Автор: Руслан Равяка

15:50, 8 декабря 2011

Культура

remove_red_eye 148

Дараўскі святар

З 1939 па 1947 год жыхары наваколля  Дарава, рызыкуючы жыццём, хавалі свайго ксяндза Станіслава Шаплевіча ад НКУС і гестапа. Пасля ГУЛАГа айцец Станіслаў Шаплевіч не з’ехаў у Польшчу, а вярнуўся назад, да сваіх вернікаў, ізноў пад ціск камуністычнай улады.

Станіслаў Шаплевіч, які прысвяціў усё сваё няпростае жыццё  жыхарам Дарава і навакольных вёсак, нарадзіўся ў Польшчы ў 1904 годзе. Гімназістам ён пайшоў у польскае войска і ўдзельнічаў у 1920 годзе ў абароне Варшавы. У 1926 годзе Шаплевіч паступіў у Пінскую духоўную семінарыю, а 24 мая 1931 года яго пасвяцілі ў сан святара і накіравалі ў Дараўскую парафію.

Касцёла на той час у Дараве не было. Ён згарэў разам з вёскаю ў 1915 годзе, падчас баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны. Пасля ваенных віхураў вёска пачала аднаўляцца, а вось сродкаў на адбудову касцёла ў жыхароў не хапала. У 1926 годзе была пабудавана маленькая драўляная капліца. Але ўсё змянілася, калі ў вёску прыехаў малады ксёндз Станіслаў Шаплевіч, які актыўна ўзяўся за пабудову касцёла.

Не маючы шмат грошай на будаўнічыя матэрыялы, айцец Станіслаў прапанаваў высякаць  блокі з нямецкіх жалезабетонных бліндажоў, што засталіся ад часоў Першай сусветнай вайны. Мясцовыя жыхары  звозілі блокі на сваіх вазах да месца будоўлі. Гэтак і былі пабудаваны сцены касцёла. Праект храма распрацаваў інжынер з Баранавіч Браніслаў Іванчык. Каб зарабіць грошы, праводзіліся латарэі, ставіліся спектаклі.

РЕКЛАМА

15 жніўня 1938 года  Дараўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў урачыста асвечаны біскупам Казімірам Букрабам. За самаахвярную працу ксяндза Станіслава ўзнагародзілі Залатым Крыжам Заслугі.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Шаплевічу, як  святару і  былому польскаму салдату, давялося хавацца ад Савецкай улады. Пазбегнуць арышту НКУС дапамагалі простыя людзі. Спачатку яго перахоўвалі ў вёсцы Макееўшчына, а пазней, увесь 1940 год, у вёсцы Малы Вадзяцін.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна,  ксяндзу таксама давялося знаходзіцца ў падполлі. Немцы падазравалі яго ў сувязях з польскай партызанкай. Ксяндза Шаплевіча вернікі пераправілі ў Вадзяцін, які быў акружаны з усіх бакоў балотамі. Там айцец Станіслаў і праводзіў свае набажэнствы.

Падчас наступу  Савецкай арміі ў 1944 годзе каля Дарава разгарэліся сур’ёзныя баі.  У касцёл трапілі некалькі снарадаў, але сцены, зробленыя з нямецкіх бліндажоў, вытрымалі:  на іх засталіся толькі невялікія заглыбленні. А вось на драўляную плябанію каля касцёла   ўпаў самалёт, пасля чаго яна згарэла.

Пасля вяртання Савецкага войска, у ліпені 1944 года, Шаплевіча  зноў пачынаюць шукаць. Людзі хаваюць святара ў вёсцы Гарбачы. Там у хаце Арлоўскіх пад падлогай была зроблена схованка. Пасля Шаплевіча пераправілі ў вёску Цітrаўшчына, дзе ў хаце Крывеняў была зроблена схованка ў падвойнай сцяне між кухняй і каморай. Праз паўгода  туды ўварваліся супрацоўнікі НКУС і, перамераўшы вонкавыя сцены і сярэдзіну хаты, схованку знайшлі. Але айцец Станіслаў на той час быў ужо ў іншым месцы. Святара перахоўвалі на розных хутарах і пры невялікай небясцецы адразу перавозілі ў іншае месца. Аднойчы ксяндзу давялося нават даіць карову, пераапрануўшыся ў жаночае адзенне.

На будаўніцтве касцёла працавалі вернікі з наваколля Дарава

На будаўніцтве касцёла працавалі вернікі з наваколля Дарава

Схапілі айца Шаплевіча 1 мая 1947 года ў вёсцы Літва. Выдаў яго адзін з мясцовых жыхароў. Ксяндза сцягнулі з гарышча, моцна збілі, нацкавалі сабак, якія яго страшэнна пакусалі. Пасля Шаплевіча завезлі ў баранавіцкую турму Крывое Кола. Праз паўгода ён быў асуджаны як амерыканскі шпіён на 25 год і вывезены ў лагер на Інце.

У лагеры Станіслаў Шаплевіч працаваў газамершчыкам у шахтах Інты. Там жа праводзіў патаемныя набажэнствы  для сваіх сяброў, маліўся за памерлых. Пасля смерці Сталіна стала лягчэй, з’явілася магчымасць ліставацца са сваімі парафіянамі.

Ён даведаўся, што дараўскі касцёл у 1949 годзе Савецкая ўлада забрала ў вернікаў і ператварыла ў склад.

Пасля вызвалення з лагера ў 1956 годзе Станіслаў Шаплевіч не з’ехаў у Польшчу, як яму раілі знаёмыя і ўлады. Ён вярнуўся ў Дарава, да людзей, з якімі быў звязаны, якія сталі для яго сям’ёю. Касцёл быў зачынены, а камуністычныя ўлады пасля зваротаў вернікаў дазволілі Шаплевічу працаваць у Макееўшчыне, дзе засталася драўляная капліца з саламяным дахам.

Дараўскі касцёл пабудавалі з бетонных блокаў, якія высякаліся з нямецкіх бліндажоў

Дараўскі касцёл пабудавалі з бетонных блокаў, якія высякаліся з нямецкіх бліндажоў

Вернікі сабралі грошы і пабудавалі свайму ксяндзу хатку. У ёй айцец Станіслаў пражыў усё жыццё. Дарэчы, пасля вяртання з ГУЛАГа Станіслаў Шаплевіч сустрэўся з чалавекам, які выдаў яго. Ксёндз дараваў яму за здраду. Пасля нармальна да яго адносіўся ды нават наведваўся ў госці. А большасць людзей нават пасля смерці ксяндза не ведалі, хто выдаў яго.

У капліцу на набажэнствы прыходзілі жыхары з усёй акругі. Грошы і рэчы, якія яму прыносілі, ён аддаваў людзям у патрэбе ці жабракам. Калі што і меў – гэта кнігі.

РЕКЛАМА

Уладам была не даспадобы гэткая актыўнасць ксяндза Шаплевіча, і 11 верасня 1960 года  праводзіць набажэнствы яму забаранілі. Ксёндз з таго часу праводзіў службы таемна ў сваёй хаце.

Веруючыя пісалі скаргі і прашэнні ў Мінск і Маскву, патрабавалі вярнуць святара. Тады ў 1961 годзе ў Макееўшчыну да капліцы была прыгнана тэхніка. Улады паспрабавалі разбурыць капліцу, але сабраўся вялікі натоўп людзей, якія не дазволілі яе знішчыць. Тэхніку адагналі, але хутка ў вёску прыехалі міліцыянеры   ды пажарная машына. Пратэстуючых вернікаў разагналі вадалівамі, самых актыўных затрымалі ды пасадзілі ў міліцэйскія машыны. Драўляная каплічка пасля гэтага была знішчана.

Каб пазбавіцца ад ксяндза, улады прапанавалі Шаплевічу працу ў Мінскай парафіі. Але ксёндз адмовіўся і застаўся разам са сваімі вернікамі. Ён таемна працягваў праводзіць набажэнствы, хрысціў, спавядаў людзей, хаваў нябожчыкаў.

З Макееўшчыны яго і забрала хуткая дапамога ў ноч з 7 на 8 жніўня 1975 года. У тую ж ноч ён памер у Баранавіцкай бальніцы – не вытрымала сэрца.
Нават пасля смерці людзі захавалі памяць пра свайго ксяндза. Па словах цяперашняга настаяцеля Дараўскага касцёла айца Яна Глінкі, калі ён толькі прыехаў у Беларусь, падчас аднаго набажэнства ў вёсцы Макееўшчына яму паказалі старую хатку Шаплевіча.

“Калі я першы раз увайшоў у пакой Шаплевіча, дык падалося, быццам айцец Станіслаў яшчэ жыве і толькі ўчора некуды выйшаў, – узгадаў айцец Ян Глінка. – Але ж пасля смерці святара тады прайшло 20 гадоў. За хаткай наглядала Ганна Янкоўская, былая гаспадыня і апякунка айца Шаплевіча”.
Айцец Ян пачаў збіраць успаміны пра свайго папярэдніка, апытваў людзей, якія памяталі Шаплевіча. Пасля смерці Ганны Янкоўскай яго рэчы былі перанесены ў Дараўскі касцёл. Пазней пакой айца Шаплевіча  быў цалкам адноўлены ў вёсцы Літва (дзе месціцца плябанія Дараўскай парафіі), як невялікі музей, прысвечаны жыццю і дзейнасці ксяндза.

У пошуках архіўнай інфармацыі пра святара Шаплевіча вельмі дапамог беларускі пісьменнік і даследчык гісторыі Здзіслаў Сіцька.
Напрыканцы 2010 года беларускі рэжысёр  Зоя Катовіч зняла дакументальны фільм «Дзеці ксяндза Шаплевіча» па сцэнарыі Алены Антанішынай. У 2011 годзе гэты фільм атрымаў узнагароду польскага Інстытута народнай памяці на VII Міжнародным каталіцкім фестывалі хрысціянскіх фільмаў і праграм «Magnificat-2011».

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up