Новости / Политика

Выбары па-польску

21.10.2011, 13:09 / remove_red_eye 120 / chat_bubble

Ад Баранавіч да Польшчы нейкіх 200 км, але за апошнія гады жыццё там і тут усё больш і больш розніцца. Карэспандэнт «IР»  разам з групай беларускіх журналістаў наведаў Польшчу, каб убачыць, як   10 кастрычніка  там праходзілі парламенцкія выбары.

Польская палітычная раскладка

Неабазнанаму беларускаму чытачу адразу патлумачу палітычную сітуацыю ў нашых суседзяў. Ужо шмат год асноўнымі сіламі, якія змагаюцца за ўладу ў Польшчы, з’яўляюцца партыя «Грамадзянская платформа» (PO) і партыя «Права і справядлівасць» (PiS).

«Грамадзянскую платформу» ўзначальвае цяперашні прэм’ер Дональд Туск. Гэта  партыя прытрымліваецца ліберальнай па-літыкі, заснаванай на еўрапейскім супрацоўніцтве і дэмакратычных каштоўнасцях.

РЕКЛАМА

На чале партыі «Права і справядлівасць» стаіць Яраслаў Качынскі, брат загінуўшага ў авіякатастрофе прэзідэнта Леха Качынскага. Гэта партыя,  якая знаходзіцца ў апазіцыі да сённяшняй польскай ўлады і трымаецца крайне правых поглядаў.

Іншыя партыі не маюць гэтакай значнасці і не набіраюць больш за 10% галасоў. Дадам, што падчас гэтых выбараў з’явілася новая партыя «Рух за Палікота», якая нарабіла шмат шуму. Яго стварыў вядомы польскі мільянер Януш Палікот. Бізнесмен змагаецца за яшчэ большую свабоду  для бізнесу і рынку, змяншэнне ўплыву касцёла на палітычнае жыццё ды легалізацыю абортаў і лёгкіх наркотыкаў. Палікот зрабіў свой капітал на вырабе спірту і гарэлкі, а ў апошнія гады пайшоў у палітыку. На мінулых выбарах ён уваходзіў у «Грамадзянскую платформу», але пасля адышоў і стварыў сваю партыю.

Як адбываюцца выбары?

У Польшчы галасуюць па партыйных  спісах. Сёлета ў выбарах прымалі ўдзел 7 партый і кааліцый. У кожнай з іх меўся асобны спіс кандыдатаў на дэпутацкае крэсла. Спіс пачынаецца з лідара партыі ці кааліцыі, за якім ідуць яго намеснікі ды іншыя кандыдаты па меры змяншэння значнасці. Заканадаўствам вызначана, што ў спісах павінна быць не менш за 35% жанчын (ці мужчын, калі гэта жаночая партыя). Тыя, хто не ўваходзіць у партыю, таксама могуць быць уключаны ў спісы.

Гэты спіс атрымлівае пасля нацыянальны нумар. Напрыклад, спіс №1 мела апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць», а кіруючая партыя «Грамадзянская платформа» ішла пад спісам №7. Па кожнай выбарчай акрузе партыі вылучаюць некалькі сваіх кандыдатаў з агульных спісаў. Голас за кандыдата ад спіса падлічваецца як за асобу, так і за партыю агулам.

Каб трапіць у парламент, партыям трэба набраць больш за 5% галасоў па ўсёй краіне. Пасля, згодна з набранымі  галасамі, партыі дзеляць 460 месцаў у парламенце. Цікава, што партыі,  якія атрымаюць больш за 3% галасоў, – на працягу 4 гадоў, да наступных выбараў атрымліваюць фінансавую дзяржпадтрымку. Ступень фінансавання залежыць ад набраных працэнтаў. Напрыканцы года за тыя грошы партыя па-вінна зрабіць падрабязную справаздачу, і калі яна гэта зробіць пра-вільна, дык атрымлівае наступную частку фінансавання. Некаторым партыям выгадна набіраць ад 3 да 5%, каб не мець адказнасці за працу ў сейме, але мець фінансавую дзяржаўную падтрымку.

Агітацыя

Агітацыя ў нашых суседзяў праводзіцца вельмі весела і разнастайна. Гарады патанаюць у плакатах і білбордах. На дарогах шмат машын, якія возяць на даху ці прычэпах плакаты, што заклікаюць галасаваць за нейкую партыю ці кандыдата. Адзін з кандыдатаў вырабіў свае ўлёткі падобнымі да талонаў на грамадскі транспарт, другі надрукаваў іх на ўпакоўках з прэзерватывамі.

Напярэдадні выбараў польскі сейм прыняў папраўкі ў закон аб выбарах, якія забараняў выкарыстоўваць білборды пад выбарчую агітацыю. Прэзідэнт падпісаў гэтыя змены, але раптам умяшаўся Канстытуцыйны суд і адмяніў гэтыя змены, бо, на думку суддзяў, гэта ўспрымалася б як парушэнне свабоды слова.

У СМІ адбываюцца разнастайныя дэбаты. Для павышэння рэйтынгу тэлеканалы намагаюцца сабраць лідараў партый, кіраўнікоў выбарчых штабоў разам на сваіх каналах. Але сёлета два галоўных канкурэнты – Качынскі і Туск – адмовіліся сустракацца сам-насам, чым вельмі абурылі некаторых палякаў.

Вельмі моцнай адчувалася кампанія «Кабеты ідуць на выбары», якая заклікала слабую палову больш актыўна далучацца да палітычнага жыцця: «Ты штодня выбіраеш, што апрануць, што купіць, што прыгатаваць – чаму ты не хочаш выбраць, у якой краіне будзеш жыць?»

У апошні дзень перад выбарамі наступае «перадвыбарчая ціша». З пачаткам суботы агітаваць ужо нельга нідзе. Але перадвыбарчыя плакаты і білборды застаюцца вісець. На тэлебачанні і ў газетах ідуць толькі заклікі прыйсці на выбары і прагаласаваць за будучыню сваёй краіны.
Пасля заканчэння выбараў партыі, якія ўдзельнічалі ў выбарах, павінны сплаціць на працягу месяца мясцовым камунальным службам грошы за прыбіранне гарадоў ад рэкламных матэрыялаў.

Выбаршчыкі

Стаўленне простых людзей да парламенцкіх выбараў неадназначнае. Тут амаль кожны мае свае погляды на жыццё і палітыку. Што найбольш кідаецца ў вочы нам, беларусам: людзі не баяцца выказваць свае думкі ўслых і ахвотна ідуць на кантакт, каб патлумачыць сваю пазіцыю. Так, адзін таксіст расказаў, што будзе галасаваць хутчэй за ўсё за Туска, бо яго каманда ўжо адбыла адзін тэрмін і няхай пабудзе яшчэ, бо «гэтыя ўжо накралі, а прыйдуць новыя – будуць ізноў красці».

Іншы ж таксіст прызнаўся, што падтрымае Палікота, бо той легалізуе марыхуану, а гэта прыцягне ў Польшчу шмат новых турыстаў і грошай: «Галандыя ўжо шмат часу жыве так, і нічога».

Нехта збіраўся галасаваць за прэм’ера Туска, бо ён зямляк з Гданска і штотыдзень наведвае свой горад, бадзяецца з жонкай па крамах, вітаецца і гутарыць з простымі людзьмі. Старыя людзі выказваліся за Качынскага, бо той «адстойвае каталіцкую веру, польскія каштоўнасці і не дасць нямецкаму і расійскаму ка-піталу захапіць краіну». Відаць, што добрая рэкламная кампанія змяняе адносіны і погляды людзей, робіць іх больш абазнанымі і зацікаўленымі ў палітыцы, дае веру, што чалавек можа таксама нешта змяніць.

У дзень выбараў

РЕКЛАМА

У дзень выбараў прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі і прэм’ер Дональд Туск, якія жывуць у адным раёне, галасавалі адпаведна на адным выбарчым участку – у адным з варшаўскіх ліцэяў.

Каб трапіць на ўчастак, журналістам трэба было прайсці акрэдытацыю. Арганізатары паездкі з «Бюро Салідарнасці з Беларуссю» перадалі кудысьці нашы пашпартныя звесткі, і пытанне было вырашана. Раніцай беларускія журналісты прыехалі да ліцэя, дзе ўжо было мноства карэспандэнтаў з усяго свету. Ніхто нават не глядзеў нашы дакументы, не правяраў фота і відэакамеры, не прапускаў праз металашукальнікі, не было відаць і шматлікай аховы. Мы, як і простыя палякі, зайшлі ў будынак і далучыліся да купы журна-лістаў. Сам ліцэй таксама не быў падтрыхтаваны да прыезду першых асобаў. Побач на вуліцы не была закончана перакладка ходнікавага бруку, а будынак ліцэя не быў перафарбаваны наноў!

Першым на выбары прыехаў прэзідэнт Камароўскі разам з жонкаю. Калі ён заходзіў у будынак, на наша здзіўленне, людзі амаль не звярталі на яго ўвагі. Прэзідэнт Браніслаў Камароўскі цярпліва, як просты грамадзянін, 10 хвілін стаяў у чарзе па бюлетэнь, міла размаўляючы з пенсіянерамі. Потым прайшоў да кабінкі для галасавання, па дарозе вітаючыся з людзьмі,  зрабіў там свой выбар, падышоў да скрыні з бюлетэнямі ды крыху папазіраваў перад журналістамі, укідваючы бюлетэнь. Пасля на вуліцы ён адказаў на некалькі пытанняў карэспандэнтаў, якія сабраліся вакол яго. Ні за кога не агітуючы, ён нейтральна адзначыў, што выбары – гэта вельмі важны складнік дэмакратыі і развіцця краіны.

Праз гадзіну на ўчастак прыехаў прэм’ер Дональд Туск з жонкай і дачкою. Ён быў вясёлы і пазітыўны, праходзячы каля журналістаў па надворку, памахаў ім рукою.

Цікавы выпадак адбыўся пасля галасавання. Малады хлопец, які падыходзіў да ліцэя, гучна звярнуўся да карэспандэнтаў: «Здымайце мяне – я іду галасаваць!» Сутыкнуўшыся на прыступках з Тускам, хлапец гукнуў: «Дзень добры, пан прэм’ер!» Дональд Туск весела павітаўся з ім ды паляпаў маладзёна па плячы.

Потым хуткім крокам збег да журналістаў і адказаў на некалькі пытанняў. Ён адзначыў, што Еўрасаюз можа знайсці для Беларусі значна больш за абяцаныя 9 млрд долараў, але пры выкананні вызначаных ўмоваў – вызваленне ўсіх палітычных зняволеных ды правядзенне свабодных выбараў.
Пасля ад’езду першых асобаў Варшава працягвала жыць сваім жыццём – нідзе не перакрываліся вуліцы, людзей не спынялі на падыходах да месцазнаходжання віп-персонаў, выбарчыя ўчасткі працавалі ў нармальным рэжыме.

Пасля выбараў

Пасля заканчэння  выбараў мы мелі магчымасць трапіць у перадвыбарчыя штабы розных кандыдатаў. А 21-й гадзіне абвесцілі вынікі экзітполаў, якія не вельмі адрозніваюцца ад вынікаў выбараў: «Грамадзянская платформа» набрала амаль 40% галасоў, «Права і справядлівасць» – каля 30%. Трэцім быў «Рух за Палікота», якому, на здзіўленне ўсіх палітолагаў і аналітыкаў, паверылі больш чым 10% прагаласаваўшых. У парламент трапілі яшчэ дзве партыі – «Польская сялянская партыя» i «Саюз дэмакратычных левых сіл», якія набралі па 8%.

У штабе «Права і справядлівасць» гэтыя лічбы ацанілі як паразу. Агрэсіўная і радыкальная пазіцыя партыі за апошнія месяцы пасварыла яе з усімі апанентамі. «Гэта няпраўда!» – пачуўся голас адной з кабет, на вачах якой былі слёзы. Яраслаў Качынскі прамовіў кароткую прамову і сышоў. У штабе «Грамадзянскай платформы», наадварот, святкавалі перамогу. Аднак пераможцам цяпер даводзіцца думаць, з якой партыяй ствараць кааліцыю, каб мець большасць у парламенце.

Хачу дадаць, што на выбары ў польскі парламент прыйшло толькі 48,8% выбарцаў, а датэрміновага галасавання ў Польшчы няма.
Як сказала адна полька, хто б не прыйшоў да ўлады, краіна моцна не зменіць свой палітычны ці эканамічны курс, а інтэграваная з Еўразвязам Польшча паступова павышае сваю заможнасць.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up