Автор: Алесь ГIЗУН

15:16, 31 мая 2012

Общество

remove_red_eye 92

«У Швейцарыі было цікава і рэальна небяспечна»

Баранавіцкая гімназістка Алена Міхалковіч – адзіная беларуска, якая сёлета ў красавіку ўпершыню атрымала шанс  удзельнічаць у экспедыцыі «Пангея»  знакамітага сучаснага вандроўніка і экалагічнага даследчыка Майка Хорна. У маі Алена вярнулася дадому з адборачнага летніку экспедыцыі, які прайшоў у невялікім швейцарскім мястэчку ў самым сэрцы Альп.

Алена Міхалковіч распавяла Intex-press, чаму яе не ўзялі ў экспедыцыю ў Афрыку, як яна пазбавілася дзіцячых страхаў і навошта вучыла замежнікаў танцаваць беларускую «Лявоніху».

– Алена, вы засмуціліся, што вас не ўзялі ў Афрыку?

– Не, я не засмучаная. Наадварот, я вельмі радая, што прайшла такую сур’ёзную школу фізічнай і псіхалагічнай падрыхтоўкі, атрымала каласальны досвед працы ў камандзе, выжывання ў экстрэмальных умовах. Да летніку я баялася вышыні, гэта была мая найвялікшая фобія. Там я здолела яе перамагчы… А магчымасць трапіць у Афрыку ў мяне застаецца. Галоўнае цяпер – заставацца актыўнаю тут, у Беларусі, папулярызаваць ідэі Майка Хорна і займацца экалагічнымі праграмамі. А ў Афрыку я яшчэ траплю, гэта – 100%!

РЕКЛАМА

– Распавядзіце крыху, чым вы займаліся ў Швейцарыі?

–  Штодня ад раніцы – заняткі. За пяць хвілін да 7.00 мы павінны былі  ўжо цалкам сабраныя стаяць у холе. Наперадзе нас чакалі інтэнсіўныя фізічныя нагрузкі: ранішні бег па ўзгорках, катанне на горных роварах, хадзьба па гарах і самыя розныя практыкаванні. На Жэнеўскім возеры, напрыклад, мы практыкаваліся плаваць пад ветразем і кіраваць ім, вучыліся вязаць марскія вузлы… Менавіта да нас са штата Мінесота прыляталі прафесар і спецыялісты вядомай у свеце клінікі Майо, якія два дні запар правяралі пры дапамозе прафесійнага абсталявання нашу фізічную моц і псіхалагічны стан. Апроч гэтых тэстаў і фізічнай падрыхтоўкі, мы шмат вучыліся.

У нас былі заняткі па экалогіі, тапаграфічным арыентаванні, фатаграфіі, хіміі… Адна з асноўных мэтаў экспедыцый Майка Хорна – захаванне чыстай вады ў свеце, таму мы бралі багата пробаў вады з розных крыніц і вучыліся вызначаць, ці прыдатная яна да ўжытку. Цяпер я ведаю, што часам вада можа выглядаць бруднай, але яе можна піць, а часам – наадварот.

Алена Міхалковіч

Алена Міхалковіч

– На некаторых швейцарскіх фотаздымках вы выглядаеце  вельмі стомленай. Што было самым цяжкім падчас знаходжання ў летніку Майка Хорна?

– Гэта быў двухдзённы рэйд у Альпы. Нас падзялілі на дзве каманды, і мы змагаліся за тое, хто першы ўздымецца на вяршыню гары. Спачатку мы выехалі на горных роварах, а пасля нам давялося цягнуць гэтыя ровары на сабе праз лясны буралом. Мы перасоўваліся над горнымі прорвамі па нацягнутых канатах, самі змайстравалі плот, каб пераплысці горнае возера, пры гэтым адной дзяўчыне давялося выкупацца ў ледзяной вадзе…

РЕКЛАМА

Алена Міхалковіч, на фота -- вяслуе апошняя

Алена Міхалковіч, на фота — вяслуе апошняя

Вядома, падобнага досведу ў мяне не было, а таму гэты рэйд быў для мяне цяжкім выпрабаваннем. Я вельмі хацела, каб наша каманда прыйшла першаю, таму імкнулася не паказваць сваёй стомы. І ў апошні момант, калі за плячыма засталіся дзясяткі кіламетраў, але да вяршыні яшчэ трэба было прайсці па снезе і скрозь вецер 100 ці 200 метраў, а нахіл гары быў ледзь не 90 градусаў, я не вытрывала і крыху заплакала. Я заплакала сама сабе і думала, што мяне ніхто не бачыць… Але наш фатограф сфатаграфаваў мяне акурат у гэты самы момант.

Алена Міхалковіч, на фота -- у цэнтры

Алена Міхалковіч, на фота — у цэнтры

Падчас знаходжання ў летніку нас увесь час здымалі на фота і відэа прафесійныя аператары, а таму схаваць свае эмоцыі ад іншых было проста немагчыма.

– Па вашых словах, у альпійскім летніку вы рэальна рызыкавалі здароўем, калі не жыццём. Як сваякі пагадзіліся адпусціць вас у такую вандроўку?

– Наш трэнінг сапраўды быў і цікавым, і рэальна небяспечным адначасова. Майк Хорн – вельмі мілы і цікавы, хаця і своеасаблівы чалавек. Ён успрымае дзяцей як дарослых і лічыць, што кожны чалавек павінен быць гатовы да ўсяго. Падчас нашага двухдзённага рэйду ў Альпы Майк Хорн нечакана наведаў нас, вярнуўшыся з нейкай чарговай экспедыцыі. Пазнаёміўшыся з кожным з нас, ён папрасіў нашу каманду прынесці з горнага схілу агромністае бервяно.

Калі мы паднімалі бервяно, яно выпадкова выслізнула ў нас з рук, трапіла на палец аднаму хлопчыку з Ганконга – і палец проста адскочыў. Хлопчыка адразу завезлі ў бальніцу, дзе яму хуценька прышылі палец. Калі з пальцам усё будзе добра, хлапчук паедзе ў экспедыцыю ў Афрыку.

У мяне, на шчасце, сур’ёзных траўмаў не было. Усё абышлося падранымі каленкамі…

Ведаю, што, пакуль я была ў Швейцарыі, мама моцна хвалявался за мяне. І яна зусім не хацела, каб я ехала ў Афрыку, хаця, здаецца, паспела ўжо змірыцца нават з гэтым. Бо гэта маё жыццё, мая будучыня. І ўсё ж, калі было ўжо вядома, што ў Афрыку я не паеду, і мама, і ўсе родныя ўздыхнулі з палёгкаю…

– Як думаеце, чаму вас не адабралі ў экспедыцыю ў Афрыку?

– Мне сказалі, што ад самага пачатку мяне хацелі ўзяць, але пасля  зразумелі, што я не зусім упэўненая ў сабе, і таму перадумалі. Відаць, гэта праўда, бо часам я сапраўды паказвала сваю слабіну і няпэўнасць. І цяпер я разумею: надзейнасць – вось што перадусім ацэньваецца пры адборы ў каманду Майка Хорна, а зусім не моц і не захопленасць… З намі быў вельмі актыўны хлопчык з Германіі, які ўвесь час усіх падбадзёрваў, заклікаў трымацца, дапамагаў у складаных сітуацыях – то падносіў чыйсьці заплечнік, то цягнуў ровар… Усе былі ўпэўнены, што яго возьмуць у экспедыцыю. Але яго не ўзялі, бо палічылі, што ён занадта экспрэсіўны і ў экстрэмальнай сітуацыі можа сарвацца. Але ўзялі іншага хлопчыка –  даволі сціплага і спакойнага, пра якога ніхто не думаў, што яго выберуць…

Да нашага кастынгу падыходзілі вельмі тонка і прафесійна. І па-іншаму не магло быць, бо гэта вялікая адказнасць.

– Вы – першая з Беларусі, хто трапіў у адборачны летнік экспедыцыі «Пангея». У Швейцарыі да вас праяўлялі нейкі асаблівы інтарэс?

– Так, у летніку я адчувала да сябе надзвычайную цікавасць. Разам са мною была моладзь з ЗША, з Еўропы, з Ганконга, з Малайзіі, з Новой Зеландыі, і ва ўсіх было вельмі цьмянае ўяўленне пра Беларусь як пра нейкую Белую Расію.

Я наўмысна не параўноўвала нашу краіну з Расіяй, бо не хацела, каб нас неяк блыталі. Я проста казала, што Беларусь – гэта самастойная, незалежная краіна, са сваёй мовай, культурай і гісторыяй. Я навучыла ўсю нашу групу танцаваць «Лявоніху», спяваць «Купалінку» і крыху размаўляць па-беларуску….

Алена навучае групу таньчыць беларускую Лявоніху, на фота Алена -- чацвертая злева

Алена навучае групу таньчыць беларускую Лявоніху, на фота Алена — чацвертая злева

Мяне цешыць тое, што я пабыла ў ролі беларускага пасла і, дзякуючы мне, у свеце крыху больш даведаліся пра нашу краіну.

– Як цяпер тут, у Беларусі, вы збіраецеся развіваць ідэі Майка Хорна і яго «Пангеі»?

– У летніку я атрымала карысныя веды, якіх раней у мяне не было. Я сустрэла людзей, якія матывавалі мяне і з якімі цяпер мы можам дзяліцца досведам. Я ведаю, што ў мяне ў свеце ёсць шмат адзінадумцаў, якіх яднае адна мэта – захаваць нашу планету. Ды там, у Швейцарыі, сама атмасфера прымушае хацець штосьці рабіць. І цяпер гэта маё жаданне павялічылася шматкроць… Сёння я шукаю спонсараў, каб дапамаглі мне сабраць для бедных народаў Афрыкі аптэчкі, якія пасля я перадам экспедыцыі «Пангея».

Я імкнуся прыцягваць увагу маіх аднагодкаў да экалагічных праблем, да культуры спажывання. У найбліжэйшы час мы з сябрамі збіраемся навесці парадак вакол палаца Льва Сапегі ў Ружанах. Калі гэта не могуць зрабіць улады, чаму не можам зрабіць  мы…

Мяне сапраўды хвалюе экалагічная сітуацыя ў свеце і ў нашай краіне. За 50 апошніх гадоў людзі змянілі клімат на Зямлі так, як ён не змяняўся за некалькі мільёнаў гадоў. І гэты тэмп працягваецца. Мы зусім не дбаем пра будучыню і дзяцей, а думаем толькі пра сябе і нашы сённяшнія прыбыткі.

Група Алены Міхалковіч з Майкам Хорнам, на фота -- стаіць скрайні злева

Група Алены Міхалковіч з Майкам Хорнам, на фота — стаіць скрайні злева

Даведка «IP»

Майк Хорн – усясветна вядомы вандроўнік і экалагічны даследчык. Некалькі яго падарожжаў занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Напэўна, самае яркае з іх – падарожжа ўздоўж экватара, у якім Хорн карыстаўся толькі роварам, чаўном і ўласнымі нагамі. Апошні праект Майка Хорна – Праграма маладых даследчыкаў «Пангея 2008–2012», якая ўключае ў сябе 12 розных экспедыцый.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up