Автор: Алесь Гізун

14:04, 3 февраля 2012

Общество

remove_red_eye 170

Лісты да бацькі

Бацька экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча – Віктар Паўлавіч – бязрадасна сустрэў 19 студзеня сваё 85-годдзе. Дзясяткі віншаванняў, якія ён атрымаў у гэты дзень з усёй краіны, яднае пажаданне як мага хутчэйшай сустрэчы з сынам на волі. З надзеяй пра гэта ў сваіх апошніх лістах піша і Мікола Статкевіч.

«IP» перачытала турэмныя лісты сына да свайго бацькі. У іх амаль няма гэтак званай «палітыкі», зусім мала звестак пра сябе і свае турэмныя будні, але яны прасякнуты шчырым і душэўным клопатам сына пра старога бацьку.

«Кожны дзень тут падобны на другі»

РЕКЛАМА

Віктар Паўлавіч – бацька Міколы Статкевіча – жыве чаканнем кожнай новай весткі ад сына

Віктар Паўлавіч – бацька Міколы Статкевіча – жыве чаканнем кожнай новай весткі ад сына

3 сакавіка 2011 года.

«Днямі нарэшце атрымаў ад цябе ліст… Пачаў ужо хвалявацца, як ты там? Дзякуй, што трымаешся, што не скардзішся, каб не «грузіць» мяне. У мяне ўсё нармальна. Як і раней пісаў табе, я шмат чытаю, хаджу на прагулку, займаюся гімнастыкай… Кожны дзень тут падобны на другі, таму пісаць асабліва няма чаго. А калі пісаць на іншыя тэмы, не пабытовыя, то мой ліст да цябе не дойдзе…   Твой сын Коля».

14 сакавіка 2011 года.

«Папа, у мяне вялікая просьба да цябе – з’ездзі ў санаторый. Гэта і табе будзе нейкая разнастайнасць, і карысць для твайго здароўя. І мне будзе спакайней, бо там ты пройдзеш абследаванне і лячэнне. Калі ласка, зрабі гэта для мяне, каб я адчуваў сябе спакайней… Перадавай прывітанні ўсім, хто тэлефануе табе, падтрымлівае цябе. Я вельмі ўдзячны ўсім гэтым людзям… Вельмі сумую без цябе. Трымайся, папа. Моцна абдымаю цябе…»

«Усё будзе добра»

28 сакавіка 2011 года.

«Дарагі папа! Спадзяюся, што мой ліст застане цябе яшчэ да ад’езду на вяселле. Рады, што ты ўбачыш усіх сваіх унукаў. Але прашу цябе быць асцярожней у паездцы. Рэчаў не бяры шмат, да вакзала вазьмі таксі. У мяне ўсё нармальна… Больш не пішу, бо хачу, каб мой ліст дайшоў да цябе…»

11 красавіка 2011 года.

«Мабыць, ты ўжо ведаеш, што хутка будзе суд… На суд каб не ехаў – будзе магчымасць ўбачыцца пасля суда. Адчуваю сябе я нармальна. Са здароўем усё добра. Вельмі сумую без цябе. Трымайся, папа. Усё будзе добра. Моцна абдымаю цябе…»
«Я ганаруся табой…»

19 красавіка 2011 года.

РЕКЛАМА

«Апошні ліст, які я атрымаў ад цябе, ты адправіў 6.04. Я табе адказаў, з таго часу лістоў ад цябе не маю. Не ведаю, ці то мой ліст не прапусцілі, ці твой, ці абодва нашыя лісты не дайшлі. Спадзяюся, што хаця б гэтыя мае радкі ты прачытаеш… Учора Марына перадала перадачу. У ёй ёсць і твой пірог. Вялікі дзякуй – вельмі смачна. Я ганаруся табой, тым, як ты моцна і мужна трымаешся ў сваім узросце… Вельмі шкада людзей, якіх забілі і пакалечылі 11 красавіка. Шкада іх бацькоў. Папа, самая вялікая мая просьба да цябе – беражы сябе, трымайся, будзь моцным…»

25 красавіка 2011 года.

«Дарагі папа! Віншую цябе са святам Божага Уваскрэсення! Хрыстос Уваскрос!.. Добра, што ты прайшоў УЗІ. І добра, што не выявілася вялікіх праблем. Толькі не ведаю, ці правільна ты робіш, што не ездзіш на дачу. Тут галоўнае не тое, што ты там пасадзіш, а стымул праз лес прайсці, паглядзець, як нешта расце на тваёй зямлі… Трэба напружвацца, нават калі цяжкавата. Трэба жыць як мага поўным жыццём… Не паддавайся ты гэтаму настрою, што ў цябе ўсё кепска, і тое рабіць не варта, і тое… Прашу цябе трымацца, бо хачу ўбачыць цябе, хачу, каб мы маглі ўсе разам, з унукамі і праўнукам сабрацца ў цябе…»

4 мая 2011 года.

«У апошнія тыдні да мяне стала даходзіць больш газет. Так што я крыху ў курсе апошніх падзей у эканоміцы. Спадзяюся, што тваёй пенсіі табе хапае на жыццё, што ты нармальна харчуешся, еш дастаткова садавіны і гародніны. Беражы сябе, гуляй, ездзі на дачу, нават калі ты там нічога не пасадзіў. Бо проста  прайсці па веснавым лесе, пабыць на прыродзе – гэта вельмі добра і трэба цаніць такую магчымасць…»

«Наконт суда я ілюзій не маю…»

16 мая 2011 года.

«Зараз я штодня, акрамя выхадных, езджу ў суд… Наконт суда я ніякіх ілюзій не маю, бо сапраўднае рашэнне па маёй справе будзе прымаць не суд. Але ты і сам гэта выдатна разумееш… Вельмі сумую без цябе. Моцна абдымаю…»

23 мая 2011 года.

«Пра судовы працэс не пішу – ты і так усё пра гэта ведаеш… Адчуваю сябе добра. На прагулцы ёсць магчымасць «ухапіць» крыху сонейка. Чуваць іншы раз нават пах бэзу… І гэта трэба цаніць, папа – магчымасць хадзіць пад сонцам, глядзець на траву і дрэвы, адчуваць пах кветак. Таму не лянуйся гуляць, глядзець на ўсё прыгожае наўкол і радавацца жыццю. Папа, я вельмі хацеў бы, каб мы з табой убачыліся на свабодзе. Таму прашу цябе – трымайся. Не дазваляй кепскаму настрою авалодаць табой, бо  ўсе хваробы пачынаюцца ў галаве… Перадавай прывітанні ўсім, хто падтрымлівае цябе…»

30 мая 2011 года.

«Пра мае справы ты ведаеш. Калі ласка, не бойся за мяне. Я не баюся – і ты не бойся. Асноўная мая турбота зараз – пра твой стан. Усё гэта, што адбываецца вакол мяне, нам трэба будзе вытрымаць. Я вельмі хачу, каб мы ўбачыліся на свабодзе. Таму яшчэ раз прашу цябе – беражы сваё здароўе, шукай сабе занятак, цікаўся жыццём, навінамі. Старайся падтрымліваць нармальны настрой. Калі не можаш глядзець беларускае тэлебачанне, то пастаў спадарожнікавую «талерку» і глядзі Белсат…

Вельмі хацеў бы, каб ты з’ездзіў адпачыць у санаторый… Урэшце, з’ездзі туды за мяне:)… Па законе, перад адпраўкаю ў калонію мы маем права на спатканне. Вельмі хачу цябе ўбачыць, але разумею, што сустрэча ў такім месцы, ды яшчэ цераз шкло – не самы лепшы варыянт. Таму глядзі сам, глядзі па сабе – ці варта табе ехаць на такое спатканне…»

Ліст Міколы Статкевіча да бацькі ад 30 мая 2011 года

Ліст Міколы Статкевіча да бацькі ад 30 мая 2011 года

Ліст ад 30 мая 2011 года

Ліст ад 30 мая 2011 года

14 чэрвеня 2011 года.

«Твой апошні ліст я атрымаў яшчэ ў Мінску, а адказаць здолеў ужо з новага месца – з калоніі ў Шклове. Калі ласка, не хвалюйся за мяне. Тут значна лепей, чым у следчых ізалятарах. Можна гуляць пад адкрытым небам. Шмат дрэў, трава. Усё, ад чаго за паўгода паспеў адвыкнуць…

Вакол мяне ў СІЗА было шмат людзей. Людзі розныя. У тым ліку і махляры… Таму, калі табе нехта патэлефануе і скажа, што сядзеў разам са мною і хоча перадаць прывітанне, то адмаўляйся ад такіх сустрэч. Бо яшчэ мажлівы і правакацыі… Каці і Ані (дочкі М. Статкевіча. – Аўт.) перадай,  што ў мяне ўсё нармальна, але пісаць ім у бліжэйшы тыдзень не буду. Тут па Беларусі першыя мае лісты будуць даходзіць за два тыдні, а што казаць пра Германію… Напішу ім пазней, калі мясцовыя зразумеюць, што ў маіх лістах таемных шрыфтоў і нябачных надпісаў няма:)…»

«Гэта – як паддацца ім»

26 чэрвеня 2011 года.

«Віктар напісаў мне, што ты зноў пачаў паліць. Гэта мяне вельмі расстройвае. Ты ж толькі ў мінулым годзе пакінуў паліць цыгарэты і стаў адчуваць сябе значна лепей. Я разумею, што гэта з-за маёй сітуацыі, але ж навошта было зноў пачынаць. Гэта – як паддацца ім. Не варта. Кідай зноў…»

«Падкруцілі гайкі…»

12 ліпеня 2011 года.

«На жаль, магчымасці патэлефанаваць табе ў мяне ў бліжэйшыя тыдні не будзе. Тут нядаўна пабываў гэты тып, і з яго падачы тым, хто сядзіць па справе 19 снежня, «падкруцілі гайкі». Мне ў тым ліку забаранілі званкі блізкім сваякам… Так што зноў адзіным сродкам сувязі застаюцца лісты, а яны, на жаль, ідуць вельмі марудна і даходзяць не ўсе… Крадуць яны іх, каб гадоў праз 20 прадаць на аўкцыёне, ці што:)?..»

21 ліпеня 2011 года.

«Дарагі папа! Я ведаю, што нядаўна ты вярнуўся з санаторыя… вельмі рады, што ты адпачыў, убачыў іншыя мясціны… Адчуваю сябе нармальна, шмат чытаю, займаюся англійскай мовай. Нават хаджу ў царкву раз на тыдзень. Тут ёсць дастаткова ўтульная і дагледжаная невялікая царква… Спадзяюся, што пасля таго, як «товарищи» прачытаюць гэты ліст, царкву не зачыняць:)… »

«Ты мне вельмі патрэбны»

7 лістапада 2011 года.

«Дарагі папа! Доўга не пісаў табе – ты ведаеш, па якіх прычынах… (У пачатку верасня М. Статкевіч пашкодзіў руку на лесапільні. – А.Г.) З 1 лістапада працую без абмежаваняў, цягаю дошкі і брусы. Рука крыху пабольвае, але не вельмі. Спадзяюся, што да канца месяца будзе ў норме.

Праца не самая лёгкая, але і не вельмі цяжкая для мяне. Затое вельмі здаровая, на свежым паветры… Учора ў атрадзе былі тэлефонныя званкі, але я на гэты раз не атрымаў дазволу без тлумачэння прычынаў… Буду спрабаваць патэлефанаваць табе зноў, хаця не ведаю, ці дазволяць…»

23 снежня 2011 года.

«Дарагі папа! Віншую цябе з Новым годам і Калядамі! Жадаю табе моцнага здароўя, добрага настрою і паболей радасных навінаў!.. Адчуваю сябе добра, нічога не баліць… Шмат чытаю, займаюся гімнастыкай…

Атрымліваю шмат лістоў ад людзей з розных куткоў Беларусі, у тым ліку і з Баранавіч. Перадавай тым з іх, хто кантактуе з табой, маю падзяку і навагоднія віншаванні…»

Ліст Міколы Статкевіча да бацькі ад 23 снежня 2011 года

РЕКЛАМА

Ліст Міколы Статкевіча да бацькі ад 23 снежня 2011 года

11 студзеня 2012 г.

«Дарагі папа! Віншую цябе з днём твайго нараджэння. Жадаю табе найперш здароўя, добрага настрою і нашай як мага больш хуткай сустрэчы на волі!.. Трымайся, папа! Ты мне вельмі патрэбны. Моцна абдымаю. І цалую цябе. Твой сын Коля».

Даведка «IP»

Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч быў асуджаны ў маі 2011 года па абвінавачванні ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. З 12 чэрвеня мінулага года ён знаходзіўся ў Шклоўскай калоніі №17. З 12 студзеня 2012 года па рашэнні Шклоўскага суда, які палічыў, што палітык не стаў на шлях выпраўлення і не пакаяўся, Міколу Статкевіча на тры гады перавялі ў Магілёўскую крытую турму №4. Там былога кандыдата з першага дня змясцілі ў карцар на 10 сутак – за парушэнне формы адзення (Статкевіч знаходзіўся без біркі вязня на адзенні). Пасля выхаду з карцара Міколу Статкевіча пасадзілі ў адзіночную камеру следчага ізалятара. Цяпер экс-кандыдату ў прэзідэнты жорстка абмежаваны кантакты з блізкімі і сваякамі, ён максімальна ізаляваны ад усякіх камунікацый.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up