Новости / Культура

Баранавічы салаўіныя

8.06.2012, 11:42 / remove_red_eye 112 / chat_bubble

Салаўіную карту  Баранавіч склалі гарадскія птушказнаўцы з дапамогай грамадскасці.

Як распавяла «IP»  ініцыятар стварэння салаўінай карты Баранавіч, педагог дадатковай адукацыі Эколага-біялагічнага цэнтра   г. Баранавічы і сябра грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Юля Траццяк, агулам на працягу мая ў нашым горадзе было ўлічана каля паўсотні салаўёў. Апошні месяц вясны – час, калі гэтыя птушкі спявалі асабліва актыўна, а таму палічыць іх было не надта складана. «Мяне прыемна ўразіла актыўная дапамога нашых гараджан, якія паведамлялі мне пра пачутых у розных месцах горада салаўёў па тэлефоне, пісалі ў сацыяльных сетках, – распавяла «IP» Юля Траццяк.

РЕКЛАМА

– Адна жанчына з 2-га завулка Савецкага тэлефанавала мне тройчы, хвалюючыся, каб яе салавей быў абавязкова адзначаны на мапе».

Вялікую ўвагу да такой малапрыкметнай  шэрай птушкі Юля Траццяк  патлумачыла дзвюма прычынамі. Па-першае, звычайны салавей – вельмі добры індыкатар наваколля. Іншымі словамі, калі папуляцыя гэтага віду ў пэўным месцы вялікая і стабільная, гэта значыць, што і з экалагічным асяродкам тут усё парадкам. Па-другое, голас салаўя як найлепшага крылатага вакаліста людзям добра вядомы, таму яго цяжка зблытаць са спевамі іншых птушак.

Па словах птушказнаўцы, салаўіная мапа Баранавіч створана ўпершыню, а таму пакуль няпоўная: некаторыя салаўіныя месцы на ёй маглі быць не пазначаны, а ўлік салаўёў грунтаваўся на даверы да інфармацыі гараджан. «Больш-менш аб’ектыўная карціна складзецца, калі наша салаўіная мапа праіснуе некалькі гадоў. Тады можна будзе вызначыць месцы Баранавіч, дзе салаўі спяваюць штогод рэгулярна, дзе з часам яны перасталі спяваць і як увогуле змяняецца іх колькасць у нашым асяроддзі», – рэзюмавала Юля Траццяк.

Удасканаліць салаўіную мапу Баранавіч могуць усе ахвотныя гараджане, паведаміўшы пра пачутых салаўёў па тэлефоне 8-029-8550997. Пачуць салаўёў найлягчэй ад канца красавіка да сярэдзіны чэрвеня. Пазней, калі з’явяцца птушаняты, іх бацькам будзе ўжо не да спеваў…

Поделиться:
Читать также
Культура camera_alt

Барановичи в Instagram. Концерт Славы

3 часа назад remove_red_eye 641
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up