Новости / Общество

Што за зіма чакае на парозе?

18.11.2011, 14:41 / remove_red_eye 125 / chat_bubble

Прагнозы ўсіх найбуйнейшых кліматычных цэнтраў свету сыходзяцца ў адным: сёлета нас чакае на рэдкасць сухая і вельмі сцюдзёная зіма.

Мароз па скуры…

“Першая палова зімы будзе маласнежнай і анамальна халоднай, да таго ж пачнецца яна ўжо напрыканцы лістапада, – паведаміла “IP” начальнік аддзела метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук. – Другая палова чакаецца больш лагоднай па тэмпературы, але звыш нормы снежнай”.

Як сцвярджаюць сіноптыкі, сярэднесезонная тэмпература паветра за тры зімовыя месяцы будзе на 0,5 – 1 градус ніжэй за кліматычную норму, якая для беларускай зімы складае мінус 5,5 градуса. Падобныя халодныя зімы бываюць у Беларусі ў сярэднім раз на 10 гадоў. Дзён, калі слупкі тэрмометраў будуць апускацца ніжэй за мінус 20 градусаў, у гэту зіму прагназуецца ўдвая больш, чым звычайна: па Брэсцкай вобласці – ад 10 да 15.

РЕКЛАМА

50 на 50

Па словах Людмілы Парашчук, такі прагноз спецыялісты Рэспубліканскага гідраметэацэнтра склалі на падставе прааналізаваных дадзеных Паўночнаеўразійскага кліматычнага цэнтра (Расія). Гэта адна з 11 падобных найбуйнейшых устаноў свету, што валодае найноўшай камп’ютарнай тэхнікай і перадавымі навуковымі кадрамі, якія займаюцца складаннем так званых ансамблевых сезонных прагнозаў на тры месяцы.

Праўда, як заўважыла Людміла Парашчук, паколькі гэта доўгатэрміновы прагноз, верагоднасць таго, што ён спраўдзіцца – толькі крыху большая за 50%: “Гэта відавочна, бо, каб скласці прагноз нават на трое сутак, трэба прааналізаваць метэаўмовы на некалькі тысяч кіламетраў вакол пэўнага фронту. Каб даць прагноз на тыдзень, трэба ведаць сітуацыю на ўсёй планеце. А пры доўгатэрміновых прагнозах аналізуюцца франты, верагоднае развіццё цыклонаў, якія пакуль яшчэ нават не існуюць у прыродзе”.

Сярэднесезонная тэмпература беларускіх зім за апошнія 10 гадоў і прагноз на зіму 2011/2012 (адносна кліматычнай нормы)

Сярэднесезонная тэмпература беларускіх зім за апошнія 10 гадоў і прагноз на зіму 2011/2012 (адносна кліматычнай нормы)

Наступныя зімы будуць таксама сцюдзёнымі?

Дарэчы, яшчэ месяц таму пра надзвычай халодную зіму з працяглымі маразамі папярэджвалі брытанскія метэаролагі, а таксама Сусветная метэаслужба. Як перадае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА, паводле прагнозу Сусветнай службы клімату, верагоднасць лютай зімы сёлета вельмі вялікая, бо ўсе індыкатары паказваюць на гэта.

Брытанскія ж метэаролагі, па інфармацыі БЕЛТА, увогуле мяркуюць, што Еўропа цяпер пачала ўваходзіць у новы малы ледавіковы перыяд, калі сярэднесуткавая тэмпература паветра значна панізіцца. А таму трэба чакаць, што наперадзе нас чакае цэлы шэраг суровых зім. Папярэдні падобны перыяд, па сцверджаннях навукоўцаў, у Еўропе назіраўся 300 гадоў таму. Тады вельмі сцюдзёныя зімы трымаліся некалькі дзесяцігоддзяў запар.

Народны прагноз

Беларускі народ здавён прагназаваў характар будучай зімы, назіраючы за кірункамі ветру ў пэўныя дні. Так, характар першай паловы зімы вызначаўся на Пакровы, 14 кастрычніка, другой – на Шчадрэц, 13 студзеня.

Па дадзеных Баранавіцкай метэаралагічнай станцыі, сёлета 14 кастрычніка ў нас дзьмуў паўночна-заходні вецер. Народны прагноз кажа: калі на Пакровы дзьме вецер з Поўначы – зіма будзе лютай і марознай, калі з Захаду – трэба чакаць стрыманай зімы, з умеранымі маразамі, якія будуць часта чаргавацца з адлігамі. Ці не тыя гэта лютыя маразы ў першай палове зімы, пра якія нас папярэджваюць і навукоўцы? І ці не тыя гэта анамальныя снегапады, якія яны таксама абяцаюць нам ў другой палове зімы? Пажывем-пабачым…

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up