Новости / Культура

Ушанавалі паэтку Раісу Раманчук

27.04.2012, 14:20 / remove_red_eye 129 / chat_bubble

Амаль тры гадзіны доўжылася паэтычная вечарына, якая праходзіла 20 красавіка ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая з нагоды юбілею нашай зямлячкі Раісы Раманчук. У гэты дзень ёй надарылі столькі кветак, што іх дапамагалі несці блізкія юбіляршы.

Нарадзіўшыся на хутары ў Карэліцкім раёне ў 1957 годзе, Раіса Раманчук значную частку свайго жыцця правяла ў Баранавічах. А са студзеня 1979 года да апошняга часу працавала на баваўняным аб’яднанні кантралёрам якасці, брыга-дзірам асноўнай вытворчасці. Дарэчы, яна і зараз штотыдзень вядзе там радыёперадачу “Жадаю вам…”

Можа, таму з ліку баваўняншчыкаў на імпрэзе была самая шматлікая дэлегацыя, і ўсе хацелі выказацца. Шчырыя словы гаварылі пра калегу па працы сяброўкі Раісы Міхайлаўны, з падарункам і кветкамі прыйшлі на мерапрыемства намеснік генеральнага дырэктара Анатоль Жытко і старшыня прафкама аб’яднання Святлана Грыгаровіч. ”Гэта дар ад Бога. Такія вершы можа пісаць толькі чалавек, які любіць Ра-дзіму, беларусаў і нашу зямельку”, – адзначыў у сваім выступе Анатоль Жытко.

Кветкі віноўніцы ўрачыстасці ўручыў і старшыня Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Віктар Сырыца. Сярод тых, хто віншаваў Раісу Раманчук, былі і прыезджыя.

РЕКЛАМА

Выканаў песню ў яе гонар і ўручыў падарункі ад імя калег намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Эдуард Акулін. Шчыра віншавалі яе старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Іван Мельнічук, сябра Саюза БП Аляксей Філатаў, калегі па творчаму цэху з Баранавіч Алесь Бакач, Людміла Шувалава, Алесь Корнеў, ад-нкласнікі… “Сваю сцяжынку ў паэзію яна пратаптала босымі нагамі”, – прагучала ў адным з выступленняў прысутных.

Віншаванні ад сябе, ад імя Лідзіі Арабей ды іншых выбітных асоб Беларусі перадаў Раісе краязнаўца і журналіст Міхась Маліноўскі. Гучалі песні на словы Раісы Раманчук у выкананні гурта “Рэтра” з ЗАТ “Атлант”, спявалі і чыталі творы юбіляршы вучні са школ №№ 4 і 20. Узгадваючы пра малую радзіму Раісы Раманчук і ўвогуле пра нашы карані, паэт Мікалай Зайцаў сказаў так: ”Гэта толькі падаецца, што мы назаўсёды з’ехалі з родных мясцін. Душа адтуль не з’язджае, яна застаецца…”

Вядома ж, чытала свае вершы і сама Раіса Раманчук. Пра каханне, пра матулю, якая, дарэчы, таксама была на сустрэчы, пра сваіх дзяцей і ўнукаў. Гучалі паэтычныя радкі, што ўжо пабачылі свет у яе кніжцы “Сцежка ў дзяцінства”, у альманахах “Святліца”, “Гоман”, іншых выданнях, і зусім новыя, нядаўна напісаныя.

Раіса Раманчук у росквіце творчых сіл. Рыхтуе да выдання сваю новую кніжку, падала заяву і хоча стаць сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Шмат цёплых і шчырых слоў было сказана ў яе адрас на вечарыне. Мы далучаемся да гэтых пажаданняў.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up