Новости / Политика

Дзень нараджэння за кратамі

27.08.2012, 1:00 / remove_red_eye 116 / chat_bubble

Баранавіцкія праваабаронцы і грамадскія актывісты павіншавалі з 56-годдзем экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколу Статкевіча, які ўжо другі год запар сустракае дзень нараджэння за кратамі.

«Мы даслалі Міколу віншавальную тэлеграму, у якой пажадалі моцнага здароўя, мужнасці і хутчэйшага вызвалення», – паведаміў «IP» старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Віктар Сырыца.

У Дзень народзінаў Міколы Статкевіча, 12 жніўня, баранавіцкія актывісты наведалі яго бацьку – Віктара Паўлавіча, які жыве ў Баранавічах. «Я імкнуся штотыдзень наведваць Віктара Паўлавіча, якому сёння ідзе ўжо 86 год і які жыве адзін, – распавёў Віктар Сырыца. – Трэба як мага часцей падтрымліваць старога чалавека ў такі нялёгкі для яго час і хочацца паслухаць, што піша ў сваіх лістах да бацькі Мікола».
Па словах Віктара Сырыцы,  трымацца Віктару Паўлавічу з часам усё цяжэй – праз нервы ў яго пагоршаў сон і пачынаюць трэсціся рукі. 

Як паведаміла на мінулым тыдні агенцтва БелаПАН, нядаўна Мікола Статкевіч сустракаўся з адвакатам, а таксама нарэшце атрымаў бандэрольку ад жонкі, што дагэтуль было праблематычным. Жонка Статкевіча Марына Адамовіч распавяла, што яе сужэнца зноў пачалі выводзіць на працу. «Ён гэтаму рады – гэта яшчэ адна магчымасць, як ён пісаў, выйсці з маленькай камеры ў вялікую», – паведаміла БелаПАН Марына Адамовіч. 

РЕКЛАМА

У лісце Статкевіча да жонкі адчуваецца, што настрой у яго даволі добры. «На турэмныя ўмовы ён не скардзіцца, напэўна, асаблівых праблем у яго не з’явілася, пакуль сітуацыя спакойная», – цытуе словы Марыны Адамовіч БелаПАН. Жонка Статкевіча мяркуе, што гэта, магчыма, звязана са зменаю кіраўніцтва калоніі, на тэрыторыі якой знаходзіцца СІЗА.
Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікола Статкевіч адбывае турэмнае зняволенне ў Магілёўскай турме № 4 узмоцненага рэжыму за падзеі ў Мінску 19 снежня 2010 года.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up