Автор: Intex-press

15:48, 28 июля 2011

Спецпроекты

remove_red_eye 335

Новая Мыш. Сляды спадчыны

Сёння Новая Мыш – вялікае сяло за пару кіламетраў ад Баранавіч. А яшчэ паўтара стагоддзі таму гэта было адно з найбуйнейшых мястэчак на ўсёй Наваградчыне, створанае ў першай палове XVII ст. на ўзор заходнееўрапейскіх гарадоў эпохі гатычнага Сярэднявечча.

Учора

Як сцвярджае баранавіцкі краязнаўца і даследчык гісторыі Новай Мышы Васіль Дубейка, вывучаць гісторыю гэтага паселішча да XIX ст. вельмі складана, бо ўсе старыя архівы ўладальнікаў Новай Мышы сёння знаходзяцца ў бібліятэках Вільні або Кракава. Адпаведна там захоўваюцца і ўсе дакументы па гаспадарчай дзейнасці былога графства Мыш.

Вядома, што ад XV па XIX стст. Мышшу валодалі прадстаўнікі наймагутнейшых родаў беларускай шляхты. Да XVІІ ст. тут уладарылі Хадкевічы – другі па магутнасці шляхецкі род у тагачаснай Беларусі пасля Радзівілаў. У Старой Мышы Хадкевічы мелі нават уласны замак.

РЕКЛАМА

Сёння дакладна невядома, калі Хадкевічы заснавалі Новую Мыш, якая, па задумах гаспадароў, мелася стаць  вялікім сучасным цэнтрам на Наваградчыне. На старых мапах пачатку XVII ст. яшчэ пазначана мястэчка Мыш, але ў крыніцах 20-х гадоў гэтага ж стагоддзя Старая і Новая Мыш фігуруюць ужо паасобку.

Па словах Васіля Дубейкі, у XVII ст. мястэчка Мыш увайшло ўжо значным эканамічным, палітычным і абарончым цэнтрам са статусам графства на Наваградчыне. З гістарычных дакументаў вядома, што ў 1650 годзе тут жылі 1200 чалавек. Актыўна развіваліся рамесніцтва і гандаль.

Дом купца, па іншых звестках - былы гасцінны двор

Дом купца, па іншых звестках — былы гасцінны двор

Вялікі ўдар па сацыяльна-эканамічным развіцці мястэчка зрабілі спусташальныя войны з маскоўскім царствам: у 1654 годзе ў полымі вайны згарэў замак у Старой Мышы, а колькасць жылых двароў у графстве Мыш за некалькі гадоў ліхалецця скарацілася ўдвая. Як пазначаюць гісторыкі, пасля тых войнаў спатрэбілася паўтара стагоддзі, каб узнавіць былы патэнцыял мястэчка.

У пачатку XIX ст. графства Мыш належала Юзафу Несялоўскаму. Менавіта пры ім гаспадарчымі справамі маёнтка кіраваў Тадэвуш Чачот – бацька вядомага беларускага паэта Яна Чачота. Менавіта тут, у Новай Мышы, мінулі дзіцячыя гады паэта, якога яго сябар Адам Міцкевіч так і называў: “Ян з Мышы”. Не дарма свае найлепшыя балады паэт Ян Чачот прысвяціў мясцовым рэаліям: “Мышанка”, “Калдычэўскі шчупак”, “Узногі”.

Помнік знакамітаму местачкоўцу - паэту Яну Чачоту

Помнік знакамітаму местачкоўцу — паэту Яну Чачоту

У другой палове XIX ст. Новая Мыш была буйным мястэчкам Наваградскага павета, дзе па колькасці насельніцтва саступала толькі Наваградку, Міру, Любчы і Карэлічам. Цяпер тут з’явіліся валасная ўправа, народная вучэльня, пошта і аптэка. Працавалі тры габрэйскія школы і 21 габрэйская крама. Функцыянавалі бровар, цагельня, вятрак і паравы млын. Местачкоўцы займаліся ўсімі асноўнымі відамі рамёстваў.

Сёння

Вялікая гісторыя мястэчка Новая Мыш скончылася з пачаткам гісторыі горада Баранавічы.
У 1871 годзе недалёка ад Новай Мышы на чыгунцы адкрылася станцыя Барана-вічы. Гэта падзея, як адзначае краязнаўца Васіль Дубейка, дала штуршок да імклівага развіцця новага буйнога паселішча ў рэгіёне і цалкам змяніла лёс Новай Мышы. Цэнтрам гандлёвай і прамысловай дзейнасці паступова робіцца менавіта мястэчка Развадова, што вырасла вакол чыгункавай станцыі.

“Такім чынам, не вайна, а прамысловая рэвалюцыя стала прычынай другога ў гісторыі Новай Мышы заняпаду гэтага мястэчка”, – падсумаваў Васіль Дубейка.

Сёння вялікі раённы цэнтр Баранавічы ад вёскі Новая Мыш аддзяляе літаральна некалькі кіламетраў. Былы рынкавы пляц у цэнтры Новай Мышы, вакол якога калісьці віравала жыццё мястэчка, і ў нашы дні не надта змяніўся. Яго пакінулі амаль незабудаваным, што дазваляе нам і сёння меркаваць пра маштабы задумаў былога ўладара Новай Мышы Аляксандра Хадкевіча, які яшчэ ў пачатку XVII ст. хацеў пераўтварыць сваё мястэчка ў буйны гандлёвы і палітычны асяродак на Наваградчыне.

РЕКЛАМА

Былая сінагога, сёння - клуб

Былая сінагога, сёння — клуб

Над пляцам па-ранейшаму дамінуе каталіцкі касцёл Перамянення Пана. Ён пабудаваны на месцы старэйшага драўлянага касцёла ў 1825 годзе. У ім захоўваюцца арган 1762 г. вытворчасці, аздоблены ў стылі ракако, а таксама каштоўныя драўляныя алтары з Нясвіжскага кляштара бенедыктынак.

Касцёл Перамянення Пана 1825 г.

Касцёл Перамянення Пана 1825 г.

Побач з касцёлам знахо-дзіцца праваслаўная Спаса-Праабражэнская, пабудаваная ў 1859 г. у неарускім стылі. На яе месцы раней стаяла велічная драўляная ўніяцкая царква.

Праваслаўная царква ў Новай Мышы

Праваслаўная царква ў Новай Мышы

У пазамінулым стагоддзі Новая Мыш часцяком цярпела ад пажараў, таму да нашых дзён збольшага захавалася забудова XIX ст. На некаторых вулках Новай Мышы і сёння можна знайсці старыя габрэйскія дамы, сінагогу, хедар (габрэйскую школу), млын, а ў цэнтры мястэчка – і вялікі каменны дом купца, вядомы таксама як гасцінны двор і карчма.

Старыя каталіцкія могілкі ў Новай Мышы

Старыя каталіцкія могілкі ў Новай Мышы

Драўляная капліца на старых каталіцкіх могілках у Новай Мышы

Драўляная капліца на старых каталіцкіх могілках у Новай Мышы

Як даехаць

Да Новай Мышы з Баранавіч можна выехаць аўтобусам штодня ў 5.45, 6.40, 9.30, 11.00, 12.40, 13.00, 14.15, 16.00, 16.40, 18.30.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up