Новости / Культура

Мядзведзічы. Сляды спадчыны

18.08.2011, 15:20 / remove_red_eye 211 / chat_bubble

Мядзведзічы – невялікае старое каталіцкае мястэчка на Ляхавіччыне з даволі багатай гісторыяй. Гэта гісторыя нястомнага змагання жыхароў мястэчка за каталіцкую веру, асвету і ўласную добрую волю.

Учора

Першыя пісьмовыя згадкі пра Мядзведзічы датаваны XV стагоддзем. Тады яшчэ гэта было сяло Мядзведзіца, якое належала віленскаму біскупу. А ўжо ў XVI ст. Мядзведзічы былі вядомы як адно з цэнтральных валасных мястэчак Наваградскага павета. У гэтым жа стагоддзі, дзякуючы фундацыі віленскага біскупа, у Мядзведзічах будуецца драўляны касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, з лёсам якога непарыўна звязана гісторыя ўсяго мястэчка.

Касцёл цярпеў у часы татарскага нашэсця, але пасля адбудоўваўся наноў. У часы апанавання Расейскай імперыяй, калі расійскі цар падараваў Мядзведзічы аднаму з сваіх генералаў, касцёл як каталіцкая святыня быў замкнёны, а яго маёмасць перададзена праваслаўным. Але праз два дзесяцігоддзі жыхары мястэчка дамагліся-такі, каб ім вярнулі святыню. Праўда, да гэтага моманту стары драўляны будынак касцёла настолькі струхлеў, што давялося яго разабраць і чарговы раз адбудаваць наноў. Такім чынам, у 1908 годзе ў Мядзведзічах паўстаў ужо мураваны неабарочны касцёл з вежай. Як напамін пра чарговае адраджэнне касцёла ад тых датаў і да сённяшніх дзён на фасадзе будынка зіхаціць «залаты» надпіс па-польску: «1908 rok» (год перабудовы касцёла). А крыху вышэй – такі самы надпіс па-лацінску: «Gloria Deo» (літаральна – «Слава Богу»).

Фрагмент фасаду мядзведзіцкага касцёлу

РЕКЛАМА

Фрагмент фасаду мядзведзіцкага касцёлу

Гісторыя мядзведзіцкага касцёла звязана з імем знакамітага беларускага патрыёта і святара Пятра Татарыновіча, які нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў в. Гайнін на Ляхавіччыне, а памёр доктарам тэалогіі ў Рыме. У 1918 годзе малады яшчэ ксёндз Татарыновіч пайшоў на злом традыцыі і пачаў чытаць у Мядзведзічах свае казанні не па-польску, а па-беларуску. Хаця на той час гэта быў надзвычай інавацыйны крок, у мядзведзіцкіх прыхаджан ён знайшоў водгук у сэрцы. Дзякуючы старанням Татарыно-віча, у 30-я гады менавіта ў Мядзведзічах паўстаў першы і адзіны ў краіне Беларускі дом пад эгідаю Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Гэта была асветніцкая арганізацыя Заходняй Беларусі, якая займалася падтрымкай і развіццём айчыннай навукі і духоўнай культуры.

Асветаю і духоўным выхаваннем мядзведзіцкіх жыхароў займаўся і іншы святар – Вацлаў Пянткоўскі. У 1950-м годзе яго абвінавацілі ў «антысавецкай агітацыі», назвалі «агентам Ватыкана» і выслалі ў Казахстан. У часы «хрушчоўскай адлігі» Вацлаў Пянткоўскі вярнуўся ў Мядзведзічы, дзе арганізаваў нелегальную семінарыю для будучых ксяндзоў, якім выкладаў гісторыю касцёла, этыку, філасофію і замежныя мовы. Магіла гэтага вялікага гуманіста і асветніка – на мясцовых могілках.

Сёння

Сёння ў Мядзведзічах адчуваецца тая старадаўняя, трывалая традыцыя адданасці жыхароў мястэчка свайму касцёлу. У нядзелю – хто купкамі, хто адзінцом – людзі падцягваюцца да касцёла на нядзельную імшу. Праўда – збольшага старыя.

Мядзведзіцкія парафіяне

Мядзведзіцкія парафіяне

«Мне ўжо 88 гадоў, баляць усе косці, але я хаджу на кожную службу, – распавяла «IP» вяскоўка Валя Ракашэвіч. – Іду да касцёла нават тады, як не магу ісці. Раней касцёл зачынялі – і усё адно мы ўпотай хадзілі маліцца… Без Бога няма нічога».

Валя Ракашэвіч

Валя Ракашэвіч

Пры жаданні па кручанай каменнай лесвіцы ў касцёле сёння можна ўзняцца на другі паверх, адкуль праз круглыя вокны будуць відаць ваколіцы. Праход на вежу – замкнёны.

З помнікаў архітэктуры ў Мядзведзічах захавалася таксама старая школа – двухпавярховы, драўляны будынак з двума ганкамі, упрыгожанымі фігурнымі калонамі. Некаторыя знаўцы мяркуюць, што гэта і ёсць колішні Беларускі дом, пабудаваны з ініцыятывы ксяндза Татарыновіча. У нашы дні будынак пустуе.

Старая школа -- былы Беларускі дом?

РЕКЛАМА

Старая школа — былы Беларускі дом?

Яшчэ больш стары помнік – мураваная прыдарожная капліца насупраць былой школы. На шыльдзе напісана, што капліца была пабудавана ў 1861 годзе ў гонар скасавання прыгоннага права. Дарэчы, грошы на архітэктурны помнік сабралі самі местачкоўцы, чыё ўшанаванне і добрая воля засталіся ўвекавечанымі ў цэнтры вёскі на вякі.

Мураваная капліца 1861 года

Мураваная капліца 1861 года

Трапіўшы ў Мядзведзічы, варта падысці і да старога вадзянога млына на беразе невялікай рачулкі-прытокі Шчары. Ашаляваны, заплецены хмелем драўляны млын захоўвае свой адмысловы шарм і таямнічасць, хаця даўно ўжо не функцыянуе.

Стары млын

Стары млын

Як даехаць?

З Баранавіч у Мядзведзічы можна трапіць двума спосабамі: на дызелі «Баранавічы – Лунінец» даехаць да станцыі «Рэйтанаў», адкуль да вёскі застанецца каля 5 км, альбо – на аўтобусе «Баранавічы – Хацяж», які праязджае праз Мядзведзічы.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up