Тры паўночныя сталіцы. Хельсінкі
Талін – Хельсінкі – Стакгольм. Тры гарады суседзі на Балтыцы. Тры партовыя сталіцы еўрапейскай Поўначы. Яны такія розныя, хаця і гісторыя, і сучаснасць кожнай з іх цесна звязаны. Нават іх назвы так і карціць прачытаць непарыўна, як адно слова…
У пачатку чэрвеня карэспандэнт «IP» пабываў на эстонскім, фінскім і шведскім берагах Балтыкі.
Хельсінкі. Маладая сталіца Еўропы
Хельсінкі – даволі малады еўрапейскі горад, удвая маладзейшы за нашы Наваградак, Пінск ці Тураў. Ён быў заснаваны ў 1550 годзе шведскім каралём Густавам Вазам як гандлёвы порт-канкурэнт Таліну, які знаходзіўся на супрацьлеглым баку Фінскай затокі. Горад доўгі час заставаўся шведскім, пакуль у пачатку XIX ст. фінскія землі не былі заваяваны Расеяй.
У 1812 годзе расійскі цар Аляксандр I абвесціў Хельсінкі сталіцай Вялікага княства Фінляндскага ў складзе Расійскай імперыі. Між іншым, сярод фінскай шляхты працягвалі пераважаць шведскія сімпатыі, а ўся фінская эліта па-ранейшаму карысталася шведскай мовай. Імкнучыся паслабіць гэты ўплыў, расійцы пачалі адраджаць фінскую культуру і мову, спрыяючы такім чынам пашырэнню фінскіх нацыяналісцкіх настрояў.
Далейшае развіццё гісторыі, здаецца, было зусім нечаканым для расійцаў. Выбраўшы ўдалы час – рэвалюцыйнае і ваеннае ліхалецце 1917 года, – фінскі парламент абвесціў пра сваю поўную незалежнасць ад Расеі. У 1939 – 1940 гг. СССР развязаў з Фінляндыяй вайну, вядомую ў гісторыі як «савецка-фінская». Але ўсё, чаго дасягнула Расея ў выніку той вайны, – яна далучыла да сваіх тэрыторый фінскі горад Выбарг, была выключана за ваеннае агрэсарства са спісу Лігі Нацый і страціла напярэдадні II-й Сусветнай вайны паўсотні тысяч загінуўшых грамадзян. Фінляндыя ж на гэты раз трывала замацавала сваю незалежнасць.
Яркія, дынамічныя і разняволеныя
Сёння Хельсінкі называюць сталіцай, якая расце і развіваецца хутчэй за ўсе астатнія ў Еўропе. Да таго ж гэта і ледзь не самая маладая ў літаральным сэнсе сталіца, дзе кожны дзясяты жыхар – студэнт. Дынамічнасць і неабцяжаранасць уласнай «сівой» нацыянальнай традыцыяй робіць Хельсінкі ультрасучасным і палігамным горадам, які, здаецца, развівае ўсе найлепшыя дасягненні іншых культур. А таму, здаецца, тут так лёгка суіснуюць побач прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцей, рэлігій і моладзевых субкультур.
Калі ў мяне запытаюць цяпер, чыя моладзь носіць самыя эпатажныя і экстрэмальныя прычоскі, чые пенсіянеры апранаюцца ў самае кідкае і стракатае адзенне і чыя гарадская архітэктура ўяўляе суцэльны мікст стыляў розных эпох і традыцый, я адкажу – хельсінкскія.
У фінскай сталіцы з аднолькавым размахам ладзяцца канцэрты артадаксальных метал-гуртоў і гей-паці, фестывалі класічнай музыкі і лацінаамерыканскіх танцаў. Выспявае ўражанне, што фіны нішто не ўспрымаюць надта сур’ёзна, а проста максімальна імкнуцца з усяго атрымліваць эстэтычную асалоду.
У адрозненне ад беларусаў, фіны – вельмі яркія, сучасныя, свабодныя і талерантныя. Фінская сталіца лічыцца сёння адной з найбольш прагрэсіўных культурных сталіц Еўропы. А ў некаторых еўрапейскіх рэйтынгах Хельсінкі называецца найлепшым для пражывання горадам у свеце.
Улетку сонца тут не хаваецца амаль круглыя суткі, што спрыяе таму, што Хельсінскі называюць таксама горадам актыўнага начнога жыцця. Трапіўшы сюды, часам падаецца, што мясцовае насельніцтва дзеліцца на дзве кагорты – тых, хто ўночы разыходзіцца па клубах, і тых, хто з пляшкай віна ці віскі ідзе да мора, якое тут – з усіх бакоў.
Беларусаў там чакаюць
Талін і Хельсінкі – адны з самых блізкіх еўрапейскіх сталіц-суседзяў. Іх падзяляюць усяго 80 км вод Фінскай затокі, якія паром пераадольвае крыху больш за дзве гадзіны. Такое блізкае суседства і адсутнасць межаў спрыяюць шчыльным кантактам паміж жыхарамі абедзвюх краін.
Многія эстонцы ездзяць у Хельсінкі за пакупкамі, на мацыён ці па бізнес-справах. З адным з бізнесоўцаў па дарозе з Таліна ў Хельсінкі давялося пазнаёміцца і нам. Даведаўшыся, што мы з Беларусі, эстонец запытаўся, ці не шукаем мы працы, і прапанаваў пры нагодзе дапамагчы з візаю і пошукам працы ў Эстоніі.
Як высветлілася, ён ужо ведаў, што нядаўна здарылася з «беларускім эканамічным цудам»:
– Я чуў, што ў вас рубель моцна абваліўся…
Напрыканцы нашай гутаркі эстонец пацікавіўся, ці не збіраюцца беларусы далучацца да іх агульнаеўрапейскай сям’і. Мы прызналіся: збіраемся, на што наш паўночны сусед усміхнуўся:
– Дык мы чакаем!..
TOP-5 аб’ектаў для наведвання
1. Цэнтральны вакзал Хельсінкі.
Гэты будынак лічыцца ўзорным помнікам архітэктуры ў стылі мадэрн. Сталіцу Фінляндыі ўвогуле называюць музеем гэтага стылю. Паралельна з нацыянальным абуджэннем фінаў у др. пал. XIX – пач. XX стст. кардынальна новыя рысы пачала набываць і мясцовая архітэктура. Маладыя фінскія архітэктары пераймалі найлепшыя ў сваіх еўрапейскіх суседзяў мадэрныя і дызайнерскія тэндэнцыі ў горадабудаўніцтве і праектаванні будынкаў. Да таго ж рабілі гэта так удала, што ў многім пераўзышлі сваіх натхняльнікаў.
2. Сенацкі пляц і Кафедральны лютэранскі сабор Св. Мікалая.
Усе галоўныя дарогі ад гарадскога порта самі прывядуць вас да гэтага пляца, які лічыцца візітоўкай фінскай сталіцы. Сенацкі пляц эпохі класіцызму называюць адным з найпрыгажэйшых у Еўропе, а велічны будынак сабора – яго бясспрэчная дамінанта.
3. Дом Седэрхольма. Гэты будынак, што знаходзіцца ў адным з кутоў Сенацкага пляца – найстарэйшы будынак у Хельсінкі (1757 г.).
Так, старажытнасцяў у фінскай сталіцы небагата. Гэтаму ўсяляк спрыяла гісторыя: у 1713 годзе шведы цалкам спалілі горад, каб не пакідаць яго заваёўніку Пятру I. А менш як праз стагоддзе Хельсінкі згарэў яшчэ раз.
4. Тэмпеліяўкіё – царква ў скале. Гэту лютэранскую царкву высеклі проста ў скале ў адным з цэнтральных раёнаў Хельсінкі і накрылі мядзяным купалам. Гэты мадэрны будынак канца 60-х, бадай, самы неардынарны на ўвесь Хельсінкі.
5. Суомэнліна – горад-фартэцыя на моры. Гэты ўмацаваны горад на сямі выспах сёння з’яўляецца адным з перыферыйных раёнаў фінскай сталіцы. Суомэнліну ў сярэдзіне XVIII ст. будавалі шведы для абароны ад расійцаў. Цяпер гэта помнік сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, вядомы таксама сваімі маляўнічымі скалістымі пляжамі.
З хельсінкскай гавані сюды рэгулярна ходзяць кацеры. На выспах ёсць крамкі і гатэлі, таму пры жаданні на Суомэнліне можна і заначаваць.
Плывем эканомна!
$ Паромы з Таліна да Хельсінкі робяць некалькі рэйсаў за дзень. Кошты на квіткі вагаюцца ад 20 да 35 еўра – у залежнасці ад дня тыдня, часу адплывання і кампаніі, якая забяспечвае рэйс. Начныя рэйсы каштуюць ад 45 да 140 еўра за каюту-люкс з акном на мора. Таму лепш загадзя прадумваць сваю вандроўку і раней забраняваць «эканомны» рэйс. Наш панядзелкавы ранішні пераплыў з Таліна ў Хельсінкі на пароме Viking Line каштаваў 27 еўра. Усе падрабязнасці пра квіткі на паромы – на сайтах www.paromy.ru, www.vikingline.fi.
$ Зэканоміць можна і на турыстычным кацеры з Хельсінкі да Суомэнліны. Квіток да выспаў у адзін бок каштуе 5,5 еўра. Але, калі вы не збіраецеся заставацца там на ноч, варта адразу набыць квіток туды і назад, які абыдзецца ў 6,5 еўра. Ваш выйгрыш складзе 4,5 еўра, за якія вы зможаце набыць дзве порцыі марозіва.
Просмотреть Путишествия intex-press на карте большего размера
Комментарии
Правила комментирования