Новости / Спецпроекты

Сляды спадчыны. Райца

27.08.2012, 14:53 / remove_red_eye 354 / chat_bubble

Былое мястэчка Райца – сёння бадай самы цікавы і ўнікальны пасля Мірскага замка гістарычны аб’ект на суседняй Карэліччыне. Не ў кожнай беларускай вёсцы можна ўбачыць сапраўдную італьянскую архітэктуру і памацаць сапраўдны парыжскі каштан…

Учора

Першая дакументальная згадка пра сядзібу ў Райцы датуецца 1530 годам. Тады тут жылі і гаспадарылі Раецкія. На мяжы XVIII і XIX стст. адна з маладых Раецкіх пабралася шлюбам з Юзафам Верашчакам (брат Марылі Верашчакі – каханая і Муза паэта Адама Міцкевіча). Пазней сядзібу Раецкіх-Верашчакаў купіў унук усё той жа Марылі Верашчакі – граф Францішак Путкамер. У 1910 г. ён аддаў сядзібавы дом у пасаг сваёй дачцэ Яніне, калі тая бралася шлюбам з прафесарам Кракаўскага ўніверсітэта Адамам Жултоўскім. Галоўны дом Жултоўскіх быў у Кракаве. А таму, калі ў пачатку ХХ ст. у Беларусі склалася няпростая  палітычная сітуацыя, яны падаравалі свой дом разам з бібліятэкай і калекцыямі жывапісу і антыкварыяту манашкам-палатынкам, а самі канчаткова эмігравалі ў Польшчу.

Сядзібавы дом Раецкіх у Райцы

РЕКЛАМА

Сядзібавы дом Раецкіх у Райцы

Па фотаздымках 30-х гг. добра відаць, як на той час выглядала колішняя сядзіба Раецкіх-Верашчакаў, за якой працягвалі глядзець манашкі. Сядзібавы дом у стылі класіцызму меў прыгожы, густа заплецены вінаградам ганак на два бакавыя ўваходы. Перад ганкам была багатая клумба з кветкамі і нават з экзатычнымі агавамі. Перад домам раслі некалькі пірамідальных туяў. Манашкі мелі тут і свой аптэчны агарод, з якога лекаваліся самі і лекавалі мясцовы люд. Місіянерскую дзейнасць «манашак-дакторак»  сяляне і сёння згадваюць толькі добрымі словамі. Дарэчы, манашкі мелі нават свой кабрыялет, які для многіх жыхароў Райцы быў першым ўбачаным у жыцці аўтамабілем. «Хоць колькі той машыны было! Гэта ж без верху толькі паўмашыны», – узгадваюць сёння бабулькі.

Ганачак сядзібы Раецкіх

Ганачак сядзібы Раецкіх

Аўтэнтычны кафляны камінок у сядзібавым доме Раецкіх

Аўтэнтычны кафляны камінок у сядзібавым доме Раецкіх

У Райцы манашкі жылі сваім цнатлівым жыццём з 1932 па 1943 гг., пакуль, па словах мясцовых жыхароў, у іх не пачаліся «праблемы» з партызанамі і бальшавікамі. Уцякаючы ад гвалту і распусты, «нявесты Хрыста» былі вымушаны з’ехаць у Заходнюю Еўропу.

Сёння

Савецкая гісторыя Райцы – гісторыя паступовага духоўнага і фізічнага заняпаду мястэчка, якое неўзабаве здрабнела да маштабаў вёскі. Пасля вайны ў колішнім шляхецкім доме размясціўся шпіталь, пазней – бальніца і паліклініка і яшчэ пазней – вясковая амбулаторыя. Напрыканцы 90-х выселілі і яе. Прастаяўшы некалькі гадоў пустым, былы сядзібавы дом рызыкаваў папоўніць спіс страчаных аб’ектаў архітэктурнай спадчыны. Але тры гады таму нечакана адбылося яго другое нараджэнне. За сімвалічныя грошы дом атрымалася выкупіць у дзяржавы сталічнай сям’і мастакоў, якія забавязаліся стварыць тут прыватны дом-музей саломкі і сучаснага мастацтва.

Сёння Вера і Аляксандр Салдатавы ахвотна распавядаюць гасцям не толькі пра багатую гісторыю Райцы, але і паказваюць і цудам ацалелую «аўтэнтыку» сядзібы Раецкіх: маляўнічы кафляны камінок, адзіны пакой з выдатна захаваным узорным дубова-лістоўнічным паркетам і нават уласныя археалагічныя знаходкі… На жаль, з унутранай аздобы дома да нашых дзён захавалася няшмат: калі яшчэ ў савецкі час хтосьці пусціў чутку пра знойдзены тут скарб, вандалы ператрэслі ўвесь дом.

На жаль, і з паркавай біяэкзотыкі ў Райцы сёння захавалася далёка не ўсё. Але адзіны ў Беларусі васьмітычачкавы каштан, які пані Раецкая калісьці прывезла з выставы ў Парыжы, захаваўся. Калі верыць шыльдзе, дрэва нават ахоўваецца дзяржавай.

Той самы каштан...

Той самы каштан…

РЕКЛАМА

У адным з аддаленых куткоў парку з часоў Раецкіх захаваўся гербавы слуп з выяваю шляхецкага герба «Лебедзь». Мяркуючы па выявах кароны і рыцарскай зброі на гербе, які вядомы яшчэ з XII ст., а ў XIV ст. быў прысвоены і роду Раецкіх, сярод іх продкаў былі і рыцары, і нават каранаваныя асобы. Па злой іроніі лёсу, сёння, каб адшукаць гербавы слуп Раецкіх, трэба пытацца дарогі… да прыбіральні пры мясцовай амбулаторыі.

Гербавы слуп роду Раецкіх у Райцы

Гербавы слуп роду Раецкіх у Райцы

Але галоўнае, чаго нельга і немагчыма прамінуць, трапіўшы ў Райцу, – гэта ўнікальная царква Святой Варвары, былая каталіцкая капліца Раецкіх.

Храм Святой Барбары ў Райцы, былая капліца роду Раецкіх

Храм Святой Барбары ў Райцы, былая капліца роду Раецкіх

Сумнеўная праваслаўная рэстаўрацыя 2000-га году

Сумнеўная праваслаўная рэстаўрацыя 2000-га году

Храм Святой Барбары. Акно

Храм Святой Барбары. Акно

Па архітэктурны праект для гэтай капліцы Раецкія выпраўлялі мясцовага таленавітага архітэктара Яна Зайку ажно ў Італію. Сёння велічны будынак з агромністых валуноў больш нагадвае сярэднявечны замак, чым храм. Калісьці камуністы, прывязаўшы тросы, спрабавалі трактарамі раскідаць царкву, але далі рады толькі зрынуць статую Панны Марыі з фасаду ды пабурыць дэкаратыўныя вежы і кантрафорсы, якія ўмацоўвалі будынак і рабілі падобным яго да непрыступнага замка-карабля. Вытрываўшы і ваеннае, і савецкае ліхалецце, гэты маляўнічы і экзатычны будынак на самай стромай гары ў цэнтры Райцы і сёння велічна і маўкліва назірае за наваколлем і хуткаплыннай зменаю людскіх пакаленняў.

Вадаспад на рацэ Зямчатцы ў Райцы -- нетыповы для Беларусі пейзаж

Вадаспад на рацэ Зямчатцы ў Райцы — нетыповы для Беларусі пейзаж


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up