Новости / Общество

Хто хоча навучацца па-беларуску?

12.08.2011, 10:48 / remove_red_eye 142 / chat_bubble

Як паведамілі «IP» ва Упраўленні адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама, пакуль падобных заяваў ні ў вуснай, ні ў пісьмовай форме ад бацькоў не было. Пры гэтым чыноўнікі падцвердзілі, што ахвотныя навучаць сваіх дзетак па-беларуску яшчэ могуць паспець рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права, напісаўшы адпаведную заяву да 1 верасня, а таксама паабяцалі стварыць беларускамоўны клас нават пры наяўнасці толькі адной заявы. Нагадаем, летась упершыню за некалькі гадоў на базе СШ №14 у Баранавічах быў створаны 1-ы беларускамоўны клас, у якім цяпер навучаюцца ўсяго тры дзяўчынкі. Тады гэты клас паўстаў з ініцыятывы адной баранавіцкай сям’і Малашчанкаў, якія захацелі, каб іх сярэдняя дачка з першага класа атрымлівала адукацыю на роднай мове. Неўзабаве да іх ініцыятывы далучыліся яшчэ дзве баранавіцкія сям’і. «Мы задаволеныя, што ажыццявілі сваё права, але нам не хочацца, каб сёння мы былі адзінымі ў такім вялікім горадзе, – пракаментавала «IP» маці адной з вучаніц Таццяна Малашчанка. – Ды і многія настаўнікі выказваюцца, што добра было б, каб у нашых дзетак былі пераемнікі. Я разумею, што сёння эканамічны крызіс моцна адцягнуў увагу людзей ад падобных пытанняў, яны пераважна занятыя здабычай грошай. Але адукацыя на нацыянальнай мове – непазбежны працэс для любой краіны, і чым раней нашы дзеці пачнуць вучыць родную мову, тым прасцей ім будзе ў будучыні. Калі б у Баранавічах завязалася такая невялічкая традыцыя, і іншым бацькам было б прасцей далучацца да гэтай добрай справы. Вядома, заўсёды лягчэй ісці па ўжо пратаптанай сцежцы, і мы сваім прыкладам гэту сцежку пратапталі. Далучайцеся!»

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up