Новости / Общество

Лясны госць у гарадскім шматпавярховіку

4.11.2011, 13:03 / remove_red_eye 91 / chat_bubble

На мінулым тыдні, 27 кастрычніка, у тэхнічны падвал пяціпавярховага дома па вуліцы Войкава праз раскапаны падчас рамонту тунэль з цеплавымі камунікацыямі трапіла лісяня. Яго права на жыццё адстойвалі дзясяткі гараджан.

Знайшлі лісяня і паведамілі пра гэты незвычайны выпадак “IP” працоўныя КУВП “Баранавічыкамунцепласетка”, якія цяпер выконваюць рамонт цеплавых каму-нікацый па вул. Войкава, 19. Хутчэй за ўсё,  уночы звярок уваліўся ў выкапаную перад самым домам яму і па пракладзеных трубах трапіў у падвал.

У пятніцу звярка злавілі і, перавязаўшы яму лапы і пысу, каб не кусаўся, на нейкі час вынеслі на двор. Па словах гэтых людзей, ліса паводзіла сябе адэкватна, нікога не пакусала, але выглядала моцна напалоханай. Паглядзець на ляснога жыхара сыходзіліся людзі з навакольных дамоў.
Пазней лісяня забраў супрацоўнік Баранавіцкай гарадской ветэрынарнай станцыі. Звярка пасадзілі ў клетку, паклалі яму піць і есці, ад чаго ён, праўда, адмовіўся.

Ветэрынары меліся назіраць за лісянём 10 дзён, каб высветліць – здаровы гэта звер ці хворы на шаленства. Аднак, як паведамілі “IP” у ветстанцыі, у кожным выпадку гэтага маладога звярка чакаў незайздросны лёс. Паколькі лісы з’яўляюцца патэнцыйнымі носьбітамі вірусу шаленства і лічацца шкодным відам, злоўленае ў Баранавічах лісяня  ўсыпілі б.

РЕКЛАМА

Навіна пра злоўленае лісяня і яго будучы лёс выклікала вялікі рэзананс сярод чытачоў з розных куткоў краіны. У выпадку з гэтым звычайным лісянём беларусы праявілі незвычайную здольнасць да ўласнай ініцыятывы, актыўнай пазіцыі і салідарнасці.

У каментарах, дасланых чытачамі “IP”, людзі выказваліся гатовымі ахвяраваць самым дарагім – сваімі сродкамі і вольным часам, каб захаваць жыццё дзікаму звярку. У выпадку, калі лісяня ўсё ж выявіцца здаровым, гараджане прапаноўвалі не ўсыпляць яго, а вакцынаваць за свае грошы і пасля вывезці ў лес на ўласным аўто.

Аднак, як паведаміў “IP” начальнік гарадской ветэрынарнай станцыі Сяргей Мікалаеў, назаўтра ж, у суботу, лісяня знайшлі ў клетцы мёртвым. Экспертыза паказала, што звярок памёр ад энтэрыту – запалення  тонкай кішкі. Па словах ветэрынараў, менавіта праз сваю хваробу лісяня не магло нічога ні піць, ні есці.

Як паведамілі на ветэрынарнай станцыі, цяпер цела жывёліны ветэрынары адвязуць у Брэсцкі абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, спецыялісты якога высветляць, быў гэты звер здаровы ці хварэў на шаленства.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up