Новости / Культура

Тры паўночныя сталіцы. Стакгольм

8.07.2011, 15:05 / remove_red_eye 175 / chat_bubble

Талін – Хельсінкі – Стакгольм. Тры паўночнаеўрапейскія сталіцы-суседкі – зусім непадобныя адна да адной, хаця і ў гісторыі, і ў сучаснасці цесна звязаны міжсобку. Нават іх назвы так і карціць прачытаць непарыўна, як адно слова…

У пачатку чэрвеня карэспандэнт «IP» пабываў у трох сталіцах на Балтыцы.

Ранішняе стакгольмскае прывітанне

Ранішняе стакгольмскае прывітанне

РЕКЛАМА

Кроў і незалежнасць Швецыі

Шлях ад першага пасялення вікінгаў каля сучаснага Стакгольма да сучаснай сталіцы Швецыі быў складаны. Ужо ў XIII ст. Стакгольм быў вядомы як буйны гандлёвы і стратэгічна важны вайсковы порт. У той самы час горад так упадабалі нямецкія і дацкія гандляры, аж пазней шведам давялося адваёўваць у іх свой уласны горад, што далося вялікай крывёю. У 1523 годзе Густаў Ваза, які ўзначаліў антыдацкае паўстанне, вызваліў Стакгольм і ў тым жа годзе стаў каралём незалежнай Швецыі. А ў XVII ст. увесь свет ведаў Швецыю як адну з наймагутнейшых дзяржаў.

Каралеўская сталіца

У адрозненне ад Таліна і Хельсінкі Стакгольм – самая «каралеўская сталіца» ў літаральным значэнні гэтага выразу, бо, у адрозненне ад рэспублік Эстоніі і Фінляндыі Швецыя – каралеўства. Па форме кіравання сёння Швецыя – канстытуцыйная манархія, то бок усе палітычныя крокі манарха тут абмежаваны галоўным законам краіны – Канстытуцыяй. Пра падобнага кшталту сучасных каралёў кажуць так: «царуе, але не кіруе». Гэта блізка да праўды, бо кароль у сучаснай Швецыі хоць і мае вялікі ўплыў у сферы замежнай палітыкі, але ва ўнутраных пытаннях яго роля досыць намінальная.

Для шведаў іх кароль сёння – гэта адмысловая даніна павагі традыцыі,  сімвал, які яднае сучаснасць з багатай гісторыяй і які яны ахвотна захоўваюць да нашых дзён. Чаму б і не, калі душа просіць!

Шарм і звычкі

Крамная вітрына ў старым горадзе

Крамная вітрына ў старым горадзе

Сёння Стакгольм мае ўсё, што па статусе павінна мець любая каралеўская сталіца з багатай, шматвекавой гісторыяй.

Стакгольм – горад з захаванымі сядзібамі і палацамі шведскага істэблішменту ад часоў Сярэднявечча да сучаснасці. Горад з увекавечанымі ў архітэктуры сімваламі культурнай і палітычнай самастойнасці і самавітасці – ратушай, каралеўскім палацам, каралеўскім оперным тэатрам…

Цалкам верагодна, што на адным з гэтых дахаў і пасяліўся казачны Карлсан

Цалкам верагодна, што на адным з гэтых дахаў і пасяліўся казачны Карлсан

РЕКЛАМА

Так шведскія студэнты святкуюць свае вакацыі - без лішніх санкцыяў і ідэалагічнага лоску

Так шведскія студэнты святкуюць свае вакацыі — без лішніх санкцыяў і ідэалагічнага лоску

Гэта невялікая еўрапейская сталіца, у музеях якой захоўваюцца арыгінальныя творы імёнаў, прызнаных вялікімі ва ўсім свеце – ад Арчымбольда і Рэмбрандта да Пікасо і Далі. Гэта месца, дзе каралеўскі шарм і звычкі адчуваюцца, здаецца, ва ўсім – у яскравых эстэцкіх рысах мадэрнай забудовы гарадскіх вуліц, у захапляльнай здольнасці шведаў густоўна апранацца, бавіць час або шчыра ўсміхацца за кубачкам кавы ці келіхам віна ў кавярні XVII ст., дзе гэта кава ці віно могуць каштаваць у тры, пяць альбо дзесяць разоў больш, чым у краме. А чаму б і не, калі можна сабе  дазволіць!

Крама цацак

Крама цацак

«Шведская мадэль»: дасягненні…

Стакгольмскі шпацыр

Стакгольмскі шпацыр

Пра Швецыю сёння кажуць, што гэта дзяржава, якая ахоўвае сваіх грамадзян ад калыскі да магілы. Як пішуць знаўцы, у пачатку ХХ ст., калі Еўропа разрывалася паміж камунізмам і ка-піталізмам, шведы абралі сярэдні шлях. Пазней яго назвалі «шведскай мадэллю» або «шведскім сацыялізмам». Яшчэ адна назва – «народны дом». Яго існасць у тым, каб кожнаму жыхару краіны, незалежна ад яго асабістага лёсу і сацыяльнага статусу, забяспечыць прыстойнае існаванне. Шведская дзяржава дае грунтоўную дапамогу маладым маці, фінансуе атрыманне вышэйшай адукацыі, сістэма страхавання гарантуе рэальную бясплатную медыцыну, а пенсіянеры атрымліваюць падвоеныя пенсіі.

Парламент у Стакгольме

Парламент у Стакгольме

Стакгольмскі парламент. Барэльеф

Стакгольмскі парламент. Барэльеф

Створаныя сёння магчымасці для жыцця і самарэалізацыі ў Швецыі робяць гэту краіну адной з самых камфортных для пражывання ва ўсіх сэнсах.

Швецыя -- яшчэ і краіна ровараў

Швецыя — яшчэ і краіна ровараў

У адрозненне ад беларусаў, шведы ахвотна пераселі на ровары

У адрозненне ад беларусаў, шведы ахвотна пераселі на ровары

У апошнія гады Швецыя, а таксама суседнія Скандынаўскія краіны, усё больш вабяць да сябе і турыстаў, стомленых ад паўднёвага пляжнага адпачынку і цэнтральнаеўрапейскіх лыжных курортаў. Сёння толькі Стакгольм штогод наведвае больш за 7 млн турыстаў.

Куток старога Стакгольма

Куток старога Стакгольма

РЕКЛАМА

…і праблемы

Сацыяльная прывабнасць і дэмакратычны лад Швецыі паставілі яе сёння перад абліччам  праблемы, якую можна назваць праблемай «новых шведаў». Прынамсі так самі шведы называюць імігрантаў з Афрыкі, Азіі і Паўднёвай Еўропы, якія масава пачалі прыязджаць сюды ў другой палове мінулага стагоддзя, уцякаючы ад уласных дыктатур, рэвалюцый, беспрацоўя ці проста шукаючы лепшае месца. Сёння да «новых шведаў» можна аднесці не менш за 15% насельніцтва Швецыі, хаця ў сталіцы працэнт імігрантаў намнога большы.

І хаця шведы з аднаго боку прызнаюць надзвычайныя маштабы іміграцыі ў іх краіну і звязаныя з гэтым праблемы (беспрацоўе сярод чужаземцаў, рост культурных супярэчнасцяў), з іншага – уласная паліткарэктнасць і касмапалітычная выхаванасць не дазваляюць ім напоўніцу заўважаць праблему.

Наколькі Швецыя з пераважна светлавалосым і блакітнавокім аўтэнтычным насельніцтвам у будучыні будзе «новай Швецыяй» – вырашаць, вядома, самім шведам. Але ўжо сёння, едучы ў Стакгольмскім метро, не варта моцна  здзіўляцца, калі на ўвесь вагон будзе толькі адзін ваш белы твар – таксама не шведскі.

Карысныя парады

** Мноства паромных кампаній забяспечваюць рэгулярную сувязь паміж Стакгольмам і іншымі паўночнымі гарадамі.

Напрыклад, пасажырскія квіткі на паром Viking Line, які ўвечары адплывае з Хельсінкі і раніцай прыплывае ў Стакгольм, каштуюць ад 40 да 50 еўра (у пятніцу – 70 еўра) плюс даплата за каюту (ад 20 еўра за каюту без акна, да 340 еўра – з акном на мора і ўключаным сняданкам).

Каюту можна ўвогуле не замаўляць, калі ўсю ноч вы збіраецеся не спаць, а бавіць час на палубе, у кавярні ці за столікам з выглядам на мора. Пры падарожжы кампаніяй, эканомней выкупіць адну шматмясцовую каюту, падзяліўшы яе кошт на ўсіх. Напрыклад, наша чатырохмясцовая каюта разам з квіткамі каштавала нам 85 еўра. І яшчэ: калі зрабіць бронь не менш як за 21 дзень да рэйса, можна атрымаць зніжку на 10 – 20 еўра. Увесь спектр варыянтаў – на сайтах www.paromy.ru і www.vikingline.fi.

** Вяртацца са Стакгольма ў Беларусь можна не на паромах, а скарыстаўшыся таннымі авіялініямі, якія прапануюць бюджэтныя варыянты для небагатых падарожнікаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Тут варта ведаць, што браняваць квіток на рэйс трэба як мага раней, бо кошт квітка павялічваецца з кожным днём. Напрыклад, пералёт са Стакгольма да Варшавы праз пасярэдніцтва авіякампаніі Wizz Air каштуе каля 50 еўра, калі рабіць бронь за месяц. Але калі забраняваць квіток за два месяцы, ён абыдзецца ўдвая меней – каля 25 еўра. Падрабязнасці – на сайце www.wizzair.com.

TOP-5 дастапомнасцяў Стакгольма

1. Гамла Стан (стары горад), размешчаны на адной з 14 выспаў Стакгольма – Стадсхольмэн. Гэта найстарэйшая частка Стакгольма, у сэрцы якой – горад, захаваны з часоў Сярэднявечча, па перыметры – мадэрная забудова.

Вулкі старога горада

Вулкі старога горада

На Гамла Стане знаходзяцца Каралеўскі палац, старадаўнія храмы і вулкі, а таксама музей Нобеля. Трапіць сюды можна, скарыстаўшыся метро і прыехаўшы на аднайменную станцыю – Gamla Stan.

Вечар у старым цэнтры

Вечар у старым цэнтры

2. Гарадская ратуша. Адзін з галоўных сімвалаў Стакгольма і адна з найлепшых аглядных пляцовак шведскай сталіцы. Менавіта тут штогод у снежні кароль Швецыі ўзнагароджвае нобелеўскіх лаўрэатаў.

Гарадская ратуша

Гарадская ратуша

3. Музей «Ваза» на выспе Юргордэн, дзе захаваны найстарэйшы ў свеце драўляны ветразевы карабель. Карабель «Ваза» затануў яшчэ ў XVII ст. і толькі 50 гадоў таму быў падняты з-пад вады разам з усім захаваным начыннем, у тым ліку і 700 скульптур.

4. Змена каралеўскага каравула ў дворыку Каралеўскага палаца. Святочная цырымонія пад гукі вайсковага духавога аркестра адбываецца штодзень улетку і тройчы – узімку. Пачатак: у  12.10 (пн – сб) і ў 13.10 (ндз).

Змена каралеўскага каравулу

Змена каралеўскага каравулу

Цырымонія змены каравулу з выступам духавога аркестра

Цырымонія змены каравулу з выступам духавога аркестра

5. Стакгольмскае метро. Метрапалітэн шведскай сталіцы прэтэндуе на званне самага незвычайнага ў свеце, паколькі ўяўляе сабою суцэльную арт-галерэю жывапісу, скульптур і разьбярскіх прац, дзе кожная станцыя не падобна адна да адной.

Метро ў Стакгольме

Метро ў Стакгольме

Паколькі агульная працягласць галерэі – каля 100 км, яна ў літаральным сэнсе лічыцца самай доўгай мастацкай галерэяй у свеце.

Стакгольм пад месяцам

Стакгольм пад месяцам


Просмотреть Путишествия intex-press на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up