Новости / Спецпроекты

Сляды спадчыны. Крошын

14.05.2012, 16:15 

У свеце існуе дзве вёскі з назваю Крошын (альбо Крашын). Трапіць у адну з іх, што знаходзіцца ажно ў Ірландыі, надта складана. А вось даехаць з нашага горада да другой, што пад самымі Баранавічамі, можна ўсяго за дзесяць хвілін…

Учора

Тапонім Крошын (Крашын) на беларускай зямлі вядомы яшчэ ад XV ст. як маёнтак князёў Крашынскіх. А напрыканцы XVI ст. Крошын належаў ужо Радзівілам і прыкладна ў той час узбуйнеў да статусу мястэчка, якое мела ўсю адпаведную інфраструктуру: тут функцыянаваў кірмаш, працаваў млын, не пуставала і карчма.

Зрэшты, цягам гісторыі Крошына ўладальнікі мястэчка змяняліся неаднойчы. І не ўсе гаспадары былі аднолькава даспадобы мясцоваму насельніцтву. У 1828 годзе, калі ў Крошыне гаспадарылі Гедройцы-Юрагі, тут адбылася ці не самая гучная ў гісторыі мястэчка палітычная акцыя – сялянскі бунт супраць прыгоннага права.

З дэмакратычным бунтам крошынскіх сялян звязана і імя, бадай, самага вядомага жыхара Крошына – паэта і каваля Паўлюка Багрыма (1812–1891 гг.). Нягледзячы на тое, што хлопец вырас у сям’і рамесніка, ён з маладых гадоў выхоўваўся на класічнай літаратуры і ўжо ў раннім юнацтве сам пачаў пісаць антыпрыгонныя і вольналюбныя вершы. Праўда, у гісторыі айчыннай літаратуры Паўлюк Багрым застаўся аўтарам толькі аднаго верша, які здолеў захавацца да нашых дзён, – «Зайграй, зайграй, хлопча малы…» Менавіта за гэтыя юнацкія радкі ўлады выправілі маладога Багрыма на доўгія гады ў войска, адкуль ён вярнуўся ўжо сталым дзядзькам.

Пасля вяртання з рэкрутаў Паўлюк Багрым да канца сваіх дзён пражыў у родным Крошыне, паспеўшы стварыць тут свой другі вядомы твор – каваную жырандолю (фігурная люстра для свечак). Замовіў яе ў Багрыма чарговы ўладальнік крошынскай сядзібы Пётр Святаполк-Завадскі, які сам быў чалавекам творчым і адукаваным, ён збіраў кнігі, рукапісы і калекцыянаваў карціны.

Жырандоля Паўлюка Багрыма

Жырандоля Паўлюка Багрыма

Жырандоля Паўлюка Багрыма – адмысловы кавальскі хэнд-мэйд другой паловы XIX ст., сапраўдны шэдэўр мастацкага кавальства, які па сённяшні дзень асвятляе нутро крошынскага касцёла Божага Цела. Люстра ўпрыгожана шляхецкімі гербамі, далікатнымі суквеццямі і маляўнічымі жаўручкамі. На жырандолі пазначаны і аўтограф крошынскага каваля – Pawel Bahrym.

Сёння

Падчас вайны Крошын апынуўся на самай лініі фронту, а таму ад колішняй сядзібы мясцовай шляхты сёння тут засталося няшмат. Бадай, найлепш захаваўся Крошынскі парк на беразе Шчары, якому ўжо больш за 150 гадоў. Асабліва ў ім уражваюць велічныя ясені, раскіданыя па асобных палянах. Напэўна, да гэтых дрэў былыя крошынскія гаспадары Святаполк-Завадскія мелі асаблівую «слабіну». Старыя прысады з ясеняў вядуць і да былой пахавальнай кап-ліцы Святаполк-Завадскіх, якая даўно ўжо засыпана зямлёю і сёння нагадвае курган. Побач з колішняй капліцай расце некалькі вялікіх ліп, пад якімі праглядаецца ўмацаваная камянямі высокая тэраса. Калісьці, відаць, гэта была аглядная пляцоўка для найлепшага сузірання мясцовых краявідаў.

Крошынскі парк

Крошынскі парк

У адным з куткоў парку расце дуб, які мае мемарыяльнае значэнне. На памятным знаку пад дрэвам згадваецца пра візіт у 1884 годзе ў Крошын пасля працяглай эміграцыі навукоўца Ігната Дамейкі і яго сябра, паэта Антона Адынца. Падчас свайго гасцявання ў Крошыне Дамейка з Адынцом сапраўды пасадзілі дуб. Але наконт таго, ці тое самае гэта дрэва, некаторыя даследчыкі сёння выказваюць скепсіс.

Сярод архітэктурных помнікаў Крошына бессумнеўна вылучаецца касцёл Божага Цела, пабудаваны ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Цікава, што пры пабудове касцёла ў яго сцены ўмуроўваліся старыя надмагільныя камяні з мясцовых пахаванняў XIX ст.

Мазаіка касцёльных сцен складаецца са старых надмагільных пліт

Мазаіка касцёльных сцен складаецца са старых надмагільных пліт

Сцяна касцёлу Божага Цела ў Крошыне

Сцяна касцёлу Божага Цела ў Крошыне

У самім касцёле, апроч арыгінальнай люстры Паўлюка Багрыма, можна пазнаёміцца і з легендарным вершам паэта «Зайграй, зайграй, хлопча малы…» У трох варыянтах – на беларускай, польскай і англійскай мовах – ён размешчаны на сцяне ўнутры храма, адразу пры ўваходзе.

Адразу за касцёлам знаходзіцца і магіла самаго Паўлюка Багрыма з помнікам у выглядзе стэлы з невялічкім бюстам паэта.
У памяць пра добрыя справы слынных землякоў Крошына і ў памяць пра іх сяброў-аднадумцаў, якія тут часцяком гасцявалі, побач з касцёлам быў усталяваны памятны валун з надпісамі па-лацінску і па-беларуску: «Vita brevis – Patria eterna», што азначае «Жыццё кароткае – Радзіма вечная».

Як даехаць?

Да Крошына проста і хутка дабрацца электрычкаю «Баранавічы – Мінск», сышоўшы на прыпынку «Перамога».


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @IntexPress_Bot.