Автор: Алесь ГIЗУН

14:57, 23 марта 2012

Культура

remove_red_eye 104

Адкуль бяруцца сальфіны?

Сальфіны – гэта сімпатычныя, рознакаляровыя лялькі-анёлкі, якія маладая баранавіцкая мастачка Віка Чайка робіць… з салёнага цеста. Можа падацца, што іх можна есці, але лепш пакідаць на памяць сабе або дараваць сябрам.

Напярэдадні Міжнароднага дня лялечніка, які адзначаецца 21 сакавіка, баранавіцкая лялечніца Віка Чайка распавяла «IP» пра сваё незвычайнае захапленне.

Дзяцінства назаўжды

Нягледзячы на тое, што Віка Чайка гадуе ўласную трохгадовую дачку Марту, яна не лічыць сябе дарослым чалавекам. «Я не адчуваю сябе дарослаю, – прызнаецца маладая мастачка. – Мне здаецца, што я так і засталася той маленькаю дзяўчынкаю, якая па-ранейшаму працягвае гуляцца з лялькамі. Толькі цяпер я вырабляю іх сама…»

РЕКЛАМА

Віка – ганчар-кераміст па адукацыі. Яна – найлепшы прыклад таго, як мары дзяцінства могуць ўвасабляцца ў сталым жыцці. Пачаўшы рабіць лялек яшчэ дзяўчынкай, на сёння Віка паспела стварыць ужо не адзін дзясятак самых розных цацак з гліны, тканіны, пап’е-машэ… Але толькі з нараджэннем дачкі маладая мастачка вынайшла сваё сапраўднае захапленне. Віка прыдумала сальфінаў.

Імя з прысмакам солі

Аднойчы сяброўка падаравала Віцы невялікую драўляную лялечку з ножкамі-вісюлькамі на льняных нітках. Падарунак вельмі крануў мастачку, і яна падумала, а чаму б не паспрабаваць зрабіць штосьці падобнае сваімі рукамі.

«Набліжаўся Новы год, і мне захацелася неяк арыгінальна ўпрыгожыць наш дом, – прыгадвае лялечніца. – І я вырашыла зрабіць падобныя лялькі з таго, што заўсёды ёсць пад рукамі ў хаце – з цеста ды з солі – і расфарбаваць іх. Пасля мне захацелася прыдумаць ім назву, брэндавае імя, якое змяшчала б у сабе іх адмысловы складнік – соль. Я думала-думала і прыдумала: сальфіны…»

Новае захапленне Вікі прыйшлося даспадобы і яе сябрам. А таму першы дзясятак сальфінаў цалкам разышоўся на падарункі.

Дзяўчынкі-хлопчыкі

Першапачаткова ўсе сальфіны былі толькі дзяўчынкамі. «Але з часам мае сябры ўсё часцей пачалі пытацца ў мяне і пра хлопчыкаў, – распавядае Віка. – Трэба прызнацца, раней я і сама думала пра гэта, але ствараць мужчынскія вобразы мне здавалася больш складаным. Дзяўчынкі падава-ліся мне больш выразнымі, ім прасцей прыдумляць новыя прычоскі, адзенне, аксесуары. А як можна эксперыментаваць з хлопчыкамі, каб яны не атрымліваліся падобнымі да дзяўчынак, я не ведала… Пакуль не прыдумала, здаецца, бяспройгрышны варыянт – вусы».

Першы сальфіна-хлопчык з’явіўся ў серыі, прысвечанай Дню святога Валянціна. Ён быў апрануты ў белую кашулю, размаляваную ружовымі сэрцамі, і меў па-французску закручаныя вусы. «Аднак калі я трапіла з гэтай серыяй на Fashion Market-выставу ў Мінску, адзін з наведвальнікаў прызнаўся, што мой персанаж нагадаў яму гомасэксуа-ліста, – усміхаецца Віка. – Давялося патлумачыць чалавеку, што гэта звычайны франт, падобных якому даволі шмат сярод сучаснай моладзі… Праўда, наступных хлопчыкаў я вырашыла рабіць больш строгімі і артадаксальнымі».

Нашто сальфінам крылы?

Сальфіны Вікі Чайкі – вясёлкавае багацце колераў і вобразаў, падгледжаных ёю ў жыцці. «Усе формы і колеры для сваіх сальфінаў я бяру з жыцця, з усяго таго, што нас акружае, – распавядае мастачка. – Мне часта кажуць, што мае сальфіны такія шматколерныя, вясёлыя, чароўныя… А я кажу, што яны такія, бо наша жыццё такое – чароўнае і рознакаляровае. Трэба толькі ўмець гэта заўважаць».

Абавязковы атрыбут усіх сальфінаў, які адрознівае гэтыя лялькі ад людзей, – крылы. «Гэта проста таму, што мне падабаюцца анёлы, і я хачу, каб яны спрыялі мне і маім сябрам. Гады два таму я вырашыла зрабіць падобных анёлкаў з сэрцайкамі для маіх сябровак, якія на той час былі самотнымі і ніяк не маглі знайсці свае палоўкі. Зараз усе знайшлі сваё каханне, а адной з іх пашчасціла ў Іспаніі, і яна пераехала жыць туды. Цяпер мая сяброўка заўсёды трымае тую сальфіну пры сабе як талісман. Мне не вельмі падабаюцца словы «талісман» ці «абярэг», але калі хтосьці надае маім лялькам нейкі свой сэнс і гэта дапамагае яму жыць, то я толькі радая за іх», – дзеліцца думкамі Віка.

Падарожжы лялек

Віка Чайка паспела стварыць ужо некалькі дзясяткаў лялек з салёнага цеста. З усімі імі можна пазнаёміцца на аўтарскай старонцы баранавіцкай лялечніцы ў Livejournal. Многія сальфіны сёння захоўваюцца ў сяброў і знаёмцаў Вікі, ды не толькі з Беларусі, але і з Украіны, Расіі, Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Славакіі, Бельгіі і нават з Канады.

«Кожны творчы чалавек штосьці стварае перадусім дзеля сябе, – мяркуе Віка. – Мне дастаткова таго, што я атрымліваю асалоду ад працэсу творчасці і ад яго выніку. Але яшчэ прыемней, калі мне кажуць, што мае лялькі чароўныя, калі я бачу, як у дарослых людзей прачынаецца іх ўнутранае дзіця, як маімі лялькамі замілоўваюцца нават мужчыны…»

Тое, што не прадаецца

РЕКЛАМА

Сёння Віка Чайка раздумвае над тым, каб зарэгістравацца рамеснікам і мець з уласнага хобі дадатковы прыбытак для сям’і. «Грошы для нашай сям’і зарабляе муж, і пакуль у мяне няма патрэбы зарабляць самой, – прызнаецца Віка. – Але калі мая ўлюбёная справа прынясе дадатковыя сродкі ў сям’ю, чаму б і не?.. У мяне ёсць толькі адна самая дарагая мне лялька – дачушка Марта. Яна – галоўнае маё натхненне».

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up