Баранавічы на старых паштоўках: вуліца Горкага
За сваю гісторыю вуліца Горкага шэсць разоў мяняла назву, прытым двойчы насіла імя еўрапейскіх імператараў, і ўжо 60 год, як яна названа ў гонар рускага пісьменніка.
Вуліца паўстала разам з нашым горадам. Як ужо неаднаразова паведамлялася, граф Развадоўскі спланаваў на сваіх землях адносна роўныя шырокія вуліцы. Назвы большасці вуліц былі звязаны з імператарскай сям’ёю. Сучасная вуліца Горкага першапачаткова была названа Аляксандраўскай – у гонар тагачаснага цара Аляксандра ІІІ. Яна пачыналася ад вуліцы Марыінскай (цяперашняй Савецкай) ды праходзіла каля гарадскога кірмаша (цяпер на ім пабудаваны радзільны дом і ваенкамат) і праваслаўнай царквы.
Як бачна з паштовак пачатку ХХ ст., вуліца ўжо была выбрукавана. На вуліцы размяшчаліся двухпавярховыя дамы. Першы двухпавярховы будынак злева (цяпер у ім размяшчаецца музей) – гэта крама гатовай адзежы М. Брэгмана. На наступным двухпавярховіку, які належаў Жухавіцкай, відаць шмат розных шыльдаў, але прачытаць іх цяжка. За ім у аднапавярховым будынку знаходзіўся «Зуболечебный кабинетъ Х. М. Бушеля».
З правага боку Аляксандраўская была забудавана толькі аднапавярховымі дамамі. У першым доме, каля якога прыпыніўся конік, была крама, якая гандлявала сукном. У наступным будынку была «Галантарэя» з «шырокім выбарам тавараў». У хатцы побач прадавалі абутак. На наступным дамку можна прачытаць шыльду «Портной». Блізкасць з кірмашом дазваляла добра развівацца гандлю і на Аляксандраўскай вуліцы.
Пасля ўваходу ў Баранавічы кайзераўскіх салдат у 1915 годзе назвы цэнтральных вуліц былі зменены. Вуліца Аляксандраўская атрымала самую значную назву ў горадзе. З 1915 па 1918 яна называлася Кайзер-Вільгельмштрасэ. Падчас знаходжання ў Баранавічах кайзер Вільгельм ІІ жыў у будынку, дзе цяпер знахо-дзіцца музей. Магчыма, ён пазіраў праз вокны на вуліцу, названую ў яго гонар…
Пасля таго як Барана-вічы ўвайшлі ў склад Польшчы, дваццаць год, да верасня 1939-га, ву-ліца зноў насіла гучную назву – Сенатарская. На ёй у 1929 годзе знаходзіліся аптэка Абрамоўскага, тры аптэкарскія склады, шэсць бляхарняў, цукерня Шавяле-віча, стаматалагічны кабінет доктара Лімана. На вуліцы была друкарня Рубінштэйна, чатыры «Галантарэі», шэсць крамаў тавараў з калоній, крама гатовага адзення, гатэль Юдкоўскага і кавярня Каплана. На гэтай вуліцы знаходзілася таксама польскае Таварыства афіцэраў рэзерву.
У верасні 1939 года Баранавічы разам з Заходняй Беларуссю ўвайшлі ў склад БССР. У Савецкім Саюзе сенатараў быць не магло, таму новая ўлада назвала вуліцу Пралятарская. Гэта назва, аднак, прабыла не доўга. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны і акупацыяй Баранавіч фашысцкімі захопнікамі вуліца стала звацца ідэалагічна нейтральна – Аптэчная. Як мяркуе былы дырэктар Баранавіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Станіслаў Шчарбакоў, такая назва паўстала таму, што вуліца вяла да будынка аптэкі на цяперашняй вуліцы Савецкай. Гэта аптэка размяшчалася там яшчэ з царскіх часоў.
Нагадаем таксама, што на самой вуліцы да вайны былі тры аптэкарскія склады.
Пасля вызвалення горада вуліцы вярнулі савецкую назву – Пралятарская, але, па словах гісторыка Станіслава Шчарбакова, ужо з 1947 года ў дакументах яна згадваецца як вуліца Горкага, а ў 1953 годзе гэта назва была афіцыйна зацверджана гарадскім выканкамам.
Дзякуем баранавіцкаму гісторыку Станіславу Шчарбакову за дапамогу ў напісанні артыкула.
Комментарии
Правила комментирования
Оставить комментарий