Автор: Алесь ГIЗУН

12:07, 22 июля 2011

Общество

remove_red_eye 163

Свяцілаўскія ўспаміны

Люба Касянкова ад нараджэння жыла ў Свяцілавічах. Жанчына, якая сёння размяняла ўжо дзявяты дзясятак гадоў, распавяла «IP», чым жыла былая вёска Свяцілавічы і як вясковыя жыхары з баранавіцкіх ваколіц сталі гараджанамі.

З Таполевай — на Лугавую

Люба Касянкова – адна з тых вяскоўцаў, якія калісьці не па сваёй волі сталі гараджанамі

Люба Касянкова – адна з тых вяскоўцаў, якія калісьці не па сваёй волі сталі гараджанамі

РЕКЛАМА

Хата, дзе сёння жыве Люба Касянкова з мужам, стаіць на вуліцы Пралятарскай, хаця жанчына яшчэ памятае часы, калі яе вуліца называлася Наваградскай. “Наваградская – бо вяла да Наваградка, – тлумачыць празрыстую этымалогію назвы сваёй вуліцы жанчына. – Ніжэй, каля возера, ёсць яшчэ вуліца Лугавая, а да колішніх нямецкіх мо-гілак, дзе цяпер Паўночны мікрараён, вяла вуліца Таполевая…”

Усе тры вуліцы былой вёскі захаваліся і па сёння. А вось цяперашняй вуліцы Скрабіна, якая бяжыць уздоўж возера, раней не было. Тут заканчваліся свяцілаўскія агароды і пачыналася балота – “смужарня”, як кажа Люба Касянкова. У мокрае надвор’е тут заўжды стаяла вада, а ўлетку сюды прыходзілі капаць торф.

Могілкі на беразе

За “смужарняю” пачыналася возера. За возерам, на высакаватым беразе, прыгадвае Люба Касянкова, былі нямецкія могілкі: “Прыгожыя былі могілкі, акуратныя. Траўка зялёная расла, чорныя крыжы на ёй роўненька радамі стаялі, кветкі вакол раслі… І ніякіх аградаў, не тое, што ў нас – часам зарастуць так, што ні прайсці, ні пралезці. Мы ў вёсцы  любілі сабрацца ў нядзельку і проста  пайсці паглядзець на тыя нямецкія могілкі…”

Па перыметры могілкі былі абсаджаны алычой. Калі перад забудоваю мікрараёна пахаванні руйнавалі, многія вяскоўцы перасаджвалі алычу сабе на панадворкі. Таму кусты той нямецкай алычы і сёння можна ўбачыць пры сядзібах колішніх свяцілаўцаў.

“Калі могілкі разбуралі – нават не хадзіла глядзець, – прыгадвае наша суразмоўніца. – Не хацела бачыць тыя косці. Ведаю, што большыя хлопцы бегалі туды, прыносілі зубы… Вядома ж, дзеці ўсюды паспеюць”.

Новы паварот

Новы паварот у гісторыі Свяцілавіч пачаўся з будаўніцтвам ЦЭЦ пасля вайны. Свяцілаўская моладзь, па словах Любы Касянковай, таксама ўдзельнічала ў грандыёзнай новабудоўлі: “Я працавала на ваенна-будаўнічым участку, хадзіла на суботнікі і васкрэснікі, разам з аднагодкамі разгружала і насіла цэглу – рабіла ўсё, чым магла дапамагчы. Мне ж тады толькі 15 гадоў было…”

Без звычкі жыць побач з такім індустрыйным гмахам па першым часе вяскоўцы нават пабойваліся вялізнай трубы ЦЭЦ: “Асабліва баяліся тады, як разгуляецца навальніца. Думалі, зараз як дасць, дык труба і паваліцца на нас. Потым, канечне, прывыклі”, – распавядае Люба Касянкова.

Яшчэ нейкі час жыццё свяцілаўцаў мала чым адрознівалася ад жыцця іншых вяскоўцаў: талакой працавалі і адпачывалі, у святы хадзілі адзін да аднаго ў госці. Па іншы бок цяперашняга праспекта Савецкага раней былі Анісімавіцкія хутары (самі Анісімавічы ў вайну моцна пагарэлі, і новыя дамы людзі пачалі будаваць бліжэй да горада). “На тых хутарах  жыла маладая цырульніца, якая ўмела рабіць завіўкі. Нашы жанчыны хадзілі да яе, калі трэба было падхарашыцца”, – прыгадвае Люба Касянкова.

Уварванне горада

Люба Касянкова добра памятае, калі ў іх суладнае вясковае жыццё ўварваўся горад і якія змены ён прынёс: “Як стала наша вуліца Пралятарскай, пачаў расці горад, тут такі рух пачаўся… Ад самай ра-ніцы і аж да ночы машыны імчаць і імчаць насупраць вокнаў. Неяк з вёскі прыехаў наш сваяк, каб пераначаваць,  дык назаўтра пытаўся, як мы тут спім пад такі грукат”.

З ростам горада ціхае жыццё гэтай вясковай выспачкі ўсё болей пачало нагадваць мітуслівае жыццё гарадской ускраіны… Аднойчы ў новы мікрараён праз Свяцілавічы пракладалі нейкія камунікацыі, вакол накапалі траншэяў. Вяртаючыся з крамы, бацька Любы Касянковай ішоў каля тых траншэяў, пасунуўся і зваліўся. Бацька нічога сабе не пашкодзіў, але, дайшоўшы дадому, лёг на ложак і памёр. Яшчэ пазней на святлафоры сусед трапіў пад машыну і стаў калекам. Пасля гэтага ён з жонкаю перабраўся ў горад. Цяпер яна прыязджае сюды толькі каб пакарміць катоў і сабаку, якія так і засталіся тут.

Горад змяняе твары

“А суседзі па іншы бок  абодва памерлі, і ніхто з іх сваякоў больш не захацеў тут жыць, – працягвае сумную свяцілаўскую хроніку Люба Касянкова. – Насупраць мяне, праз дарогу, жыла Алена Саўка… Яна перабралася жыць дзесьці ў горад, а яе хату выкупілі і разабралі нейкія камерсанты. Што яны зробяць на тым месцы – не ведаю, кажуць, грошай у іх шмат”.

РЕКЛАМА

З аўтэнтычных жыхароў колішніх Свяцілавіч  сёння мала хто застаўся. “Валя, Жоржык, Ліда, – лёгка пералічвае старых свяцілаўцаў Люба Касянкова. – На Лугавой толькі шэсць сем’яў нашых засталося, астатнія – усе прыезджыя”. На былой Наваградскай засталіся толькі яны з мужам ды яшчэ двое старых.

А хто сёння жыве на Таполевай – Люба Касянкова ўжо і не ведае. Не тыя гады і не тое здароўе. “Гэта раней я магла пайсці і даведацца, што, дзе і як. А цяпер выйду, пасяджу на лаўцы і – назад у хату. Мы ўжо даўно не ходзім у госці, нават агарод цяпер кветкамі засадзілі, бо не можам даглядаць. А прадукты дзеці прывозяць – нам многа не трэба”.

На пытанне, ці хацела б Люба Касянкова сустрэць з мужам старасць у камфортнай гарадской кватэры, яна рэзка і абдумана пярэчыць: “Мы ўжо жывем толькі сённяшнім днём, далей жыцця нам няма. І памерці мы хочам тут”.

Дарэчы:

Велізарны гандлёва-выставачны комплекс «Свяцілаўскі», што сёння будуецца на праспекце Савецкім, мае паўстаць да канца 2011 года. Як распавёў «IP» дырэктар ПУВП «Явід» Аляксандр Явід, прадпрыемства якога з’яўляецца гаспадаром і забудоўшчыкам комплекса «Свяцілаўскі», агульная сукупнасць плошчаў будынка складзе каля 7 тысяч  квадратных метраў. Тут размесцяцца буцікі абутку і адзення, крама свяцільнікаў і бытавой тэхнікі, ювелірны салон, салоны парфюмерыі і посуду, а таксама аптэка.

Увесь цокальны паверх зойме прадуктовая крама «Еўраопт» з плошчай гандлёвай залі каля тысячы квадратных метраў. На другім паверсе мяркуецца размясціць рэстаран з унутранай залай і летняй тэрасай з выглядам на праспект.

На чацвёртым паверсе будзе прадавацца мэбля. Побач з комплексам плануецца стварыць аўтамабільную стаянку на 200 – 300 месцаў. Як распавёў Аляксандр Явід, праз некалькі гадоў пасля заканчэння будаўніцтва першай чаргі комплекса на месцы знесеных хат паўстане другая чарга – яшчэ большая за першую. Сувязь паміж дзвюма часткамі комплекса плануецца наладзіць пры дапамозе эскалатараў.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up