, адзін факт застаецца ўсё ж нязменным: сённяшні Вроцлаў – бадай найпрыгажэйшы горад па дарозе з Варшавы да Прагі. Горад, па-еўрапейску звыкла насычаны старадаўнімі архітэктурнымі помнікамі, шмат пісаць пра якія не мае асаблівага сэнсу: лепш паехаць ды спраўдзіць усё на ўласныя вочы.
Тут не баяцца, напрыклад, пакінуць у самым цэнтры горада стары вадзяны млын «Марыя», гісторыя якога сягае яшчэ ці не ў XIII ст. Народ, які захоўвае старыя імёны і падобную повязь з часам, будзе мець і адчуванне ўласнай вагі ў гэтым часе, адчуванне сваёй значнасці і трываласці ў ім. Для параўнання: за апошнія сто гадоў цэнтральная вуліца Баранавіч паспела памяняць назву шэсць разоў, да сёння застаючыся пад сваім самым новым, «савецкім» імем.
І як і належыць культурнаму гораду, тут не толькі шануюць старое, але і знаходзяць месца новаму. Гадоў дзесяць таму ў Вроцлаве запачаткавалі сімпатычную традыцыю: усталёўваць ў розных месцах горада бронзавых гномаў. Насамрэч, гэты сімвал узыходзіць да так званай Аранжавай альтэрнатывы, што дзейнічала ў Польшчы ў 80-я гады мінулага стагоддзя і выступала супраць пафасу і абмежаванасці камуністычнай ідэалогіі. Магчыма, сёння гэты палітычны падтэкст мала цікавы як месцічам, так і турыстам, але раскіданыя па ўсім горадзе пацешныя гномы, бясспрэчна, сталі прывабнаю візітоўкаю сучаснага Вроцлава.
Сімвал сучаснага Вроцлава — бронзавыя гномы, што разбрыліся па розных кутках горада. Адзін з іх сустракае проста каля вакзала — фота Алеся Гізуна
Людзі-сустрэчы, сустрэчы-людзі…
Вандруючы па старой Еўропе, аднолькава цікава ладзіць гарадскі шпацыр як познім вечарам, незаўважна паглыбляючыся ў навакольны тлум, так і раннім ранкам, калі наваколле спіць, і можна хаця б крыху пабыць з горадам сам-насам…
У сонечны вераснёвы палудзён у невялікім польскім мястэчку Еленя Гура, каб паглядзець на горад і навакольныя горы з вышыні птушынага палёту, разам са мною на старую вежу цяжка ўздымаецца сівы чалавек. Яму ўжо больш за 60, і большую палову свайго жыцця ён пражыў у Еленяй Гуры, але да гэтага дня раней ніколі не ўздымаўся на вежу. «Прыгожа тут», – нешматслоўна выказаўся мой выпадковы спадарожнік. Магчыма, гэта нялёгкае ўзыходжанне дзеля таго, каб упершыню ўбачыць звысоку горад і дарогі, якімі ты хадзіў амаль усё жыццё, будзе галоўнай падзеяй дня (а можа, месяца ці нават усіх апошніх гадоў?) гэтага старога чалавека…
Зрэшты, нечаканыя сустрэчы ў дарозе могуць быць і малапрыемнымі. Падчас майго шпацыру па шматлюдным вечаровым Вроцлаве мне ў знаёмцы нечакана пачаў навязвацца юнак, ад якога надта ж патыхала парфумай і нядаўна спажытым алкаголем. Нельга сказаць, што малады чалавек быў настроены агрэсіўна, хутчэй наадварот… Калі я ўжо пачаў крыху непакоіцца праз тое, што ў мяне ніяк не атрымліваецца развітацца з незнаёмцам, той раптам абняў мяне і спытаў наўпрост: «Ты, напэўна, мяне любіш?» Не маючы ўпэўненасці, што любы мой адназначны адказ на гэта пытанне будзе ўспрыняты маладым чалавекам адэкватна, я паспяшаўся, як кажуць, сысці па-англійску, не развітаўшыся.
Прага: горад для ўсіх і для нікога
Наперадзе мяне чакала Прага, у якой я марыў пабываць ужо даўно. Па шчырасці, Прага — «самы каштоўны камень у каменнай кароне свету», як калісьці назваў гэты горад Гётэ, — спадабалася і не спадабалася адначасова.
З аднаго боку, напраўду шыкоўная і багаценная Прага не можа не ўразіць таго, хто ўпершыню яе ўбачыў. З другога боку, не пакідае ўражанне, што сёння, у эру адкрытых дзяржаўных межаў, Прага марна прагне задаволіць сабою мільёны сваіх выпадковых і невыпадковых гасцей. Магчыма, у нашы дні гэта лёс кожнага вялікага турыстычнага горада, і тым не менш… Калі насупраць легендарнага Пражскага гадзінніка на гарадской ратушы нават а 8.00 раніцы ўжо збіраецца крыклівы натоўп кітайскіх альбо карэйскіх турыстаў з фотаапаратамі і смартфонамі, наўрад ці вы дасце рады адчуць дух і час гэтага месца. Больш-менш разгледзець легендарны Карлаў мост праз Влтаву ў мяне, напрыклад, за трое сутак майго знаходжання ў Празе атрымалася толькі аднойчы на світанні, бо ў іншы час гэты мост, як і іншыя куткі старой Прагі, нічым не адрозніваецца ад любога баранавіцкага кірмаша. Не дарма, відаць, кажуць, што самі пражцы, напрыклад, на Каляды з’язджаюць ў чэшскі горад Брно, які называюць маленькай Прагай.
Яшчэ больш марнымі падаюцца намаганні адчуць Прагу як горад класіка сусветнай літаратуры Франца Кафкі. Касмапалітычная, гатовая задаволіць любыя густы, сучасная чэшская сталіца здолела «прыгатаваць» для ўсіх і Кафку.
Сёння ў любой сувенірнай краме Прагі можна набыць кубак ці майку з выяваю пісьменніка. Магчыма, пацягваючы пасля віно альбо каву (Кафка не ўжываў ні аднаго, ні другога) з такога кубка, найлепш атрымаецца адчуць абсалютную абсурднасць нашай рэчаіснасці, што было галоўнай тэмаю чалавека і пісьменніка Франца Кафкі, які ўсё сваё жыццё ўцякаў ад людзей і свету, а пасля смерці пераўтварыўся ў адзін з самых пазнавальных брэндаў чэшскай сталіцы.
На велічна-вечным Дунаі
Аўстрыя сустрэла мяне сваім трэцім па велічыні горадам Лінцам, наведванне якога не ўваходзіла ў мае планы, але паколькі строгага маршруту ў мяне не было, а выпадкова сустрэты ў Чэхіі славацкі аўтобус прывёз мяне менавіта сюды, я вырашыў паддацца яго вялікасці выпадку і прысвяціць адзін дзень майго падарожжа гэтаму месцу.
У гісторыю Лінц перадусім увайшоў дзякуючы таму, што тут знаходзіцца найстарэйшы дзейсны храм у Аўстрыі (царква Святога Мартына, вядомая яшчэ ад 799 г.) і менавіта адсюль паходзіць найстарэйшы ў свеце рэцэпт торта. Як сведчаць гісторыкі, рэцэпт знакамітага Лінцкага торта («Lincer Torte») вядомы яшчэ з тысяча шэсцьсот-нейкага года.
Аднак аўтару гэтых радкоў так і карціць назваць галоўнай каштоўнасцю Лінца не яго эксклюзіўны торт і нават не старажытную царкву, а велічны і вечны Дунай – найвялікшую раку Заходняй Еўропы, якая цячэ праз 10 еўрапейскіх краін, у тым ліку і праз гэты аўстрыйскі горад.
Калі праз ваш горад працякае рака, якая згадваецца ці не ва ўсім славянскім фальклоры і пра якую пісаў яшчэ Герадот, можна, адкінуўшы ўвесь пафас, упэўнена сцвярджаць: вы маеце шанс штодня назіраць, што такое вечнасць.
Горад Моцарта і солі
Пасля Лінца мяне чакаў Зальцбург, у які я абавязкова хацеў патрапіць падчас майго альпійскага падарожжа.
Горад, які з Поўдня срэбнаю каронаю атачаюць Альпы. У адрозненне ад іншых старых еўрапейскіх гарадоў Зальцбург сустракае не звыклаю пярэстасцю дамоў, а амаль выключна белымі будынкамі, што блытанымі вулкамі разыходзяцца ля падножжа гары з галоўнай гарадской дастапомнасцю – замкам Хоэнзальцбург. Сам Хоэнзальцбург таксама выглядае нібыта пабудаваным з белых крышталёў солі, якую тут калісьці актыўна здабывалі. Дарэчы, гэта і было закладзена ў назву Зальцбурга, назва якога перакладаецца літаральна з нямецкай як «замак солі». І калі глядзець на Зальцбург з птушынай вышыні замкавай гары, ён таксама ўяўляе не звыклае для еўрапейскіх гарадоў чырвонае чарапічнае палатно, а шэра-попельны манахром дахаў на фоне срабрыстага ланцуга празрыста-сініх Альпаў.
З колеравага адзінагалосся зальцбургскіх будынкаў, напэўна, найбольш выбіваецца ці не самы вядомы сярод турыстаў архітэктурны хіт гэтага месца – дом, дзе нарадзіўся Моцарт. Гэты пафарбаваны ў лімонна-жоўты колер дом, у якім цяпер знаходзіцца музей сусветна вядомага кампазітара, нават заблукалы ў светлых, але блытаных лабірынтах Зальцбурга турыст знойдзе без усялякіх цяжкасцяў. Як Кафка пераўтварыўся ў брэнд сённяшняй Прагі, так Моцарт – у брэнд Зальцбурга. І сёння кожны турыст можа прыхапіць адсюль з сабой на радзіму жменю сувенірных магнітаў або набор цукерак ці спецыяў з выяваю Моцарта.
У сэрцы Альпаў
Горад Інсбрук ляжыць не на парозе, а ўжо ў самым сэрцы аўстрыйскіх Альпаў. Турыстаў тут таксама багата, хаця і не настолькі, як у Зальцбургу.
Здаецца, у Інсбрук прыязджаюць (а часцей прылятаюць у мясцовы міжнародны аэрапорт) найперш дзеля таго, каб рукамі і вачыма дакрануцца да прыўкрасных і магутных Альпаў. І ўжо пасля – каб пазнаёміцца з даволі адметнай старой часткай горада, які аўтару гэтых радкоў чымсьці нагадаў скандынаўскія гарады. Магчыма, адпаведнай атмасферы дадало імжыстае і туманнае надвор’е, якім сустрэў мяне гэты горад.
Турыстычныя пуцяводы найперш вядуць тут да старажытнага моста Інбрук праз раку Ін, які быў заснаваны яшчэ ў 1180 годзе і пасля даў назву будучаму гораду, а таксама да легендарнага балкона з залатым дахам, зробленага калісьці па загадзе аднаго з імператараў.
Прыемным бонусам для ўсіх гасцей Інсбрука ды і іншых горных рэгіёнаў Аўстрыі з’яўляецца чысцюткая пітная вада, якая льецца тут літаральна адусюль: з мноства горных крыніц, з раскіданых па ўсім горадзе каменных пітных фантанчыкаў і проста з гарадскіх кранаў. Не сакрэт жа, што пітная вада ў Аўстрыі падаецца наўпрост з Альпаў. Сёння гэтыя горы здольныя шчодра напаіць усіх сваіх стомленых падарожнікаў.
Квінтэсэнцыяй хараства прыроды і архітэктуры альпійскай Аўстрыі можна назваць замак-музей Амбрас, што на ўскрайку Інсбрука.
Размешчаны ў гарах, сярод Альпійскага лесу, сёння гэты замак змяшчае ў сабе адзін з найбагацейшых музеяў Заходняй Аўстрыі, дзе падчас майго наведвання знаходзілася і ладная частка экспазіцыі Венскага і Дрэздэнскага музеяў.
Аўстрыя – краіна не для беларусаў
Гуляючы вулкамі такіх невялікіх альпійскіх мястэчкаў, як Вэрфэн або Цэль-ам-Зэе, лёгка ўяўляеш, у якую казку яны пераўтворацца ўзімку, у ясныя, марозныя дні…
Але наколькі зачароўвае Аўстрыя сваімі краявідамі і архітэктурнымі помнікамі, настолькі расчароўвае… коштамі. Бавячы дні ў Альпах, трэба быць гатовым за порцыю эспрэса з кавалачкам тварожнага штрудэля аддаць 7 еўра, а за келіх піва – ад 3 да 5 еўра. Але самых вялікіх выдаткаў запатрабуе аўстрыйская чыгунка, якая забяспечвае міжгародную і міжнародную сувязь (аўтобусы, як правіла, выкарыстоўваюцца толькі ўнутры гарадоў). Напрыклад, за квіток на адлегласць, роўную адлегласці ад Баранавіч да Мінска, давядзецца аддаць каля 25 еўра. Сярэднестатыстычнаму жыхару Баранавіч трэба працаваць на гэту суму амаль два дні.
На жаль, зэканоміць на дарозе і на пражыванні ў альпійскай Аўстрыі выявілася складана. Па-першае, усе дарогі там «закрытыя», а таму знайсці вольнае месца для аўтаспыну часцяком амаль немагчыма. Па-другое, напэўна, дэфіцыт тэрыторыі ў горных рэгіёнах змусіў аўстрыякаў настолькі ашчадна ставіцца да зямлі, што знайсці сёння вольны лапік, каб паставіць намёт, – таксама неверагодна складаная задача. Паўсюль, дзе няма гор, натыкаешся на шыльдачкі з надпісам: «Прыватная тэрыторыя».
Такім чынам, першая і адзіная мая спроба павандраваць па Аўстрыі аўтаспынам, хаця і дазволіла зэканоміць дваццаць (з мышыным хвастом) еўра, скончылася вымушанай начоўкай пад зоркамі на кукурузным полі каля Зальцбурга. Цяжка назваць тую ноч рамантычнай і тым больш камфортнай, але пры аддаленасці дзён трэба прызнаць, што яна ўсё ж дадала вострага каларыту майму альпійскаму падарожжу.