Автор: Intex-press

22:01, 16 ноября 2011

Спецпроекты

remove_red_eye 267

Вакзал “Баранавічы-Палескія” на старых паштоўках

Некалі будынак вакзала «Баранавічы-Палескія» быў, відаць, адным з самых прыгожых у маладым мястэчку. Магчыма, таму яго гэтак шмат фатаграфавалі для разнастайных паштовак таго часу.

У 1884 годзе праз Баранавічы прайшла чыгуначная лінія Вільня-Роўна. Першы будынак вакзала быў драўляны, але ўжо ў 1899 годзе замест яго быў збудаваны каменны вакзал агульнай плошчай 210 квадратных метраў.

Прыгожы будынак аздаблялі дзве вежы над уваходам з перона. Дах вакзала быў крыты бляхай, па ўскрайку даху была ўсталявана каваная агароджа.

Дарэчы, тагачасныя «Баранавічы-Палескія» згадваюцца Якубам Коласам у «Новай зямлі», калі дзядзька Антось ехаў у Вільню па банкаўскі крэдыт:

РЕКЛАМА

«На паравозе без білета

Чхаў да Баранавіч дасвета.

Відаць, у добрую часіну

Збіраўся дзядзька ў пуцявіну:

Ў Баранавічах налучыўся

Кандуктар добры: ён згадзіўся

Давезці ў Вільню дзядзьку сходна.

Ўздыхнуў тут дзядзька наш свабодна…»

З пачаткам Першай сусветнай вайны вакзал выкарыстоўваўся для вайсковых мэтаў, праз яго праходзілі цягнікі з салдатамі і амуніцыяй, перавозіліся параненыя. Ад «Палескага» адыходзілі чыгуначныя шляхі да Вярхоўнай Стаўкі Мікалая ІІ, якая знаходзілася паблізу.

Пры адыходзе рускай арміі з Баранавіч у 1915 годзе вакзал быў узарваны. Цалкам быў знішчаны дах, выгарала ўся сярэдзіна, аднак самі сцены засталіся цэлымі. Гэта бачна на разнастайных нямецкіх паштоўках.

Пасля вайны будынак быў адноўлены, што выразна бачна на польскіх міжваенных паштоўках. Праўда, рысы даху былі зменены, на ім з’явілася дахоўка. Ад прыгожых вежаў над выхадам да перона не засталося і следу.

У 1920–1923 гадах на Палескім вакзале спыняліся і накіроўваліся ў карантын шматтысячныя ўцекачы з бальшавіцкай Расіі. Пазней на яго пероне ўрачыста сустракалі ксяндзоў-палітвязняў, якіх польскі ўрад абменьваў на арыштаваных беларускіх камуністаў.

Будынак вакзала існаваў падчас нямецкай акупацыі 1941–1944 гадоў, пра гэта сведчаць тагачасныя фотаздымкі. Знішчаны ці пашкоджаны ён быў, напэўна, падчас баёў за Баранавічы. Пасля вайны замест яго пабудавалі прыгожы   новы вакзал, які і ў наш час  сустракае і праводзіць шматлікіх гасцей і жыхароў Баранавіч…

РЕКЛАМА

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up