Новости / Культура

Сляды спадчыны. Асташына

8.06.2012, 11:42 / remove_red_eye 116 / chat_bubble

Асташына – самая старая вёска ў суседняй Наваградчыне, адзін з найцікавейшых  гістарычных рэгіёнаў Беларусі. Калі на месцы сённяшніх Баранавіч яшчэ толькі пачыналі высякаць лясы, заможная наваградская вёска Асташына на 150 двароў ужо набліжалася да свайго 500-годдзя…

Учора

Першая дакументальная згадка пра двор Асташына на Наваградчыне датуецца 1401 годам. Тады ён належаў вялікаму князю літоўскаму Вітаўту. У пазнейшы час гаспадарамі тут былі самыя розныя прадстаўнікі беларускай шляхты: Чартарыйскія, Саламярэцкія, Кішкі… Ад пачатку XVII стагоддзя Асташына амаль на дзвесце гадоў перайшло да ўладанняў Радзівілаў.

Як пазначае гісторык Мікола Гайба, да канца XIX стагоддзя ў Асташына налічвалася ўжо больш за паўтары сотні хат, былі царква і прыцаркоўная школка, функцыянавалі  карчма і ажно тры млыны. А ў 1909 годзе тут быў зафіксаваны гістарычны пік колькасці насельніцтва – 1116 жыхароў (сёння тут жыве каля 200 чалавек).

РЕКЛАМА

 
Асташынская шляхта і сяляне здавён сяліліся на розных берагах ракі Валоўкі, якая аддзяляла сядзібу ад вёскі. Адносна невялікі, аднапавярховы сядзібавы дом у Асташына, які, дарэчы, захаваўся да нашага часу, быў пабудаваны ў XIX стагоддзі. Як пазначае даследчык сядзібава-паркавых ансамбляў Беларусі Анатоль Федарук, гэта камяніца ўзнікла на месцы старой глінабітнай хаты канца XVII стагоддзя.

Бакавы фасад сядзібавага дома ў Асташына

Бакавы фасад сядзібавага дома ў Асташына

Асташына. Сядзібавы дом

Асташына. Сядзібавы дом

Прысядзібавы парк у Асташына, закладзены яшчэ ў XVIII стагоддзі, па звестках А. Федарука, меў нехарактэрную для сваёй эпохі асіметрычную пабудову. Парадная частка парку мела пейзажнае афармленне ў выглядзе невялікіх купак дрэваў, што падкрэслівала іх адасобленасць ад паркавых тэрасаў. Тэрасы займалі ўсходнюю частку парку, паміж імі былі перапады вышыняў да трох метраў. Парк займаў прыўзнятую тэрыторыю пасярод поля з маляўнічымі перспектывамі на рознакаляровыя навакольныя палеткі, раку Валоўку і зялёнае прырэчча.

Каля рэчкі Валоўкі

Каля рэчкі Валоўкі

Сёння

Да нашых дзён збольшага ў  добрым стане захаваліся і сядзібавая камяніца, і парк у Асташына. Па меркаваннях краязнаўцаў, апошнімі дасавецкімі гаспадарамі мясцовай сядзібы, верагодна, была сям’я Чачотаў. У апошнюю вайну дом часткова пацярпеў ад пажару. У савецкі час яго парамантавалі і змясцілі ў ім школу, якая праіснавала тут да 2000-х гадоў. Да гэтага часу вёска здрабнела, мясцовыя дзеці пачалі хадзіць у школу ў суседнія Вераб’евічы, а старавечны будынак школы ў Асташына пачаў паступова занепадаць.  Сёння яго белыя сцены самотна ўглядаюцца ў прысядзібавы парк спустошанымі вачыма сваіх вокнаў.

Вакно ў парк

Вакно ў парк

Асташынскі парк з’яўляецца на сёння адным з найлепшых тэрасных паркаў Беларусі. Асобным дрэвам у ім – каля 200 гадоў. Найбольш уражваюць старыя вязы і ясені, пад шатамі якіх часам адчуваеш сябе як у паўднёвых тропіках. З экзатычных дрэваў у парку можна ўбачыць некалькі веймутавых хвояў. Багата захавалася тут і дэкаратыўнага кустоўя – бэз, спірэя і парэчкі альпійскія.

РЕКЛАМА

Парк у Асташына

Парк у Асташына

Куток Асташынскага парку з ясенем

Куток Асташынскага парку з ясенем

На былую шляхецкую ся-дзібу можна скіроўвацца наўпрост з вёскі Асташына, а можна – з боку вёскі Залозкі, збочыўшы з вялікай дарогі-жвіроўкі на вузенькую, у старых абсадах, дарогу праз поле. Дарога, па якой калісьці, верагодна, свабодна гойсалі карэты, сёння пераўтварылася ў цеснаваты зялёны калідор, абсаджаны старым бэзам, клёнамі ды акацыямі. Калі не спяшацца і часцей разглядацца на бакі, у гэтым зялёным тунэлі нечакана можна сустрэць і зусім рэдкія дрэвы, напрыклад, – конскі каштан ружовы. Гэта звычайнае для Паўднёвай Еўропы альбо для Паўночнай Амерыкі дрэва для Беларусі – абсалютна экзатычны від.

Дарэчы, перад тым, як звярнуць да сядзібы, на вышэйзгаданай дарозе паміж вёскамі Пантусавічы і Залозкі, недалёка ад невялічкага моста праз рэчку Валоўку, можна пабачыць даволі цікавы і дзіўнаваты «помнік» савецкай эпохі – памятны знак з нагоды пабудовы маста. Надпіс на знаку дае зразумець, што за пабудову гэтага маста трэба быць удзячнымі калгасу «Камунар», які да 50-годдзя БССР вырашыў зрабіць мясцовым сялянам такі падарунак.

Памятны знак савецкай эпохі каля Асташына

Памятны знак савецкай эпохі каля Асташына

Да нядаўняга часу на беразе Валоўцы, недалёка ад сядзібы, можна было ўбачыць надзвычай маляўнічы драўляны вадзяны млын. Сімпатычны, бадай, казачны млын нагадваў сабою тыя дамкі з дзіцячых кніжак і прыгодніцкіх фільмаў, дзе вядуцца прывіды. На жаль, нядаўна на яго звалілася вялізная  старая вярба, ад якой лядашчы драўляны млын склаўся, як картачны дамок.

Рэшткі вадзянога млына, разбуранага заваленым дрэвам

Рэшткі вадзянога млына, разбуранага заваленым дрэвам

Рэшткі млына

Рэшткі млына

Паглядзець, як выглядаў асташынскі млын, сёння можна толькі ў фотагалерэях на сайтах www.radzima.org ды www.globus.tut.by.

Як даехаць?

Каб трапіць з Баранавіч у Асташына, спачатку трэба даехаць да Наваградка. Адтуль можна скіроўвацца на любым аўтобусе, які едзе ў бок Любчы, да павароту на Асташына.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up