Автор: Вiктар СЫРЫЦА

15:51, 15 сентября 2011

Культура

remove_red_eye 94

Імпрэза ў гонар баранавіцкіх паэтаў

Творчая вечарына ў гонар баранавіцкіх паэтаў Венанцыя  Бутрыма і Івана Лагвіновіча адбылася 7 верасня ў Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Таўлая.

Урачыстая імпрэза адбылася з нагоды выхаду ў свет кніг «Маўклівыя сумныя птушкі» В. Бутрыма і «Элегія палескага матыля» І. Лагвіновіча, якія былі надрукаваны пасля смерці паэтаў на ўласныя сродкі блізкіх і родных людзей.

Рэй на вечарыне вяла супрацоўніца бібліятэкі Ірына Дракоўская, а першы выступ зрабіў вядомы баранавіцкі мастак Уладзімір Рамейка, які высока ацаніў не толькі літаратурныя, але і мастацкія здольнасці Бутрыма і Лагвіновіча.

Свае вершы, прысвечаныя няўчасна памерлым творцам, чыталі паэты Алесь Корнеў і Аляксей Белы. Супрацоўніцы бібліятэкі Аляксандра Камарова і Хрысціна Клімашэўская па чарзе таксама чыталі вершы Венанцыя Бутрыма і Івана Лагвіновіча. Сябра паэтаў краязнаўца Міхась Маліноўскі высока ацаніў іх творчасць. Ён распавёў, што 4 верасня, падчас Рэспубліканскага свята беларускага пісьменства і друку ў Ганцавічах, была ўрачыста адкрыта Алея пісьменнікаў. Сярод ушанаваных беларускіх творцаў першым стаіць імя баранавіцкага паэта Івана Лагвіновіча.

РЕКЛАМА

Вядомы тэатральны дзеяч Міхась Стрыжоў эмацыйна прачытаў урывак з апошняй кнігі Венанцыя Бутрыма «Маўклівыя сумныя птушкі». А сябры Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны падарылі бібліятэцы зборнік вершаў вучняў Малькавіцкай школы Ганцавіцкага раёна, прысвечаны Івану Лагвіновічу. Не абышлося і без песні, якую на вершы Бутрыма заспяваў бард Сяргей Карповіч.

Ініцыятарам мерапрыемства стаў старшыня творчага згуртавання баранавіцкіх паэтаў і пісьменнікаў «Святліца» Алесь Бакач.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up