Новости / Культура

Па Чачотавых мясцінах

28.07.2011, 16:01 / remove_red_eye 138 / chat_bubble

Баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі адзначылі 24 ліпеня 215-я ўгодкі з дня народзінаў Яна Чачота – пачынальніка беларускай літаратуры, паэта і аўтара 6 зборнікаў “Вясковых песень”.

Спачатку ўдзельнікі турыстычнай вандроўкі наведалі вёску Новая Мыш (Баранавіцкі раён), дзе ўсталяваны помнік вясковаму лірніку. Мінскі прафесар Леанард Дарашэвіч і бард Аляксей Жбанаў не толькі распавялі пра творчасць Чачота, але і правялі інтэлектуальную віктарыну па гісторыі філаматаў і філарэтаў. Свае вершы прачыталі баранавіцкія паэты Алесь і Алена Белыя.

Усклаўшы кветкі да помніка і праспяваўшы некалькі чачотаўскіх песен, удзельнікі гістарычнай вандроўкі накіраваліся ў вёску Крывошын (Ляхавіцкі раён). Тут у фальварку Рэпіхава прайшлі дзіцячыя гады маленькага Яна, аб чым сведчыць яго балада «Мышанка». Мясцовыя грамадскія актывісты ўсталявалі ў Рэпіхаўскім парку памятную шыльду ў гонар беларускага паэта XIX ст. Яна Чачота.

Палюбаваўшыся мясцовымі краявідамі, удзельнікі мерапрыемства арганізавалі міні-канцэрт. Барды Аляксей Жбанаў, Зміцер Занеўскі, Цімох Акудовіч праспявалі чачотаўскія песні «Прэч, прэч сум, нудоты», «Зноў вярнуць вякі б нам тыя», «Што старыя за вар’яты» і інш.

РЕКЛАМА

Арганізатары і ўдзельнікі падарожжа дамовіліся ў наступным годзе наведаць гістарычныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю сусветна вядомага навукоўца Ігната Дамейкі, 210-я ўгодкі якога будзе адзначаць грамадскасць у 2012 годзе.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up