Новости / Спецпроекты

Баранавічы на паштоўках: вуліца Чырвонаармейская

15.08.2011, 15:32 / remove_red_eye 156 / chat_bubble

Гэтая вуліца магла стацца адной з галоўных і прэзентабельных у Баранавічах. Напачатку яна насіла жаночае імя, пасля па чарзе прозвішчы двух еўрапейскіх палітыкаў, цяпер жа яна называецца Чырвонаармейская.

Вуліца паўставала разам з Баранавічамі. Граф Развадоўскі адзін з першых зразумеў, якую карысць дасць пабудова чыгункі на яго пясчаных, неўраджайных землях. Амаль адразу пасля пачатку руху цягнікоў ён спланаваў на сваіх землях адносна роўныя шырокія вуліцы. План развіцця мястэчка быў зацверджаны ў 1884
годзе ў Мінскім Генеральным Губернатарстве. Пасля гэтага граф Развадоўскі распачаў продаж надзелаў пад забудову дзяржаве і людзям.

На паштоўцы пазначаны дзве назвы вуліцы: ранейшая Елізавецінская і новая - Бісмарка

На паштоўцы пазначаны дзве назвы вуліцы: ранейшая Елізавецінская і новая — Бісмарка

РЕКЛАМА

Першыя вуліцы Развадоўскі назваў сам. Так, самую галоўную, якая праходзіла па ўскрайку яго зямлі, ён назваў у гонар сваёй дачкі – Марыінская (цяпер Савецкая).  Углыб ад яе адыходзілі шырокія вуліцы Елізавецінская (цяпер Чырвонаармейская), Аляксандраўская (Горкага) і Пятроўская (бул. Штокераў і вул. Піянерская).

Вуліца Елізавецінская, пачынаючыся ад Марыінскай, сканчвалася за вуліцай Графскай (цяпер Куйбышава), напрыканцы нечакана заварочваючы на вуліцу Шашовую (цяпер Брэсцкую). Гэты заварот, крыху змяніўшы кірунак, цяпер называецца завулкам Рылеева.

Вуліца была добра знаёмая вакольным сялянам і гандлярам, бо праходзіла каля баранавіцкага кірмашу, які знаходзіўся паміж сучаснымі вуліцамі Горкага, Гагарына і Грыцаўца, а таксама каля драўлянай праваслаўнай царквы (цяпер Свята-Пакроўскі сабор).

Кайзераўскія салдаты любілі фатаграфавацца каля баранавіцкіх халупаў на Бісмаркштрасе

Кайзераўскія салдаты любілі фатаграфавацца каля баранавіцкіх халупаў на Бісмаркштрасе

Падчас нямецкай акупацыі ў Першую сусветную вайну вуліца змяніла сваю назву. Кайзераўскае камандаванне вырашыла ўвекавечыць свайго выбітнога палітыка і вайскоўца – Бісмарка. Нямецкія жаўнеры любілі фатаграфавацца каля несамавітых хат на ўскрайках гэтай вуліцы. Зрэшты, менавіта дзякуючы немцам, якія выдалі мноства паштовак з панарамамі Баранавіч, мы цяпер і маем уяўленне, як выглядала тады вуліца Чырвонаармейская. Ані за царскім, ані за польскім часам паштоўкі з выглядам вуліцы пакуль не сустракаліся.

Напачатку вуліцы знаходзіліся самавітыя будынкі, а на ўскрайках – звычайныя халупы беднякоў. На некалькіх паштоўках есць выява двухпавярховага цаглянага будынка з балконам. У ім знаходзілася тэлефонная станцыя, якая пачала дзейнічаць яшчэ ў 1912 годзе.

Пасля адыходу Баранавіч да Польшчы тагачасныя ўлады чарговы раз пераназвалі вуліцу, цяпер ужо ў гонар свайго палітычнага і вайсковага лідэра – Пілсудскага. У 1924 годзе Юзэф Пілсудскі, дарэчы, быў ганаровым грамадзянінам Баранавіч. Кірмаш таксама ў той час быў названы «3 мая» – у гонар Канстытуцыі Рэчы Паспа-літай, прынятай 3 мая 1791 года.

З прыходам савецкай арміі ў верасні  1939 года вуліцу ізноў пераназвалі. Нейкі час яна называлася Слуцкай, а пасля сталася Чырвонаармейскай.

Вуліца была добра знаёма гандлярам, бо вяла да кірмашу

Вуліца была добра знаёма гандлярам, бо вяла да кірмашу

Пасля сканчэння Другой сусветнай вайны на сумежным з вуліцай кірмашы былі пабудаваны ваенкамат і ра-дзільня. Аднак вуліца яшчэ доўгі час мела важнае значэнне – яна вяла да аўтавакзала. Маленькі паўкруглы будыначак з аўтобуснымі касамі і сення знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Чырвонаармейскай.

Цяпер у ім знахо-дзіцца камерцыйная крама. А вуліца Чырвонаармейская ўжо не мае такой значнасці, як напачатку свайго існавання. Па ёй ужо нават не праехаць на машыне ад пачатку да канца – шлях перарэзаны ў некалькі месцах новымі пабудаванымі дамамі.

РЕКЛАМА

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up