Новости / Политика

Бацька Статкевіча пасля сустрэчы з сынам усю ноч плакаў

21.10.2011, 13:09 / remove_red_eye 113 / chat_bubble

Статкевіч-старэйшы падзяліўся сваімі ўражаннямі ад спаткання з сынам, якое адбылося  13 кастрычніка.

«Я цяпер пачаў вельмі кепска чуць, таму чуў толькі палову ўсяго, што казаў мне Коля, – распавёў «IP» Віктар Паўлавіч. – Праўда, я пра гэта яму ўжо не казаў – не хацеў расстройваць… Мы так увесь час і размаўлялі: ён не хацеў расстройваць мяне, а я – яго».

Па словах Віктара Статкевіча, іх спатканне з сынам доўжылася каля дзвюх гадзін. Размаўлялі седзячы, праз шкляную перагародку.

«Адразу кінулася ў вочы: Коля такі змучаны, худы – цяжка на яго глядзець, – прыгадвае Віктар Паўлавіч. – Але я ўжо моцна не здзіўляўся, бо ведаю, у чыіх ён руках. Толькі пасля, як вярнуўся дадому, усю ноч плакаў… Ды я ўжо столькі выліў тых слёз, што ўсім маім крыўдзіцелям ха-піла б, каб патапіцца».

РЕКЛАМА

Віктар Паўлавіч вельмі чакаў спаткання з сынам, бо апошнімі месяцамі зусім не атрымліваў ад яго лістоў.

«Коля прызнаўся мне, чаму ён не піша, – распавядае Статкевіч-старэйшы. – Калі ён напіша што не так і там гэта прачытаюць, праз яго аднаго караюць усіх. А вы разумеце, якая гэта невыносная атмасфера…»

Пры спатканні з бацькам Мікола Статкевіч таксама надта ні на што не скардзіўся, асцерагаўся, каб толькі лішне не растрывожыць старога. Усміхаўся нават тады, як паказваў пашкоджаную нядаўна на лесапільні прыпухлую руку.

«Іх доктар выпісаў майму сыну даведку, дзе спачатку напісаў, каб Колю выключылі нагрузкі на левую руку, а пасля прыпісаў, што ён… працаздольны, – распавядае Віктар Паўлавіч. – Я не ўяўляю, як ён адной рукою пілуе  дошкі. Як  можа працаваць на лесапільні чалавек з незалечанай паламанай рукою, а таксама рабрынаю?.. І як гэта мог дазволіць чалавек, які даваў клятву Гіпакрата?!

Гэта ж злачынства!»  Сёння Статкевіч-старэйшы не спадзяецца ані на хуткае наступнае спатканне з сынам, ані на яго датэрміновае вызваленне: «Можа, Колю і выпусцілі б раней, каб ён напісаў просьбу аб памілаванні, але ён не зробіць гэтага ніколі, бо ніколі не прызнае сябе злачынцам. Мне хацелася б хоць зрэдку бачыць яго, каб ведаць, што сын жывы».

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up