Новости / Народные новости

Людзі і коні

23.04.2012, 9:00 / remove_red_eye 146 / chat_bubble

Добры дзень, шаноўная рэдакцыя! Нядаўна ў вашай газеце я прачытаў артыкул «Конны спорт не на кані». Гэтыя радкі пабудзілі ў маёй памяці некалькі ўспамінаў пра тое, якое значэнне калісьці мелі коні для людзей і якія гэта неверагодна разумныя істоты… 

Дзяцінства пад сузор’ем Каня

Конь і карова былі галоўнымі жывёлінамі ў сялянскай гаспадарцы, бо яны кармілі сям’ю. А пра каня асобна яшчэ можна дадаць, што гэта быў паўнапраўны сем’янін. Да яго была асаблівая пашана.

Менавіта для каня гаспадар сеяў адмысловыя культуры – канюшыну і авёс. Карове таксама давалі канюшыну, але толькі тады, калі яна была цельная альбо толькі ацялілася, каб падтрымаць сілы і здароўе яе і цяляці. Каню давалі канюшыну рэгулярна, а калі выбіраліся з ім у дарогу, на шыю яму вешалі адмысловую торбу з аўсом, якім той мог падсілкавацца самастойна, калі захочацца. Як казалі старыя людзі, конь можа і паесці, і паспаць у дарозе, проста на нагах…

РЕКЛАМА

Адпачываць коням выпадала сапраўды вельмі мала: толькі на святы, дый тое, калі гаспадарам нікуды не трэба было ехаць. У адрозненне ад кароў і іншага быдла, якіх на ноч заганялі ў хлеў, коням путалі ногі і адводзілі іх у «начное» – на луг ці поплаў за вёскай, дзе яны пасвіліся ўсю ноч. А калі выпадалі святы, коні маглі суткамі пасвіцца так самастойна, на адноснай волі… Вядома ж, вясковая малеча карысталася гэтым, і вечарамі мы каталіся на конях. У далёкія гады майго дзяцінства, якое выпала на канец 40-х – пачатак 50-х гадоў мінулага стагоддзя, гэта была найпрыемнейшая забава для ўсіх дзяцей, сапраўднае шчасце…

«Хай конь думае, у яго галава вялікая»

У вялікую дарогу конь звычайна выбіраўся без вялікай ахвоты. А вось назад дадому конь заўсёды сам бег трушком, ім ужо не трэба было панукаць і кіраваць. Кожны конь сам знаходзіў дарогу да свайго дома, і гаспадарам на зваротнай дарозе пра гэта думаць не трэба было. Не дарма тады існавала такая прымаўка: «Хай конь думае, у яго галава вялікая».

Коні вельмі прывязваліся да сваіх гаспадароў, з якімі яны звычайна знаходзіліся разам кожны дзень. А вось гаспадыняў коні часта недалюблівалі. Некаторыя з іх так не любілі бабаў, што, калі тыя выпраўляліся кудысьці без мужыкоў, конь абавязкова хаця б раз за дарогу скідаў іх у кювет. Пасля жанкі трохі навучыліся падманваць такіх наравістых жывёлінаў – яны апраналі мужыковыя шапкі, і тады конь давозіў іх без праблемаў.

Дарэчы, здаралася, калі чалавек ехаў на кані, той спатыкаўся. Дзіўна, але, нягледзячы на свае памеры і вагу, конь ніколі не наступаў на свайго седака, калі той раптам ляцеў праз галаву. Конь не пакалечыць чалавека.

Аднак калі конь чагосьці моцна пужаўся, ён быў небяспечны, бо мог панесці і разбіць вазніцу. Даўней коні моцна палохаліся толькі ваўкоў. У 50-я гады на дарогах пачало з’яўляцца ўсё больш аўтамабіляў, якія доўгі час пужалі коней не менш як ваўкі. Пачуўшы яшчэ здалёк машыну, вазніца звычайна спыняў каня, абдымаў яго галаву і трымаў, пакуль машына праедзе. Тады можна было ехаць далей…

Як да чалавека…

 

Конь – вельмі ахайная, акуратная жывёліна. Напрыклад, ён ніколі не піў вады з лужыны. А таму каню заўсёды падносілі толькі чыстае вядро з калодзезнай вадою, нават тое, з якога пілі самі гаспадары. І калі вядро было недастаткова чыстым, напрыклад, па дне нядаўна прабегла мышка, конь гэта адчуваў і ніколі не пачынаў піць, пакуль вядро не спаласнуць. 

У «гарачы сезон», калі коні амаль не адпачывалі, гаспадары або іх суседзі, якія прыходзілі пазычыць каня, часта падыходзілі да яго, як да чалавека – з хлебам. Такі пачастунак быў адначасова і залагоджваннем, і выбачэннем за тое, што каню не даюць спакою.

Канец гісторыі

Калі людзей пачалі заганяць у калгасы, у іх забіралі коней. Сем’і, якія ніяк не хацелі расставацца са сваімі кармільцамі, абкладаліся вялікім падаткам. Мае бацькі не аддавалі нашага каня ў калгас да апошняга, пакуль памер падатку зрабілі проста невыносным.

У першыя гады калгасных коней даводзілася навязваць, бо інакш яны заўсёды ўцякалі дадому. Ідучы на працу ў калгас, людзі ніколі не забываліся прыхапіць з сабою з дому скібу хлеба, каб пачаставаць ім свайго былога кармільца. Калгасныя коні заўсёды галадалі. Аўса там яны не бачылі зусім. У самую галодную пару, у пачатку вясны, ўсе саламяныя стрэхі ў калгасах разбіраліся, і іх скармлівалі згаладалым жывёлінам. Пасля новага ўраджаю стрэхі зноў накрываліся саломаю, але толькі да наступнай вясны…

Галодных і саслабелых ад адной саломы коней у калгасах на ноч нават падвязвалі да бэлек, каб жывёліны не падалі ад знямогі. Інакш, калі зняможаны конь аднойчы валіўся з ног, ён ужо не паднімаўся ніколі.

З утварэннем калгасаў, калі коней гвалтоўна разлучылі з людзьмі, відаць, і скончылася эпоха блізкіх і непарыўных праз доўгія стагоддзі стасункаў чалавека і каня. А сёння, у эпоху гарадоў і машын, гэтыя стасункі сцерліся зусім.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up