Гісторыя кожнага вялікага горада – гэта і гісторыя дзясяткаў маленькіх вёсак, якія горад «праглынуў», увабраў у свае межы, калі станавіўся на ногі. І Баранавічы – не выключэнне.
Гарадскія апетыты
Горад расце, пашыраецца і пакрысе захоплівае новыя і новыя ваколіцы.
З аднаго боку – гэта заканамерны працэс, з іншага – з’ява даволі сумная, бо са знікненнем ці распушчэннем у гарадскіх нетрах нават невялікіх вёсачак знікае і іх маленькі каларытны свет з уласным ладам жыцця і ўнікальнай міфалогіяй. Багата хто прыгадае той сум, якім так і вее, калі праглядаеш культавы беларускі фільм «Белыя росы», дзе паказаны апошнія імгненні жыцця аднайменнай вёскі ў прыгарадзе Гародні. Сёння на месцы той вёскі ў Гародні вырас новы мікрараён Дзявятоўка, дзе адной з вуліц з настальгічных пачуццяў пакінулі гэтую паэтычную назву – Белыя росы.
У савецкі час працэс паглынання вёсак гарадамі набыў неверагодныя маштабы. Сотні і тысячы вёсак былі пакладзеныя ў ахвяры вялікім новабудоўлям – ГЭС, фабрыкам, заводам ці проста новым гарадскім мікрараёнам. Гэты працэс працягваецца і цяпер.
Баранавічы, нягледзячы на свае маладыя гады, ужо паспелі увабраць у сябе не менш за дзясятак вёсак. Адны з іх – як Баранавічы, Развадова ці Крыжы, даўно цалкам распусціліся ў горадзе. Іншыя – як Янава або Узногі, часткова яшчэ застаюцца вёскамі, а часткова ўжо ўвайшлі ў межы горада. У не менш цікавым памежным становішчы апынулася в. Зорная (ранейшая назва – Муцькавічы). Сёння горад акружыў яе з чатырох бакоў, але гарадскім мікрараёнам Зорная пакуль не стала.
Як паведамілі «IP» у баранавіцкай землеўпарадкавальнай службе, сёння ў Савет Міністраў РБ перададзены дакумент па зменах межаў нашага горада. Пасля таго, як гэты дакумент падпіша прэзідэнт, Баранавічы змогуць зноў «патаўсцець» за кошт фрагментаў некалькіх вёсак – Гірава, Дубава, Вялікая Каўпеніца, Анісімавічы і іншых.
Слова пра Свяцілавічы
Калі і ёсць у Баранавічах месца, дзе яшчэ застаўся вясковы дух, дык гэта былыя Свяцілавічы. «Учарашнія» свяцілаўцы – гараджане ўжо з больш як паўвекавым стажам, але яны дагэтуль трымаюць коз, а некаторыя – і коней. Ну, хто не бачыў іх, прагульвючыся каля стадыёна гарадскога ліцэя №1.
Вёска, якая знікла з мапаў яшчэ ў сярэдзіне 50-х, сёння апынулася ледзь не ў цэнтры горада: паміж ЦЭЦ і праспектам Савецкім з аднаго боку і Свяцілаўскім возерам – з іншага. Канец аўтаномнай гісторыі Свяцілавіч супаў з пачаткам індустрыялізацыі гэтай ускраіны Баранавіч. У ахвяру ЦЭЦ і Барана-віцкага завода станкапрыладаў была аддадзена забудова па правы бок галоўнай вясковай вуліцы – Наваградскай (цяпер – Пралятарская). З усяго правага берага вуліцы, з боку ЦЭЦ, да нашых дзён цудам ацалеў адзіны дамок, ды і той ужо стаіць разабраны. Дзве астатнія вясковыя вуліцы – Лугавая і Таполевая – амаль цалкам захаваліся. Але паглынанне Баранавічамі колішніх свяцілавіцкіх двароў можна назіраць і сёння.
Неўзабаве заходняя ўскраіна былой вёскі, дзе скрыжоўваюцца праспект Савецкі і вуліца Пралятарская, паменшыцца яшчэ на тры хаты. Ад праспекта сёння напоўніцу ідзе будаўніцтва сучаснага гандлёва-выставачнага цэнтра, які, дарэчы, будзе мець назву «Свяцілаўскі». Тэрыторыя, дзе пакуль яшчэ стаяць пустыя, пераселеныя хаты, мусіць забяспечыць зручны праезд і паркінг для будучых наведвальнікаў цэнтра.
У горадзе, як у вёсцы
Як жылося ў апошнія гады новаспечаным гараджанам у вясковым анклаве, «IP» распавёў Віктар Легедза, чыя хата на скрыжаванні праспекта Савецкага і вуліцы Пралятарскай неўзабаве будзе знесена на карысць інфраструктуры гандлёвага цэнтра. «Што ні кажы, але мець свой дом з участкам у горадзе – не тое, што жыць у шматпавярховіку. Па-першае, можна трымаць гаспадарку, па-другое, да цэнтра горада – рукой падаць, ды і аўтобусны прыпынак побач, – распавёў Віктар Легедза. – Я б ніколі не пагадзіўся перасяляцца адсюль у гарадскую кватэру, калі б чыноўнікі забяспечылі нам умовы для нармальнага жыцця».
Са словаў Віктара, пачынаючы ад праспекта ўздоўж Пралятарскай вуліцы каля дзесяці дамоў па сённяшні дзень стаяць негазіфікаваныя і ўзімку ацяпляюцца дзедаўскім спосабам – дровамі. «Я неаднаразова звяртаўся і да Паўлава, і да Дзічкоўскага, каб мне дазволілі дабраўпарадкаваць свой участак, правесці газ і тэлефон, – расказаў Віктар Легедза. – Але асаблівага імкнення дапамагчы мне я не так і не ўбачыў. Чыноўнікі не хацелі займацца нашымі праблемамі…» Адзінае, чаму паспрыяла адміністрацыя горада яшчэ 10 гадоў таму, – дазволіла ашаляваць дом цэглаю.
«Праўда, каб тады я ведаў, што сёння мне давядзецца аддаваць дом пад знос, гэтага не рабіў бы», – рэзюмаваў Віктар.
За сваю хату Віктар Легедза атрымаў ад забудоўшчыкаў 55 тысяч долараў. За гэтыя грошы ён набыў кватэру ў Паўночным мікрараёне, куды нядаўна і пераехаў жыць з сям’ёй. Такой здзелкай Віктар застаўся задаволены.
«Хаця ў савецкі час, калі нас планавалі зносіць, збіраліся даць трохпакаёвую кватэру мне з сям’ёй і асобную аднапакаёўку – маёй маці, інваліду II-й групы, – заўважыў Віктар.
– Плюс – тады падлічылі кошт кожнага пладовага дрэва і куста, гаспадарчых прыбудоў, за якія мне павінны былі дадаць 9700 рублёў. На той час за гэтыя грошы можна было купіць «Волгу» і мэблю для кватэры. Вядома, такі варыянт быў значна больш выгадны. Але з развалам Саюза праект зносу нашых дамоў замарозілі, а мы так і засталіся на месцы… Сёння я пагадзіўся і на гэта. Там у мяне не заставалася ніякай перспектывы развіцця. Цяпер прыйшоў мой час пажыць па-чалавецку».
P.S. Гутарку з аўтэнтычнай жыхаркай былой вёскі Свяцілавічы чытайце тут.