Автор: Алесь Гізун

13:06, 13 июля 2012

Культура

remove_red_eye 113

Тры нагоды вярнуцца ў Львоў

Львоў шчыра карціць назваць самым прыгожым, хаця і адным з самых неўкраінскіх, горадам Украіны. Але вось што дакладна: Львоў – адно з тых месцаў на Зямлі, куды хочацца вяртацца бясконца.

Карэспандэнт «IP» у чарговы раз наведаў казачнае «місто Львів», упершыню выправіўшыся туды аўтаспынам.

За адзін крок да Украіны...

За адзін крок да Украіны…

РЕКЛАМА

Нагода першая: Адчуць ідэальны аўтаспын

Паміж Баранавічамі і Львовам – каля паўтысячы кіламетраў. Цягніком гэты шлях пераадольваецца крыху больш як за 10 гадзін. Заімчаць да Львова аўтаспынам пры ўмове, што зоркі на небе складуцца найлепшым чынам, можна нават хутчэй.

Адзін дзень – ідэальны час, каб адчуць усю чароўную атмасферу аўтаспыну і разам з тым не паспець моцна стаміцца. Да таго ж не трэба пераймацца клопатам – дзе ж вам заначаваць па дарозе (на выпадак, калі зоркі не складуцца ў ідэальную карціну, усё ж лепш мець пры сабе намёт).

Ужо сотні і тысячы аўтаспыншчыкаў па ўсім свеце прысвяцілі свае оды і гімны аўтаспыну – самаму займальнаму (экстрэмальнаму?), таннаму (=бясплатнаму) і хуткаму (гарантыя – 90%) спосабу падарожжа…

Мільённы раз рассыпацца дыфірамбамі на адрас аўтаспыну не варта. А вось падзякаваць кіроўцам лішні раз можна.

 
Перадусім хочацца падзякаваць таму паляку-дальнабойніку, чыё імя мы, на жаль, не запомнілі, які падвёз нас з-пад Паўлінава амаль да самай украінскай мяжы, распавёўшы па дарозе апошнія футбольныя навіны з Еўра-2012 і прачытаўшы цэлую лекцыю па гісторыі Польшчы.

Дзякуй таксама таму палескаму хлопцу, імя якога мы з сяброўкай так і не запыталіся, які падвозіў нас двойчы (так ужо цікава атрымалася) за дзень.

Дзякуй і ўкраінцу Віталю, які ўжо шмат гадоў жыве ў Маскве, але не забыўся ні сваіх украінскіх сваякоў, ні роднай мовы, – за хуткую і мяккую дарогу да Луцка і за пачастунак кавай. І карэннаму львоўцу Алегу, які падвозіў нас ужо назад, з Львова ў бок Беларусі, – таксама дзякуй! За надзвычай прыемную размову і зусім нечаканую прапанову спыніцца наступны раз на начоўку ў яго львоўскай кватэры.

З вышыні птушынага палёты стары Львоў выглядае, як казачны

З вышыні птушынага палёты стары Львоў выглядае, як казачны

Яшчэ раз «дзякуй» усім, чыё сэрца адгукнулася, калі яны ўбачылі на ўзбочыне самотныя постаці з працягнутымі са спадзевам рукамі. Мы назаўсёды запомнім вашу гасціннасць, якая застанецца ў нашай памяці разам з цёплымі ўспамінамі пра Львоў.

Львоў з вышыні птушынага палёту

Львоў з вышыні птушынага палёту

Нагода другая: Пабываць у Еўропе без візы

РЕКЛАМА

Так, пабываць у Львове –   значыць пабываць у Заходняй Еўропе. Сталую ўкраінскую прапіску Львоў займеў толькі пасля II-й Cусветнай вайны. Да гэтай жа пары, на працягу доўгіх стагоддзяў, гэты горад уваходзіў у склад суседніх то Аўстра-Вугоршчыны, то Польшчы. Гістарычнае аблічча цяпер ужо ўкраінскага Львова створана архітэктарамі і мастакамі менавіта гэтых дзяржаваў.

Не дарма, напэўна, кажуць, што ўбачыць Львоў – значыць  убачыць маленькую Вену.

Львоўцы ў вокнах

Львоўцы ў вокнах

І не дарма, відаць, савецкія рэжысёры такіх фільмаў, як «Дартаньян і тры мушкецёры», «Авадзень» і «Чорны замак Альшанскі», выбіралі Львоў для здымкаў зусім несавецкіх сцэн сваіх кінастужак.

Стары Львоў, старыя аўто...

Стары Львоў, старыя аўто…

Падчас апошняй вайны Львоў пацярпеў мінімальна, і сёння гэта самы насычаны помнікамі архітэктуры горад ва Украіне. Яго гістарычны цэнтр цалкам знаходзіцца пад эгідаю ЮНЭСКА.

Нягледзячы на еўрапейскую насычанасць, шматколернасць і крывізну вулак, кіравацца па Львове даволі проста. У адрозненне ад таго ж Мінска тут па ўсім горадзе раскіданыя інфармацыйныя паказальнікі, якія прывядуць вас да ўсіх львоўскіх цікавостак.

Чорная камяніца-музей у Львове

Чорная камяніца-музей у Львове

Калі пажыць у Львове хаця б 3–4 дні, вы далібог пачнеце пачувацца тут сваім. І нават моўны бар’ер не будзе перашкодай, бо, вядома ж (!),

Львоў, як і кожны еўрапейскі горад, размаўляе па-свойму, па-ўкраінску. І вы ў Львове таксама размаўляйце па-свойму, па-беларуску… І вас зразумеюць найлепшым чынам!

Падчас правядзення ў Львове ЕЎРА-2012 форму нацыянальнай зборнай Украіны па футболе прымервалі нават помнікі

Падчас правядзення ў Львове ЕЎРА-2012 форму нацыянальнай зборнай Украіны па футболе прымервалі нават помнікі

ЕЎРА-2012: усе за футбол!

ЕЎРА-2012: усе за футбол!

Украінскі міліцыянт у кавярні глядзіць ЕЎРА-2012

Украінскі міліцыянт у кавярні глядзіць ЕЎРА-2012

Нагода трэцяя: На львоўскую каву!

Неад’емны атрыбут кожнага еўрапейскага горада – кава, якая даўно з’яўляецца чымсьці значна большым, чым проста духмяны напой. Пачынаючы прыблізна з канца XVII стагоддзя, калі еўрапейцы ўвялі каву ў масавы ўжытак, яна зрабілася эстэцкім сімвалам, атрыбутам незалежнасці і, калі хочаце, самое еўрапейскасці.

Начны Львоў

Начны Львоў

Дарэчы, калі верыць Вікіпедыі, культуру кавы Заходняй Еўропе прышчапіў менавіта ўкраінец. Былы ўкраінскі казак, а пазней купец Юры-Франц Кульчыцкі ў 1683 годзе першым вырашыў папулярызаваць каву ў Вене, разносячы і прадаючы яе проста на вуліцах. Эксперымент атрымаўся настолькі ўдалым, што ўжо праз год Кульчыцкі адкрыў у аўстрыйскай сталіцы першую кавярню.

Цёплы чэрвеньскі вечар у Львове... Чым не нагода станьчыць сальсу з сябрамі?

Цёплы чэрвеньскі вечар у Львове… Чым не нагода станьчыць сальсу з сябрамі?

Сёння ў Львове паспяхова працягваюць слаўную каўную традыцыю, запачаткаваную даўней купцом Кульчыцкім. І хаця каву па львоўскіх вуліцах сёння ніхто не разносіць, але прысесці за кубачкам гэтага напою сёння ў Львове можна літаральна на кожным кроку.

Апроч гэтага, у гісторыю Львова ўжо ўвайшоў Фестываль кавы “На каву да Львова”, які ладзіцца тут штогод у верасні. На трохдзённае свята кавы з’язджаюцца каваманы з розных краін, наведваюць кававыя ярмаркі і дэгустацыі, выбіраюць кававага Караля і Каралеву, якія ў сваю чаргу пасля выбіраюць найлепшую кавярню Львова…

Паўтараючы штогадовы маршрут кававых Караля і Каралевы па львоўскіх кавярнях, кожны можа самастойна выбраць сабе каўнае месца па душы. Аўтар гэтых радкоў найдаўжэй запыняўся ў Львоўскай майстэрні шакаладу, дзе проста на вашых вачах вырабляюць найсмачнейшы і найсвяжэйшы шакалад і цукеркі. І дагэтуль закручвае галаву водар тутэйшай кавы, які чуваць са скрыжавання львоўскіх вуліц Сербскай, Рускай і плошчы Рынак нават тут, у Баранавічах, за паўтысячы кіламетраў.

Калі насамрэч смачна, то цукар не патрэбны!

Калі насамрэч смачна, то цукар не патрэбны!


Просмотреть Путишествия intex-press на карте большего размера

РЕКЛАМА

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up