Акцыі баранавіцкіх прадпрыемстваў зноў не прадалі
За апошнія два тыдні не знайшлося ахвотных набыць на аўкцыёнах і конкурсах акцыі такіх ААТ, як «Баранавіцкі завод запчастак «Аўтака», «Аграпрамбудмаш», «Баранавіцкі завод станкапрыладаў» і «Баранавічыдрэў».
Як паведамілі «ІР» у Дзяржаўным камітэце па маёмасці Рэспублікі Беларусь, на ўдзел у конкурсах і аўкцыёнах не было пададзена ніводнай заяўкі.
На аўкцыёне 6 верасня 37,5% акцый «Аўтака», якія належаць дзяржаве, прадаваліся па першапачатковым кошце 927 млн рублёў. На наступны дзень 100% акцый «Аграпрамбудмаша» (былы камбінат сянажных вежаў) выстаўлялася па першапачатковым кошце 12,7 млрд рублёў. Магчыма, патэнцыйных пакупнікоў напалохала ўмова конкурсу – унесці на развіццё прадпрыемства яшчэ 2,5 млн долараў ЗША.
У той самы дзень, 7 верасня, за 76,6% акцый баранавіцкага завода станкапрыладаў беспаспяхова прасілі 9,642 млрд рублёў. Пакупніку трэба было б яшчэ ўкласці ў развіццё прадпрыемства 2 млн долараў ЗША і два гады захоўваць колькасць працоўных месцаў і профіль дзейнасці завода.
А 13 верасня зноў не знайшлося пакупніка на 48,7% акцый «Баранавічыдрэў», з якімі дзяржава гатова развітацца за 19 мільярдаў рублёў.
Гэта другая няўдалая спроба прадаць акцыі гэтых прадпрыемстваў горада. Першы раз яны ўжо выстаўляліся на продаж сёлета ў чэрвені.
Комментарии
Правила комментирования