Новости / Общество

У Баранавічах хочуць правесці пікет у абарону Бяляцкага

12.08.2011, 10:48 / remove_red_eye 98 / chat_bubble

Жыхар горада Сяргей Гоўша падаў заяўку на пікет, які плануе правесці ў Старым парку 22 жніўня.

Мэта пікету – праінфармаваць жыхароў Баранавіч пра арышт Алеся Бяляцкага – кіраўніка незарэгістраванага ГА «Праваабарончы цэнтр «Вясна», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) і патрабаваць яго вызвалення. Колькасць удзельнікаў – да 10 чалавек. Час правядзення – з 18:00 да 20:00.

У выпадку ўзнікнення перашкод для правядзення дадзенага мерапрыемства, Сяргей Гоўша просіць прапанаваць яму альтэрнатыўны час альбо месца. Адначасова арганізатар пікету падаў заявы на складанне дамовы з Баранавіцкім аддзелам унутраных спраў, са спецаўтабазай і са станцыяй хуткай дапамогі.

Па словах арганізатара пікету, Бяляцкі быў арыштаваны быццам бы за ўтойванне сваіх прыбыткаў у літоўскіх банках. Але, як лічыць Сяргей Гоўша, гэтыя грошы ішлі на праваабарончую дзейнасць, бо сам «Праваабарончы цэнтр «Вясна» быў зачынены ўладамі ў 2003 годзе. «Праз тры гады Камітэт па правах чалавека пры ААН пастанавіў, што «Вясна» зачынена незаконна, – распавёў Гоўша. – Беларускія ўлады павінны былі аднавіць дзейнасць цэнтру і кампенсаваць страты, але дасюль гэта не зроблена».

РЕКЛАМА

Сяргей Гоўша прызнаўся «ІР», што мае слабую надзею на атрыманне дазволу на пікет. «За чатыры апошнія гады ў Баранавічах дазволілі толькі два пікеты, – кажа ён. –Чарнавусу і Грыку, апошні, да таго ж, мусіў за гэта яшчэ і сплаціць грошы розным службам горада».

Даведка «IP»

Алесь Бяляцкі – кіраўнік незарэгістраванага ГА «Праваабарончы цэнтр «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH). У 2006 годзе за праваабарончую дзейнасць атрымаў прэмію Homo Homini. Двойчы вылучаўся на Нобелеўскую прэмію ў галіне міра, у 2007 годзе быў у так званым шорт-спісе найбольш верагодных кандыдатаў. Ганаровы грамадзянін Генуі.

Паводле Дэпартамента фінансавых даследванняў Камітэта дзяржкантролю, Алесь Бяляцкі мусіць сплаціць каля 150 мільёнаў рублёў, або 29 тысяч даляраў паводле курса Нацбанка, з грошай, якія паступалі на яго рахунак у літоўскім банку. Калегі Бяляцкага кажуць, што гэтыя сродкі ішлі на аплату штрафаў і дапамогу пацярпелым ад беларускіх уладаў – з 2003 года «Вясну» пазбавілі рэгістрацыі, і праваабаронцы мусілі шукаць розныя шляхі, каб працягваць сваю дзейнасць.

Звесткі беларускаму боку аб банкаўскіх рахунках 400 грамадскіх і апазіцыйных дзеячоў Беларусі яшчэ ў сакавіку перадала Міністэрства юстыцыі Літвы. На падставе гэтага беларускія кантрольныя органы абвінавацілі Алеся Бяляцкага ва ўхіленні ад аплаты падаткаў. Сёння прадстаўнікі літоўскага Мін’юста выказалі шкадаванне, што гэтую інфармацыю ўлады Беларусі выкарысталі ў палітычных мэтах.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up