Новости / Культура

Польская школа легіёнаў 1916 года

28.07.2011, 16:01 / remove_red_eye 258 / chat_bubble

У сваёй калекцыі я маю адзін цікавы здымак. Каля драўлянай хаткі стаіць купка дзяцей  разам з дарослымі і афіцэрамі ў нямецкай форме часоў Першай сусветнай вайны. Над уваходам у будынак таблічка з надпісам «Школа Польская».

На адваротным баку  фотаздымка ёсць надпіс на рускай мове: «Память Школы Польской Легионов польских 1916 года. Учитель Высшей начальной Константин Петрович».Далей іншымі чарніламі пада-дзены час, калі здымак падпісаны – 14 жніўня 1921, і прозвішча – Турчынскі.

Цікава было даведацца, што гэта за школка, якая працавала ў часы ваеннай віхуры ў нашым горадзе.

На мой зварот па электроннай пошце ў Музей Войска Польскага яго супрацоўнік расчараваў мяне, паведаміўшы, што музей не мае ніякіх звестак пра школу, якую стварылі легіянеры ў Баранавічах.

РЕКЛАМА

І тут, як заўсёды, шчаслівы выпадак дапамог даведацца пра гэту  навучальную ўстанову больш. На адным з польскіх аўкцыёнаў мне выпадкова трапіў на вочы скан газеты Nowosci Illustrowane nr 50, ад 9.12.1916, што выдавалася ў Кракаве. Там  згадвалася школа і быў змешчаны іншы здымак.

На жаль, гаспадар газеты адмовіўся прадаваць яе ў Беларусь, але на маю просьбу ласкава пагадзіўся даслаць копію артыкула цалкам.

Артыкул раскрываў таямніцу і  аднаўляў забытыя падзеі і прозвішчы. Як высветлілася, польская школа ў Баранавічах была ўрачыста адкрыта 1 лістапада 1916 года. У адкрыцці бралі ўдзел такія вядомыя людзі, як тагачасны камендант легіёнаў Станіслаў Шаптыцкі (які пазней у 1919 годзе адбіў наш горад у бальшавікоў) і камандзір 4 палка легіёнаў маёр Рыльскі.

У Расейскай імперыі польскія школы былі забаронены царскімі ўладамі. Нямецкае ж камандаванне ставілася да гэтага больш дэмакратычна. На акупаваных землях, дзякуючы ініцыятыўным асобам, адкрываліся беларускія, польскія, літоўскія школкі. Ідэю пра адкрыццё польскай школы ў Баранавічах прапанаваў кіраўніцтву Легіянераў ксёндз-капелан Панась. На патрэбу школы афіцэры-легіянеры ахвяравалі грошы са сваіх заробкаў.

А арганізацыйнай працай заняўся брыгадзір Галер. Маёр Рыльскі дазволіў добраахвотнікам займацца ў вольны час добраўпарадкаваннем школы.
Будынак, які быў перададзены пад школу, аднавілі за пару дзён. Кіраваў гэтай працай паручнік Служкевіч. На будынку была вывешана таблічка «Школа Польская», а ў класах размясцілі лавы, дошкі, кафедру для настаўнікаў. Былі таксама гардэроб і кухня.

З выкладчыкаў у артыкуле згадваецца толькі сяржант 4 палка Легіёнаў Фелісія, які быў адкамандзіраваны працаваць настаўнікам у школу. Пра іншых выкладчыкаў, на жаль, пакуль нічога невядома.

Навучаліся ў польскай школе мясцовыя баранавіцкія дзеці. У той няпросты час у віхурах вайны вельмі патрэбна была любая адукацыя.

Мой здымак розніцца ад газетнага часам выканання. Калі школа была заснавана 1 лістапада 1916 года, дык на маім бачна , што гэта лета. Хутчэй за ўсё, фота рабілася напрыканцы навучальнага года ў 1917-м.

На жаль, месца знахо-джання школкі цяжка вызначыць, але, хутчэй за ўсё, яна размяшчалася дзесьці ў раёне Вайсковага гарадка, недалёка ад казармаў-баракаў польскіх легіёнаў.
Вось такі цікавы кавалачак гісторыі горада часоў Першай сусветнай вайны стаў вядомы для нас дзякуючы гэтаму здымку.

Цікава ведаць

Польскія легіёны – гэта нацыянальныя вайсковыя фармаванні, створаныя нямецкім урадам падчас Першай сусветнай вайны . У легіёны ішлі служыць жыхары Нямеччыны і Аўстра-Венгрыі польскай нацыянальнасці. Нямецкія ўлады абяцалі пасля перамогі аднавіць Польскае Каралеўства на захопленых у Расіі землях. Польскія ж патрыёты мелі таемную мэту атрымаць зброю і баявы досвед, каб падняць паўстанне і абвесціць незалежнасць Польшчы.

Пасля ўдзелу ў шматлікіх бітвах, у 1916 годзе, легіёны былі накіраваны на перафармаванне. 4 полк польскіх легіёнаў трапіў у Баранавічы. Частка стаяла ў вядомых драўляных бараках Вайсковага гарадка. Увесну 1917 года большасць польскіх жаўнераў адмовілася прысягаць на вернасць нямецкаму і аўстра-венгерскаму манархам. Польскія вайсковыя адзінкі былі расфармаваны, а вайскоўцаў змясцілі пад ахову ў адмысловыя лагеры.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up