Новости / Культура

Калі кніжкі былі вялікія

30.03.2012, 12:06 / remove_red_eye 136 / chat_bubble

Мы расцем і сталеем – і нашы кнігі робяцца ўсё меншыя і ўсё менш каляровыя. Але дарослым важна памятаць, што дзіцячыя кнігі – гэта тое, на што не варта шкадаваць грошай.

Пра тое, як адрозніваць добрыя дзіцячыя кніжкі ад дрэнных і дзе знайсці якасную дзіцячую літаратуру, напярэдадні Міжнароднага дня дзіцячай кнігі, які адзначаецца 2 красавіка, «IP» распавёў малады тата Дзмітрый  Прыступа, ён жа дызайнер Дзіма  Ску.

«Пасля трох ужо позна»

«Галоўнае – не гены, а асяродак, у якім выхоўваецца маленькі чалавек», – гэта словы з кнігі японскага аўтара Масару Ібука «Пасля трох ужо позна», прысвечанай выхаванню самых маленькіх. Іх паўтарае і Дзіма Ску ў падтрымку свайго пераканання, што асобаю і густам дзіцяці трэба займацца ад самага нараджэння.

РЕКЛАМА

«Зрэшты, менавіта гэтым мы з жонкаю і займаемся – імкнемся выхоўваць добры густ у нашай дачкі ад самага яе маленства, – кажа тата трохгадовай Марты. – І роля дзіцячых кніжак тут проста велізарная. Для нас яны – вельмі душэўная рэч…»

Па словах дызайнера, разам з жонкаю яны пачалі набываць дзіцячыя кнігі яшчэ да нараджэння дачкі, бо самі адчувалі ў гэтым патрэбу. А сёння іх сям’я пацвярджае ўласным прыкладам даўно вядомую ісціну пра тое, што разам з дзецьмі працягваюць вучыцца жыццю і дарослыя.

«Часта Марта гартае нейкую кнігу і раптам з усім сваім дзіцячым захапленнем прамаўляе нам: «Как клясіва!..» Вось такія моманты нам даспадобы, і тады мы вельмі радуемся за яе, а таксама за сябе і свой выбар», – кажа Дзіма.
Па словах маладога бацькі, добра аформленая кніга спрыяе развіццю фантазіі. Дзіця можа само прыдумляць гісторыі, будаваць дыялогі з рознымі настроямі і інтанацыяй, развіваючы такім чынам сваё ўяўленне і ствараючы вакол сябе чароўны свет.

«Малыя разумеюць значна больш, чым нам падаецца. У нашым грамадстве прынята лічыць, што дзеці – гэта проста нейкія недаробленыя чалавекі, якіх трэба вырошчваць. Наша сістэма адукацыі не ставіцца да іх як да паўнавартасных асобаў, у якіх ужо ад нараджэння праяўляецца свой непаўторны характар. У дзіцячых садках малых кормяць, водзяць на прагулкі, але амаль зусім не займаюцца іх асобамі, хутчэй наадварот – усіх даводзяць да нейкага сярэдняга стандарту. Але гэта і зразумела, што ў выхавацелькі наўрад ці атрымаецца адшукаць асабісты падыход да кожнага малога, калі іх цэлая плойма. Пасля, калі нешта атрымліваецца не так, школа кажа, што няправільна выхоўвалі бацькі, а бацькі – што вінаватая школа. А насамрэч – як першым, так і другім тое дзіця разам са сваім унутраным светам не надта было трэба. Нашай сям’і такі падыход не даспадобы. Я хачу, каб Марта вырасла паўнавартаснай асобай і добрым чалавекам не насуперак, а дзякуючы… То бок не насуперак гэтай шэрасці і агульнай стандартнасці, а дзякуючы нашым старанням».

Кнігі добрыя і дрэнныя

Як запэўнівае Дзіма Ску, яму дастаткова толькі зірнуць на дзіцячую кнігу, каб сказаць, добрая яна ці не: «Але ж гэта таму, што я дызайнер. Я заўважаю, напрыклад, няякасную тыпаграфіку, бачу, дзе дрэнна перарабілі лаці-ніцу на кірыліцу, пакінуўшы лацінскую «k», перакуленыя «h» замест «ч» або «n» замест «и»… Большасць людзей гэтага не разумеюць і не заўважаюць, але ўсё гэта спрацоўвае, і ў дзіцяці з маленства выхоўваецца дрэнны густ. У яго падсвядомасці закладаецца, што так нармальна».

Па словах дызайнера, паліцы баранавіцкіх кнігарняў і кніжных развалаў на кірмашах сёння перанасычаны дрэнна аформленай дзіцячай літаратурай. Для прыкладу Дзіма згадвае малюнкі папулярнага расійскага ілюстратара дзіцячых кніжак С. Міхайлава: «Тут, на мой погляд, і дрэнная кампазіцыя, і змяшаныя тэхнікі, і безгустоўна парушаныя прапорцыі, і агрэсіўныя колеры , – усё жудасна. Сустракаюцца кніжкі, дзе ёсць яшчэ такія пластмасавыя рухомыя вочкі… Складаецца ўражанне, што дзяцей проста завабліваюць падобнымі штукамі. Але ўсё гэта – няякасны прадукт. І адной насычанасці колераў – замала. Ёсць цудоўныя кнігі, напрыклад, амерыканскага пісьменніка і ілюстратара Яна Фалконера, дзе на адной старонцы або на развароце выкарыстоўваецца толькі два ці тры колеры, і гэтага дастаткова. Ёсць месцы, дзе вока адпачывае… І дзіцяці гэта падабаецца. Яго ўяўленне само можа дапоўніць карціну ўсім неабходным».

На думку Дзімы Ску, рынак няякасных дзіцячых кніг цалкам не знікне ніколі: «Усе гэтыя кніжкі каляровыя, пярэстыя, за іх чапляецца вока. Плюс – яны танныя. Іх шмат друкуюць і шмат купляюць. І будуць купляць, бо зусім без дзіцячых кніжак не абыдзешся».

Кніжак многа не бывае

«У нашай сям’і ёсць такі прынцып: купляць адну дзіцячую кніжку штомесяц, – прызнаецца Дзіма. – Праўда, калі мы трапляем на кніжны кірмаш, напрыклад, у Менску ці ў Маскве, наш графік зрываецца (смяецца.Аўт.). Мы імкнемся набываць кнігі на кніжных кірмашах, непасрэдна ў выдавецтвах – у беларускіх, украінскіх, расійскіх, бо так выходзіць танней. Шмат купляем у інтэрнэт-крамах, на распродажах, заўсёды параўноўваем кошт і знаходзім самы выгадны варыянт».

Па словах Дзімы Ску, у нашым горадзе небагаты выбар якаснай і добра ілюстраванай дзіцячай літаратуры. Таму яго сям’я не прамінае дні, калі ў Баранавічы прыязджае легендарная нямецкая «бібліятэка на колах» – медыя-аўтобус «Deutsch-Exspress». На часовае карыстанне там можна ўзяць шмат як арыгінальных нямецкамоўных, так і перакладных кніжак, купіць якія ў Беларусі папросту немагчыма.

Дзіцячыя кніжкі ў падарунак трохгадовай Марце і яе бацькам з самых розных краінаў свету прывозяць і іх сябры, якія прыязджаюць пагасцяваць да баранавіцкай сям’і. Як кажа Дзіма, мастацкі густ у іх сяброў з замежжа больш развіты, таму звычайна ў падарункі прывозяць вельмі якасныя рэчы.

«Калі вельмі захацець, харошыя кніжкі для дзяцей можна знайсці і ў Баранавічах, – кажа дызайнер. – Неяк у закутку на вакзале мы зусім нечакана знайшлі вельмі якасныя кнігі аднаго добрага расійскага выдавецтва, да таго ж зусім за капейкі. Як высветлілася, гэта была партыя, якую не прадалі ў Маскве, бо там былі нейкія дробныя дэфекты. Таму, як любяць паўтараць у школах, зможаце, калі захочаце… (смяецца. Аўт.

TOP-5 дзіцячых кніжак на баранавіцкіх паліцах

РЕКЛАМА

1. «Мама Му чытае», тэкст – Ю. Вісландэр, малюнкі – С. Нурдквіст.

Упершыню выдадзеная па-беларуску гісторыя пра забаўную карову Му, напісаная папулярным шведскім дзіцячым пісьменнікам Вісландэрам. З’яўленне на свет кожнай новай кнігі з гісторыямі пра кароўку Му, што ілюстраваліся выдатным шведскім мастаком Свэнам Нурдквістам, было сапраўднай падзеяй не толькі для шведскіх дзяцей, але і для дарослых. 

2. «Ярмарка в Руммельсбахе», О. Пройслер.

Імя гэтага нямецкага дзіцячага пісьменніка многім нашым татам і мамам вядома па расійскіх перакладах яшчэ з савецкіх часоў. Новае выданне якасна ілюстравана малюнкамі нямецкай мастачкі і мадэльеркі Розі Фогель.

3. «Капялюш чарадзея», Т. Янсан.

Гэта трэцяя выдадзеная па-беларуску казачная аповесць з серыі кніг, прысвечаных забаўным і сімпатычным істотам – мумітролям. Кнігу напісала і сама праілюстравала знакамітая фінская пісьменніца Тувэ Янсан. У кнігарнях яшчэ можна знайсці і дзве першыя кнігі з серыі пра мумітроляў, таксама выдадзеныя па-беларуску, «Маленькія тролі і вялікая паводка» і «Камета над далінай мумітроляў».

4. «Дон Кихот», М. де Сервантес Сааведра.

Гісторыя пра хітрамудрага Дон Кіхота, апрацаваная адмыслова для дзяцей і праілюстраваная выдатнай графікай Гюстава Дорэ. Класіка, якую карысна будзе прачытаць усім дзецям і не менш карысна перачытаць многім дарослым. 

5. «Чароўны свет. З беларускіх міфаў, паданняў і казак».

Выданне, з якога можна не толькі даведацца пра ўвесь чароўны свет беларускіх міфічных персанажаў і казачных істотаў, але і ўбачыць іх у выкананні выбітнага беларускага графіка Валерыя Славука.

Читать также
Культура camera_alt

Барановичи в Instagram. Концерт Славы

22 часа назад remove_red_eye 2707
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up