Автор: Алесь Гізун

12:04, 20 июля 2012

Культура

remove_red_eye 144

У.Арлоў: “Кропку невяртання мы яшчэ не прайшлі”

Прэзентацыя 12 ліпеня ў Баранавічах дзвюх новых кніг вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова «Пакуль ляціць страла» і «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» пераўтварылася ў шчыры дыялог аўтара з чытачамі. «Залатыя» фрагменты гэтай гутаркі сёння «IP» і прапануе сваім чытачам.

«Падобнай кнігі ў беларускай літаратуры яшчэ не было»

«Мая новая кніга «Пакуль ляціць страла» – кніга для мяне незвычайная па розных прычынах. Па-першае, у яе 100 суаўтараў. Гэта будзе не зусім сціпла, але я скажу, што падобнае кнігі ў нашай літаратуры яшчэ не было. Па-другое, кніга незвычайная тым, што, натх-ніўшыся гэтай яе незвычайнасцю, дырэктар беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук напісаў прадмову да кнігі гекзаметрам. Трэба сказаць, што такіх прадмоваў у нашай літаратуры таксама яшчэ не было. Незвычайнасць выдання яшчэ і ў тым, што я не рабіў надта суровага адбору пытанняў, адказы на якія і склалі гэту кнігу. Проста аднойчы я паклаў перад сабою 12 пульхных тэчак з цыдулкамі, якія напісалі мне чытачы за ўсё маё пісьменніцкае жыццё, і з гэтай «піраміды» адабраў 100   найчасцейшых пытанняў да мяне і адказы на іх. Дарэчы, я зусім не хаваў і няёмкіх пытанняў накшталт «Ці праўда, што я быў трансвестытам?» альбо «Якое было маё першае эратычнае перажыванне?»

«Узяць кнігу і даць ёю па дурной галаве…»

РЕКЛАМА

«Мая новая кніга «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» – гэта працяг папярэдняй кнігі «Краіна Беларусь». Як і яе папярэднік, гэта кніга распавядае пра тыя падзеі, пра тых асобаў, якія сведчаць пра нашу еўрапейскую гісторыю. Я пішу пра Магдэбургскае права ў Беларусі, пра Рэнесанс, якога ніколі не было на ўсход ад нашай краіны, пра ўсе тыя архітэктурныя стылі, якія прысутнічалі ў нас і якія таксама сведчаць пра нашу ўлучанасць у агульнаеўрапейскую культуру і гісторыю… Пра беларускі кнігадрук, пра тое, што, дзякуючы Францыску Скарыну, беларусы чацвёртыя ва ўсім хрысціянскім свеце атрымалі друкаваную «Біблію» на сваёй мове. Тут шмат і табуяваных у савецкі час тэмаў. Я пішу пра дзяржаву Сярэдняя Літва, існаванне якой доўга замоўчвалася, пішу пра Вільню і Віленшчыну, страту якіх, «дзякуючы» Сталіну, можна назваць самай вялікай тэрытарыяльнай стратай у нашай гісторыі… Часам я змрочна жартую так: маўляў, калі нават вось гэтыя дзве кнігі, кожная з якіх важыць па 2,5 кг, кагосьці не пераконваюць у тым, што ў нас сапраўды была еўрапейская гісторыя, дык трэба ўзяць гэту кнігу і даць ёю па той дурной галаве…»

«Мы будзем спаць спакайней, калі будзем у Еўразвязе»

«На жаль, нашы «вярхі» (але не эліта грамадства, а яго кіраўніцтва) ужо даўно арыентуюцца на Златаглавую Маскву, а не на Заходнюю Еўропу. Але кожны, хто мысліць лагічна, мусіць разумець, што і Еўразвяз – гэта не нейкі рай. Там безліч праблемаў, і гэтыя праблемы ўсюды былі і будуць. І ўсё ж я думаю, калі наша краіна мае такую суседку, як Расія, то мы будзем значна спакайней спаць і будзем значна больш упэўненыя ў сваёй будучыні, калі станем сябрамі Еўразвяза, як гэта зрабілі нашыя найбліжэйшыя суседзі. Гэта маё глыбокае перакананне. І калі ў мяне пытаюцца пра мару майго жыцця, я кажу, што я мару дажыць да гэтага часу».

«Адказнасць за будучыню сёння ляжыць на кожным з нас»

«Вельмі шмат праблемаў у нашай дзяржаве звязана менавіта з тым, што ў нас нізкі ўзровень нацыянальнай свядомасці. І ўлада штучна падтрымлівае яе на такім ўзроўні. У нас адсутнічае палітыка ў гэтым кірунку, у нас няма сфармаванай нацыянальнай ідэі, якая яднала б нацыю, таму што ўлада, відаць, зацікаўлена ў адваротным. І вось праз гэта ў нас няма пачуцця гаспадароў гэтай краіны, у адрозненне ад тых самых найб-ліжэйшых суседзяў – літоўцаў і латышоў, якія адчуваюць сябе гаспадарамі сваёй зямлі, адчуваюць асабістую адказнасць за яе чысціню… Я з жахам назіраю за дэградацыяй, якая сёння ў нас адбываецца. І яна адбываецца менавіта таму, што мы не адчуваем  сябе адным народам, аб’яднаным не толькі мінулым, але і агульным клопатам пра будучыню. Аднак пакуль што, я ўпэўнены, гэты працэс зваротны. Кропку невяртання мы яшчэ не прайшлі. Але адказнасць за нашу будучыню сёння ляжыць на кожным з нас».

«Пакуль аднойчы мы не прачнемся ў дзяржаве з іншай уладай…»

«Самая значная за апошнія гады падзея ў нашай краіне, якая найбольш зачапіла і мяне, ды, напэўна, і ўсіх, хто не вядзе расліннае інсаванне і хоць трошкі задумваецца над рэчаіснасцю, гэта мінулыя прэзідэнцкія выбары, якія, насамрэч, ніякімі выбарамі не былі. Гэта жорсткі, брутальны разгон Плошчы, якім скончыўся перыяд так званае лібералізацыі ў нашай дзяржаве. Падзеі, звязаныя з Плошчаю, змянілі тысячы людзей, змянілі іх лёсы. Хтосьці прайшоў праз арышты, нават праз катаванні, камусьці давялося пакінуць радзіму, хтосьці ўпершыню зразумеў, што без нашых агульных намаганняў мы не зможам змяніць сітуацыю…У маёй новай кнізе «Пакуль ляціць страла» ёсць адказ на такое пытанне да мяне: «Ці згодныя вы, што гістарычныя падзеі вяртаюцца, як бумеранг?» Я адказваю, што згодны, бо калі гэты бумеранг не дасягае сваёй мэты, то ён, то бок гэтыя падзеі, заўсёды вяртаюцца. Як пасля паўстання Касцюшкі было паўстанне 1831 года, а пасля – паўстанне 1863-га… Так і наша Плошча будзе паўтарацца зноў і зноў, пакуль аднойчы мы не прачнемся ў дзяржаве з іншай уладай».

Даведка «IP»

Уладзімір Арлоў нарадзіўся ў 1953 годзе ў Полацку.  Аўтар больш за 20 кніг гістарычнай прозы, эсэ і паэзіі, сярод якіх некаторыя вытрымалі не адно выданне і перакладаліся на дзясяткі моў. Адзін з найпапулярнейшых сучасных беларускіх пісьменнікаў. Яго кнігі вылучае глыбокая эрудыцыя, дасціпнасць і філігранны аўтарскі гумар. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны «За ўклад у распрацоўку тэмы гістарычнага мінулага Беларусі ў літаратуры», а таксама прэміяй «Еўрапейскі паэт свабоды».

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up