Автор: Алесь Гізун

14:37, 20 января 2012

Общество

remove_red_eye 111

Як перажыць канец свету?

Калі верыць інтэрпрэтатарам календара старажытнай цывілізацыі майя, чалавецтву засталося жыць ужо менш за год. А як жа быць з прагнозам легендарнага Настрадамуса, які прадказаў Апакаліпсіс толькі амаль праз два тысячагоддзі? Кожнаму пакаленню даводзіцца перажыць на сваім вяку некалькі канцоў свету.

Канец свету папулярнейшы за Канстытуцыю

На пошукавую фразу «конец света в 2012 году»  дзядзечка Google выдае каля 16 млн розных спасылак (для параўнання: на выраз «Конституция Беларуси» – у 10 разоў менш). А цётачка Wikipedia на гэту фразу адказвае нават асобным аднайменным артыкулам.
У Інтэрнэце створаны  і цэлыя сайты, прысвечаныя гэтай сімвалічнай даце. Апроч апакаліптычных навінаў, падобныя рэсурсы прапаноўваюць поўную статыстыку катастроф на Зямлі напярэдадні канца свету альбо падборку тэматычнага відэа: напрыклад, папулярны га-лівудскі блокбастэр Раланда Эмерыха «2012» ці фільм «Апакаліпсіс» Мэла Гібсана. На некаторых сайтах можна знайсці нават онлайн-лічыльнік, які штосекундна адлічвае час да пачатку Вялікага Канца. Па апошніх прагнозах сіноптыкаў Апакаліпсісу, яго трэба чакаць сёлета, 21–23 снежня.

The End-2012

РЕКЛАМА

Дата чарговага канца свету абрана невыпадкова. Нібыта менавіта гэтымі днямі, паводле сучаснага летазлічэння, заканчваецца каляндар развітай старажытнай цывілізацыі Цэнтральнай Амерыкі – майя, а разам з іх календаром – і гэтак званая эпоха Пятага Сонца, у якую мы ўсе жывем. Змена эпох будзе суправаджацца каласальнымі зрухамі Сонца і іншых планет, што закончыцца маштабнай катастрофай для сучасных зямлянаў…

Такія інтэрпрэтацыі календароў майя, што да нашых часоў захаваліся толькі часткова і толькі на каменных плітах, падаграюцца таксама звесткамі некаторых навукоўцаў, якія прагназуюць у 2012 годзе чарговы парад планет. Гэта перыядычная астранамічная з’ява, калі шэраг планет выбудоўваецца ў адну лінію. Апошні раз, напрыклад, у маі 2011 года ў падобным міні-парадзе ўдзельнічалі чатыры планеты Сонечнай сістэмы. І хаця ні ў 2011-м, ні раней ніякі канец свету пасля параду планет не надыходзіў, чамусьці ў 2012-м ён павінен  адбыцца абавязкова…

Усё ж ёсць і тыя, хто сучасным інтэрпрэтатарам майя не верыць. Адны скептыкі кажуць, што заканчэнне аднаго календара – гэта яшчэ не канец свету. Ну заканчваюцца ж і нашы гадавыя календары, якія мы штогод мяняем на новыя. А новы каляндар «сіноптыкаў» майя мог быць, напрыклад, згублены. Альбо ён быў зусім не напісаны, паколькі адказны за каляндар эксперт трапіў у лапы ягуара…
Між іншым, амаль незаўважанай у СМІ засталася нядаўняя заява мексіканца Антоніа Васкеса, што вядомы як «Вялікі вядзьмак Мексікі». Як перадае словы Васкеса www.lenta.ru, яго продкі ўвогуле ніколі не прадказвалі канца свету. Упс! Апакаліпсіс зноў адкладаецца. Але хто пачуе старога мексіканца Антоніа?!

Хто нажываецца, пакуль усе «паміраюць»?

Чалавецтва за сваю гісторыю ўжо сотні разоў перажывала канец свету. І дзясяткі новых апакаліптычных прагнозаў ужо складзены наперад. Выглядае, нібыта людзі не могуць проста спакойна жыць без перманентнага ведання дакладнай даты Х.

У адной са сваіх апошніх прац знакаміты аўстрыйскі псіхааналітык Зігмунд Фройд даў тлумачэнне падобнай «прагі» чалавека да смерці. Напрыканцы жыцця навуковец прыйшоў да высновы, што кожным з нас кіруюць два раўнаважныя падсвядомыя інстынкты: эрас і танатас – інстынкт жыцця і інстынкт смерці. Але калі большасць з нас пакутуе ад падсвядомай «залежнасці ад смерці», ёсць тыя, каму гэта чалавечая слабасць толькі на карысць. І карыстаюцца яны ёй абсалютна свядома…

Згаданы ўжо вышэй амерыканскі рэжысёр Раланд Эмерых, напрыклад, добра ацэньваў эканамічную выгоду, якую прынясе яму фільм з матэматычна сухой на першы погляд, але вельмі выйгрышнай назвай «2012»: «Я прысвячаю гэтаму цэлы фільм, бо быў надта ўражаны тым, што ў Google на запыт «2012» вы атрымліваеце 240 млн вынікаў. Гэта вельмі шмат…»

Касавыя зборы ад эксплуатацыі магічнага ліку «2012» атрым-ліваюць не толькі ў Галівудзе. На папулярных сайтах, прысвечаных даце 2012, напрыклад, шырока рэкламуюцца г.зв. крамы выжывання. Слоган адной з іх: «Будзь гатовы ўжо цяпер, думай да падзей!» Іх менеджары ўжо паклапаціліся пра вас і гатовы прапанаваць вам любы тавар на выпадак… калі свет абрынецца – ад нажоў-складанчыкаў і аварыйных рацыёнаў харчавання да прыбораў начнога бачання і паходных дыстылятараў вады. Што ж, па прагнозах, пасля катастрофы-2012 каля 0,5% насельніцтва ўсё ж выжыве. Дык хто застаецца сярод жывых? Давай у чаргу!..

Не баяцца, а жыць

Да бясконцых гульняў чалавека ў канец свету можна было б ставіцца, як да такой сабе бяскрыўднай, пацешнай забаўкі, калі б не адзін важкі аспект. Ад спекуляцыі і нагнятання апакаліптычнага страху аднымі людзьмі моцна церпяць іншыя. Варта хаця б прыгадаць выпадак з 30 сектантамі з расійскага сяла Паганаўка, якія ў 2007 годзе ў чаканні планетарнай катастрофы зачыніліся разам з дзецьмі ў падземным бункеры, а пры спробе іх выратаваць пагражалі самаспаленнем. Можна прыгадць і тыя рэгулярныя паведамленні з розных краін свету пра самагубствы дзяцей і падлеткаў, запужаных блізкасцю канца свету… Рэч зусім не ў тым, што яго ніколі не будзе. Калі-небудзь канец свету абавязкова здарыцца.  Толькі наўрад ці нас хтосьці пра гэта папярэдзіць. А пакуль трэба жыць. І імкнуцца жыць так, каб Апакаліпсіс прыйшоў да нас як мага пазней.

Топ-10 канцоў свету

– якія мы ўжо перажылі:

1. Гады 33-і, 666-ы, 1033-і і іншыя. Першыя хрысціяне сістэматычна палохалі чалавецтва судным днём, прымяркоўваючы яго то да года смерці Хрыста, то да «ліку Звера», то да тысячагоддзя пасля смерці Божага сына.

2. Год 1603. Знакаміты італьянскі манах-астролаг Тамаза Кампанэла прадказваў, што ў гэтым годзе Зямля наляціць на Сонца… У выніку пасля спрагназаванай ім «катастрофы» Кампанэла пражыў яшчэ 36 гадоў.

3. Год 1910. На гэты год еўрапейскія астраномы прадказвалі альбо канец свету ад падзення на Зямлю каметы Галея, альбо, як мінімум, масавае атручванне зямлянаў яе газам. Пішуць, што ў той год нейкія  «прадпрымальнікі» нават паспелі зладзіць бізнес на продажы адмысловых лекаў нібыта з проціяддзем.

4. Год 1999. Расійскі пісьменнік-фантаст Аляксандр Казанцаў, па-свойму перачытаўшы Настрадамуса і натхніўшыся ім, прадказаў, што ў гэтым годзе ў раёне ўкраінскага Данбаса на нашу планету наляціць астэроід.

5. Гады 2000–2001. На гэтыя даты існавала не менш за два дзясяткі розных прагнозаў канца канцоў. Але Зямля па-ранейшаму круціцца!

РЕКЛАМА

– якія нам яшчэ трэба перажыць

1. 21–23 снежня 2012 года. Паводле календара  майя ў гэты перыяд адбудзецца змена сонечных цыклаў і перараджэнне Сусвету. Перажыць глабальную катастрофу і трапіць у новую эру змогуць толькі 0,5% насельніцтва Зямлі (каля 35 млн).

2. Год 2017. Чакаецца канец свету паводле цяжкадаступнай для абывацеляў тэорыі герархічных катастроф.

3. Год 2021. Гэта крайняя дата, да якой, паводле некаторых навукоўцаў, павінна адбыцца інверсія (альбо змена напрамкаў) магнітнага поля Зямлі. Па навуковай легендзе, большая частка жыхароў планеты не выжыве.

4. Год 2036. Зямлю нарэшце-такі атакуе астэроід Апофіс.

5. Год 3797. Гэту дату Апакаліпсісу пазначыў Настрадамус у лісце да свайго сына Цэзара, якому зычыў «доўгага жыцця і шчасця».

Каментарый спецыяліста

Марына Глушакова, прыватны псіхолаг:

– Пра канец свету казалі ўсюды і ва ўсе часы. Прыгадайце хаця б біблейскі Сусветны патоп або апакаліптычныя настроі ў 2000 годзе. У заўсёдным чаканні глабальнай катастрофы людзям хочацца разам абмяркоўваць праблему, атрымліваць адзін у аднаго падтрымку, магчыма, пасмяяцца з сябе, а  магчыма, і шчыра прызнацца, што ім сапраўды страшна. Разам лягчэй баяцца, разам не так страшна. А адчуванне канца ўсяго існага прымушае чалавека пераглядаць уласныя ўяўленні пра сябе і сваё жыццё. Калі чалавек баіцца, у ім адбываецца выкід адрэналіну, і гэта звычайна мабілізуе яго, дапамагае перажыць бяду. Калі гора мінае, многім ужо не хапае гэтага стану і яны прыдумляюць наступныя магчымыя катаклізмы.

Пад уплыў дарослых трапляюць і дзеці, якія ўспрымаюць праблему канца свету з іх слоў. Гэты працэс часта можа выпадаць з-пад кантролю бацькоў, а таму, калі дзіця паглыбляецца ў стан няпэўнасці, важна ўтрымаць яго псіхічную раўнавагу. Псіхіку дзяцей перад страхам канца свету можна зберагчы толькі тады, калі пераканаць іх, па-першае, у недаказанасці самога факту катастрофы, а, па-другое, у сіле бацькоўскай любові і дапамогі. Бацькі мусяць дапамагчы дзіцяці самому разабрацца з узніклай праблемай і навучыць правільна ставіцца да яе. Будзьце заўсёды побач са сваімі дзецьмі, і няхай вас насцярожыць, калі яны раптам пачнуць кепска засынаць, будуць часцей раздражняцца ці, наадварот, замыкацца ў сабе, выказваць трывогу або страх.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up