Новости / Общество

“Бабіна лета” прыйдзе на чатыры дні

17.09.2012, 1:00 / remove_red_eye 85 / chat_bubble

Да канца верасня беларускія сіноптыкі прагназуюць пераважна яснае і сухое надвор’е.

Пра гэта «IP» паведаміла начальнік аддзела метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук. Па словах метэаролага, да канца гэтага тыдня надвор’е ў Беларусі хоць і неістотна, але будзе змяняцца. У сераду, 12 верасня, у Баранавічах будзе крыху ветрана, але без ападкаў. Тэмпература паветра ўдзень чакаецца ад +25 да +27 градусаў. У чацвер, 13 верасня, месцамі могуць прайсці кароткачасовыя дажджы і нават навальніцы, а дзённая тэмпература панізіцца да +20/+25 градусаў.

Перад выхаднымі, у пятніцу, пад уплывам атмасфернага фронту на небе з’явіцца больш аблокаў. Будзе больш дажджоў і схаладае да +6/+10 градусаў уночы і да +17/+22 градусаў удзень. Субота, 15 верасня, чакаецца яшчэ халаднейшаю. Але ад нядзелі, 16 верасня, надвор’е зноў пачне паляпшацца.

Па прагнозах сіноптыкаў, ад пачатку наступнага тыдня ў Беларусі ўсталюецца цёплае і сухое надвор’е. І хаця ночы будуць ужо халаднаватыя, але ўдзень яшчэ будзе прыграваць да +22/+25 градусаў. «Гэтыя па-летняму цёплыя дзянькі напярэдадні астранамічнай восені, калі свеціць сонца, ветру няма, а ў небе лётаюць павуцінкі, і ёсць гэтак званае «бабіна лета», – пракаментавала Людміла Парашчук.

РЕКЛАМА

Па словах метэаролага, «бабіна лета» сёлета працягнецца толькі каля чатырох дзён. У пачатку трэцяй дэкады верасня надвор’е крыху сапсуецца, праўда, таксама ненадоўга. Агулам верасень-2012 чакаецца цяплейшым, чым у папярэднія гады.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up