Новости / Культура

Сляды спадчыны. Нача-Свянціцкая

15.07.2011, 12:24 / remove_red_eye 148 / chat_bubble

Рэдкі ўзор драўлянага барочнага дома, “загранічная ёлка” і жыхары, якія памятаюць яшчэ дасавецкае жыццё сядзібы, – тое, што сёння можна сустрэць у Начы-Свянціцкай.

Учора

Маёнтак Свянціцкіх у сучасным выглядзе быў закладзены гаспадарамі прыкладна ў другой палове XVIII ст. Пазней гаспадары мяняліся, але сядзіба зменаў не зазнавала. Свянціцкія заклалі сядзібу на ўзвышаным беразе ракі Нача, куды ад шляху вялі прысады з таполяў. Яны міналі невялікі масток праз рачулку і вялі да дома.

Куток сядзібы ў Начы-Свянціцкай

РЕКЛАМА

Куток сядзібы ў Начы-Свянціцкай

Пры гэтым мастку калісьці стаяў млын, а вадою з рэчкі жывіліся некалькі сажалак пад ценістымі прысадамі ўздоўж заезнай дарогі да сядзібы.

Куток парку ў Начы-Свянціцкай увесну

Куток парку ў Начы-Свянціцкай увесну

Размешчаны на схіле драўляны сядзібавы дом добра праглядаўся здалёк. З высокага надворка таксама быў добры выгляд на маляўнічыя ваколіцы, якія прыемна было сузіраць, стоячы на акцэнтным ганку на чатырох калонах.

Сядзібавы дом эпохі барока

Сядзібавы дом эпохі барока

З аднаго боку дома размяшчалася афіцына, з другога – вяндлярня і лядоўня. За домам была асноўная частка парку. Даследчык А. Федарук адзначае незвычайнасць яго праектавання. У парку ёсць яшчэ адзін вадаём з каналам, аточаным ліпавымі прысадамі. Водная сістэма была спланавана так, каб сажалка магла жывіцца не толькі з крыніцы, але і вадой з навакольных палеткаў.

Як сцвярджае  А. Федарук, афармленню парку і садоў гаспадары сядзібы надавалі не меншую ўвагу, як палацу ці гаспадарчаму двару. У парку рэгулярна высаджвалі  кветкі, пад старымі дрэвамі нават збіралі баравікі. Тут часцяком ладзіліся розныя святы і пікнікі.

Сёння

Адно з месцаў у Начы-Свянціцкай, дзе калісьці ла-дзіліся маёўкі, называлася касцяльком. Яно знаходзілася на самым высокім беразе сажалкі пры заездзе на сядзібу. Тут стаяла драўляная каплічка, вакол якой былі чатыры склепы з пахаваннямі ранейшых гаспадароў. Сёння яшчэ можна ўбачыць іх руіны каля сажалкі.

РЕКЛАМА

Паркавая водная сістэма даўно парушана, а сажалкі амаль зараслі. Падчас меліярацыі рэчку Начу пераўтварылі ў канал, які сёння моцна абмялеў. Цяпер да сядзібы вядзе іншая дарога праз навейшы мост.

У парку за сядзібавым домам да нашых дзён захаваліся «жывыя» ліпавыя альтанкі дыяметрам па 5 і па 12 метраў. Пасярод адной з іх ляжыць агромністы камень. Тут паны адпачывалі.

Пры самай сядзібе расце старая лістоўніца, якую мясцовае насельніцтва называе «загранічнай ёлкай». Вяскоўцы тлумачаць, што гэта не беларускае дрэва, якое калісьці яшчэ паны прывезлі «з-за граніцы» і пасадзілі пры сваім доме.

Гаспадарчы двор былой сядзібы Свянціцкіх сёння раскіданы, да нашых дзён ацалелі толькі асобныя будынкі.
Старая афіцына – аб’ёмны будынак з мноствам вокнаў – і сам сядзібавы дом сёння часткова заселеныя.

Афіцына ў майскай квецені

Афіцына ў майскай квецені

Апошнімі ўладальнікамі Начы-Свянціцкай былі Рэйтаны і Грабоўскія – тыя самыя, што валодалі сядзібай у Грушаўцы. Іх яшчэ ўзгадвае Зося Піліпчык (у дзявоцтве – Бліцкевіч), чый бацька Міхась Бліцкевіч калісьці быў кучарам у гаспадароў сядзібы. Па словах жанчыны, апошнюю маладую пані звалі Ганнаю. Пры новай савецкай уладзе ўсіх яе братоў расстралялі проста перад домам, а Ганне захавалі жыццё. Перад вайною яна з’ехала жыць у Польшчу.

Зося Піліпчык - дачка кучара былых гаспадароў сядзібы

Зося Піліпчык — дачка кучара былых гаспадароў сядзібы

Як даехаць?

Каб трапіць з Баранавіч у Начу-Свянціцкую, спачатку трэба даехаць аўтобусам да Ляхавіч, адкуль таксама на аўтобусе – да пасёлка Нача. З Начы праз Начу-Свянціцкую ідзе дарога ў вёску Яфімавічы Клецкага раёна.

Дарога з Начы-Брындзоўскай у Начу-Свянціцкую

Дарога з Начы-Брындзоўскай у Начу-Свянціцкую

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up