Автор: Алесь Гізун

0:00, 13 августа 2012

Общество

remove_red_eye 128

«Мае людзі – проста золата, яны значна даражэйшыя за гэта зерне”

Без хлеба няма абеда. А хлеба не было б, каб не было земляробаў, чыя прафесія, сапраўды, без пафасу і іроніі, – не толькі адна з самых старажытных, але і з самых ганаровых на гэтай планеце.

На мінулым тыдні карэспандэнт «IP» сустрэўся з камбайнёрамі ЗАТ «Шчара-Агра», якія сёлета першыя ў Баранавіцкім раёне закончылі жніво і справілі «Дажынкі».

Як распавёў «IP» галоўны аграном Баранавіцкага райвыканкама Андрэй Борыс, за два тыдні земляробы ЗАТ «Шчара-Агра» сабралі ўвесь свой ураджай збожжавых і збожжабабовых культур, прыбраўшы 1 тыс. га збажыны і намалаціўшы больш за 4 тыс. т зерня.

Дырэктар ЗАТ «Шчара-Агра» Эдуард Сырыца заслугу такога поспеху бачыць у тым, што сёлета ў яго гаспадарцы не схібілі ні надвор’е, ні тэхніка, ні людзі: «Мае людзі – проста цудоўныя! Працавітыя, спагадлівыя… А гэта самае галоўнае. Яны – золата, яны значна даражэйшыя за гэта зерне».

РЕКЛАМА

У гонар першых «Дажынак» 3 жніўня на адным з палёў ЗАТ «Шчара-Агра» творчыя калектывы Баранавіцкага раёна зладзілі для земляробаў невялікую культурную праграму з беларускімі песнямі. Лепшых працаўнікоў кіраўнікі раёна ўзнагародзілі грашовымі прэміямі і святочнымі караваямі.

Зрэшты, жніво для земляробаў ЗАТ «Шчара-Агра» на гэтым не скончылася. Ужо абедам яны раз’ехаліся дапамагаць прыбіраць ураджай суседняй гаспадарцы ў Вялікіх Луках.

Агулам, на сёння ў Баранавіцкім раёне прыбрана ўжо больш за 73% плошчаў збожжавых і збожжабабовых культур (без уліку грэчкі, проса і кукурузы, прыборка якіх неўзабаве таксама пачнецца). Баранавіцкімі гаспадаркамі намалочана 112 тыс. тон збожжа. Цалкам закончыць прыборку плануецца да 10 жніўня.

Як паведаміла БЕЛТА, па ўсёй краіне на 4 жніўня сабрана ўжо больш за 5,5 млн. тон зерня.

Міхаіл Савіцкі: «Добры заробак – добры стымул працаваць»


Міхаіл Савіцкі ўпершыню сеў за руль камбайна яшчэ 20 гадоў таму

Міхаіл Савіцкі ўпершыню сеў за руль камбайна яшчэ 20 гадоў таму

Упершыню я сеў за руль камбайна яшчэ гадоў дваццаць таму. Сёння, праўда, я працую начальнікам сховішча гародніны, але падчас жніва, улічваючы мой багаты досвед, мне таксама давяраюць і камбайн (смяецца. – Аўт.). Як кажуць, змена роду дзейнасці – найлепшы адпачынак. Да таго ж добры заробак камбайнёра – добры стымул падпрацаваць. Мой асноўны заробак – каля трох мільёнаў. А на камбайне я толькі за два тыдні ўжо зарабіў сем мільёнаў.

Вядома ж, мая сям’я цяпер мяне амаль не бачыць, але ўсе ўжо прывыклі. На маёй асноўнай працы – тое самае. Фактычна працуеш у тры змены: пайшоў з дому а 7.00, вярнуўся – а 23.00. Пасля жніва для мяне гэта не скончыцца. Прыбярэм збожжа – пачннецца бульба, а пасля – капуста, морква, буракі…

Цяпер умовы змяніліся, сёння лягчэй камбайнёрам працаваць. У мяне ўвогуле новы камбайн, дык тут кампьютар усё і паказвае, і расказвае – дзе абароты панізіліся, дзе якое замяцце адбылося, калі засек зернем запоўніўся. Пра ўсё можна даведацца, не выходзячы з кабіны. Раней даводзілася спыняцца, вылазіць з кабіны і хадзіць вакол камбайна, слухаць, дзе што не так… Часта гэтак больш прастаіш-праслухаеш, чым папрацуеш. Новыя машыны і надзейныя, і вытворчасць у іх большая, і ўмовы для камбайнёра лепшыя. Тут і кандыцыянер, і халадзільнік з халоднай вадой. А раней вентылятар ганяў сабе гарачае паветра, і лепш ад гэтага не рабілася. Цяпер, як была спёка вышэй за +30 градусаў, дык на вуліцы горача, а ў кабіне – прахалода. Нават і вылазіць не хацелася – працуй сабе і працуй…

Пакуль, праўда, у нашай гаспадарцы толькі адзін такі новы камбайн. Хацелася б, вядома, паболей такой тэхнікі. Думаю, дзве такія машыны цалкам змогуць замяніць пяць старых.

Але гэта ўсё з часам будзе… Абы здароўе і надалей дазваляла яшчэ працаваць. Вось у нас адзін чалавек адпрацаваў на камбайне 30 гадоў, а нядаўна не прайшоў медкамісію: здароўе больш не дазваляе. І хоча чалавек працаваць, а не можа. Вось гэта бяда.

Аляксей Шымановіч:  «З дзяўчынай цяпер бачымся мала, але яна разумее…»


РЕКЛАМА

Сёлета 20-гадовы Аляксей Шымановіч першы раз у жыцці збіраў ураджай збожжа

Сёлета 20-гадовы Аляксей Шымановіч першы раз у жыцці збіраў ураджай збожжа

На камбайне я працую першы год. Сёлета толькі скончыў Жыровіцкі агратэхнічы каледж, вывучыўся на механіка. Мая асноўная задача – забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчысці. Але спецыяльнасць дазваляе мне працаваць і на такой тэхніцы.
Адразу, як толькі сеў за руль камбайна, было страшнавата. Крыху пабойваўся, што нешта не атрымліваецца: што не магу правільна падабраць хуткасці, што абароты не тыя… А пасля налаўчыўся. Нешта падказалі старэйшыя таварышы. У каледжы нас пару разоў садзілі за руль, але гэта не тое…

Я намалаціў ужо больш за 520 тон. Праца пачынаецца ад 6 раніцы і заканчваецца позна ўвечары, каля 23.00, спім па 5 – 6 гадзінаў. І ніякіх выходных: пераспаў – і назад у поле. Канечне, я яшчэ са школы ведаў, што камбайнёры працуюць ад рання да змяркання, але ў рэальнасці ўсё адно адчуваеш усё па-іншаму. Калі ўдзень стамляешся, а ўночы не высыпаешся, і ўсё гэта назапашваецца… Ужо на другі ці трэці дзень адчуў, як цяжка зрабілася падымацца раніцай. І затрымацца ў ложку больш за хвіліну нельга: бацька ўсё адно прыдзе і пабудзіць.

Са сваёй дзяўчынай цяпер таксама бачымся мала. Яна не задаволеная, што мяне амаль не бывае побач, але разумее… Пара такая. Хлеб не чакае.

Пасля ўборачнай буду працаваць па сваёй спецыяльнасці – механікам. Канечне ж, круціць гайкі і прыбіраць збожжа – гэта зусім рознае. Збіраць ураджай прыемней, чым рамантаваць тэхніку. Менавіта тут, на полі, я адчуў, што гэта сапраўды маё.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up