Автор: Руслан Равяка

14:32, 18 августа 2011

Общество

remove_red_eye 102

Статкевіч патэлефанаваў з калоніі бацьку

За дзень да свайго 55-годдзя, 11 жніўня, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч атрымаў магчымасць патэлефанаваць сваім родным.

Як расказаў «ІР» Віктар Сырыца, у гэты дзень баранавіцкія грамадскія актывісты даслалі ў Шклоўскую калонію дзве віншавальныя тэлеграмы, а пасля наведалі бацьку Міколы – 84-гадовага Віктара Статкевіча, які жыве ў самоце ў нашым горадзе.

Статкевіч-старэйшы прачытаў гасцям лісты ад сына і пачаставаў гарбатай з булкай, якую спёк сам. Прыемнай неспадзяванкай для ўсіх у той дзень стаў тэлефонны званок са Шклоўскай калоніі ад самога Мікалая Статкевіча, прыкладна а 20-й гадзіне.

«Ён перадаў прывітанне ўсім прысутным, а мы павіншавалі яго з надыходзячым днём нараджэння, – кажа Віктар Сырыца. – Пра ўмовы знаходжання ў калоніі Мікола Статкевіч нічога не гаварыў, відаць, не хацеў, каб раней часу скончылася размова».

РЕКЛАМА

Па словах Статкевіча-старэйшага, гэта ўжо другое тэлефанаванне сына з калоніі.

«Мы паразмаўлялі хвіліны дзве, – кажа бацька Віктар Статкевіч. – Ён больш пытаўся пра мяне, цікавіўся, як тут у мяне справы, як я жыву». Пра сябе Мікалай Статкевіч сказаў бацьку коратка, што ў яго ўсё нармальна. «Вы ж ведаеце, яго тамака, відаць, кантралююць, – лічыць Статкевіч-старэйшы. – Каб нешта не тое сказаў, дык адразу і размова скончылася б». Пасля размовы з бацькам Мікола Статкевіч патэлефанаваў таксама жонцы Марыне.

Бацька не верыць, што Аляксандр Лукашэнка можа памілаваць і выпусціць яго сына, як гэта адбылося нядаўна з дзевяццю асуджанымі за падзеі на плошчы. «Я быў бы вельмі рады, каб сына памілавалі і выпусцілі, але гэта наўрад ці здарыцца, – кажа Віктар Статкевіч. – Выпусцілі на волю некалькі чалавек для Еўропы, а тая, я баюся, рот разявіць ад радасці і пра астатніх забудзецца».

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up