Новости / Культура

Баранавіцкае гета

24.06.2011, 11:30 / remove_red_eye 317 / chat_bubble

Сёлета 22 чэрвеня спаўняецца 70 год з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Аднымі з найбольш пацярпелых яе ахвяраў былі габрэі. Напярэдадні вайны ў Баранавічах іх жыло 12 тысяч (палова насельніцтва горада), з іх 3000 былі ўцекачамі з польскіх земляў, акупаваных немцамі. Вайну перажылі толькі 400 чалавек. Гета стала для многіх баранавіцкім габрэяў апошнім няўтульным домам.

Стварэнне гета

У першы тыдзень акупацыі Баранавіч нямецкія вайсковыя ўлады загадалі габрэям абавязкова насіць на грудзях і спіне нашытую жоўтую зорку Давіда. Ім было забаронена хадзіць па тратуарах, а мужчыны-габрэі пры сустрэчы з нямецкімі салдатамі павінны былі здымаць капелюшы.

Спачатку быў зроблены перапіс габрэйскага насель-ніцтва і было створана «адкрытае гета». Габрэі працягвалі жыць ва ўласных кватэрах, хаця жыхароў больш заможных дамоў у цэнтры горада немцы адразу выкінулі на вуліцу.

РЕКЛАМА

У першыя дні акупацыі дзеля ўсталявання кантактаў з нямецкімі ўладамі, а таксама вырашэння праблем з харчаваннем і прымусоваю працаю сярод баранавіцкіх габрэяў быў абраны камітэт. Старшынёй яго быў аднагалосна абраны Ешуа Ізыксон. Гэта быў вядомы ў Баранавічах грамадскі дзеяч, член гарадской управы і праўлення Гандлёвага банка, які меў добрыя сувязі сярод палякаў і беларусаў. Ізыксон лічыў, што зможа з дапамогаю знаёмства і хабару выратаваць габрэяў Баранавіч. Ён казаў: «Срэбра і золата я аддам, але не чалавечыя жыцці». Гэтыя словы ведалі ўсе ў Баранавічах – і немцы, і калабаранты.

Камітэт працаваў тры месяцы –  да верасня 1941-га, калі яго пераназвалі ў «юдэнрат» (па-нямецку – габрэйская рада).  Чальцоў юдэнрата прызначылі немцы, але старшынёй пакінулі Ізыксона. Тады ж з’явіліся чуткі, што немцы збіраюцца стварыць у Баранавічах сапраўднае «закрытае гета». Ізыксон праз подкупы і сувязі здолеў крыху павялічыць тэрыторыю гета, пад якое адвялі паўднёва-заходнюю частку горада.

Гета было абнесена калючым дротам і мела ўваход праз браму на вуліцы Віленскай (сучаснае скрыжаванне вуліц Гагарына і Міцкевіча). У гета было 60 будынкаў, куды змясцілі каля 12000 чалавек. На асобу прыходзілася па аднаму  квадратнаму метру.            З-за жахлівай перанаселенасці будынкі празвалі «калгасамі». Пакоі чатыры на чатыры метры змяшчалі 20-25 чалавек. Драўляныя ложкі стаялі ў тры паверхі.

Жыццё ў гета

З 12 снежня 1941 года гета было ўзята пад строгую ахову. Узброеныя патрулі ахоўвалі межы гета. А 17 снежня немцы арыштавалі 72 габрэі. За іх свабоду трэба было выплаціць выкуп – 20 кг золата і срэбра ды мільён рублёў. На заклік юдэнрата гета вельмі хутка сабрала неабходную суму і ювелірныя вырабы. Як высветлілася пазней, выкуп заплацілі, але арыштаваныя былі расстраляны яшчэ ў дзень арышту. Сабраныя сродкі значна пераўзыходзілі выкуп, і юдэнрат скарыстоўваў іх пасля на патрэбы гета.

Працуючым жыхарам гета выдаўвася «шайн» (на ідыш – пропуск). Штодня на працу выпраўлялася прыкладна 5000 габрэяў. Усе з ахвотаю хадзілі на работы, бо лічылі, што выратуюць гэтым жыццё. Плаціць за працу габрэям было забаронена. Тыя, хто наймаў жыхароў гета на працу, здавалі іх заробак у аддзел працы гебітскамісарыята (цяпер будынак Нацбанка). Аднойчы кравец-габрэй запатрабаваў у жыхара Баранавіч аплаціць яго працу. Гестапа даведалася пра гэта і ўвечары павесіла краўца на вачах сабраных жыхароў гета.

Найлепшаю працаю лічылася праца ў нямецкіх дамах. Там можна было паесці і нават прынесці харчы ў гета.  350 чалавек пастаянна працавалі на аэрадроме, 250 – у чыгуначным дэпо. У самім гета былі збудваныя майстэрні, дзе працавала 70 майстроў-рамеснікаў. Яны выконвалі прыватныя замовы немцаў – рамантавалі гадзіннікі, электрычныя прыборы, рабілі мэблю.
Асноўнаю праблемаю гета было харчаванне. Немцы не давалі ніякай ежы, але дазволілі юдэнрату шукаць яе самастойна. Габрэйская рада купляла ці мяняла на рэчы   буйныя партыі харчоў. Дзённы рацыён на чалавека складаўся з 120 грам хлеба, жменькі  крупы і адной бульбіны. Асобны аддзел юдэнрата займаўся размеркаваннем ежы сярод насельніцтва. Сцвярджаецца, што за ўвесь час ніводны чалавек не памёр ад голаду.

У гета быў створаны аддзел аховы здароўя на чале з вядомым у горадзе доктарам Нахумоўскім. Усе медыцынскія паслугі былі бясплатнымі. Медыкаменты, як і ежа, здабываліся дзякуючы сувязям і абмену. З-за перанаселенасці існавала вялікая верагоднасць выбуху эпідэміі. Немцы абяцалі забіць любога, хто падхопіць заразную хваробу. Габрэйскім медыкам пашчасціла своечасова спыніць эпідэмію тыфу і схаваць гэта ад немцаў.

Адмысловыя са-нітарныя камісіі абыходзілі дамы і правяралі са-нітарны стан. Рабіліся захады па  знішчэнні вошай, а штотыднёвае наведванне лазні было абавязковым. Немцы прызнавалі баранавіцкае гета за «ўзорнае» па санітарным стане. За парадкам у гета сачыла свая паліцыя. Добраахвотна ўзначаліў яе Хаім Вальтман, да вайны  кіраўнік саюза рамеснікаў Баранавіч, чалец гарадской управы, які быў вядомы як «заступнік беднякоў».

Вальтман сабраў 40 маладых хлапцоў, з якіх стварыў габрэйскую паліцыю. Габрэйскія паліцыянты мелі некалькі равароў. Гэтыя хлопцы ахоўвалі парадак гета разам з мясцовай паліцыяй, але папярэджвалі сваіх супляменнікаў пра пачаткі ператрусаў. У адрозненне ад гетаўскай паліцыі ў іншых гарадах, баранавіцкая карысталася сярод габрэяў павагаю за справядлівыя паводзіны.

Першая акцыя па знішчэнні

Напрыканцы лютага 1942 года Ізыксон быў выкліканы ў гебітскамісарыят. Яму прапанавалі скласці спіс з 3000 непатрэбных старых і хворых. Старшыня юдэнрата адмовіўся гэта зрабіць, нягледзячы на пагрозы. 4 сакавіка, у габрэйскае свята Шушан Пурым, немцы адабралі 3000 старых, жанчын, дзяцей і непрацаздольных жыхароў гета. На грузавіках іх адвезлі да Зялёнага маста і расстралялі. Туды прымусова быў прывезены Ізыксон з часткаю юдэнрата. Пасля назірання за расстрэламі  іх таксама забілі.

Старшыні паліцыі гета Вельтману было загадана даслаць 15 хлапцоў да Зялёнага маста, каб «падтрымаць парадак». Ён сам залез у грузавік са словамі «Хлопцы, залазьце, мы едзем прыняць смерць за Госпада». З ім паехалі ўсе 40 паліцыянтаў. Габрэйскія паліцэйскія пахавалі забітых і былі застрэлены ў спіну.

Цікава, што немцы мелі на мэце знішчыць менавіта 3000 габрэяў. Пасля расстрэлу вызначанай лічбы апошні грузавік, які вёз габрэяў на расстрэл, павярнуў назад і людзі былі адпушчаны.

Падрыхтоўка да супраціву

Пасля першай акцыі ў гета быў зладжаны перапіс, які налічыў 7700 габрэяў. Тэрыторыя гета была зменшана, на чалавека ўжо прыходзілася 0,7 квадратнага метра. Немцы,  аднак, дазволілі трымаць у гета кароў і абвясцілі, што харчовыя ўмовы палепшыліся пасля скарачэння колькасці людзей.

У новы юдэнрат немцы прызначылі іншых асобаў. Але баранавіцкія габрэі ўжо не мелі  ілюзій адносна свайго лёсу. Не было ніводнага чалавека, які б не згубіў сваіх родных і блізкіх. 4 ліпеня 1942-га немцы расстралялі 13 дактароў, якія лячылі жыхароў гета, насельніцтва горада і нават нямецкіх вайскоўцаў. У той самы час шмат габрэяў перабіраліся ў баранавіцкае гета з іншых мястэчак, дзе знішчаліся гета.

РЕКЛАМА

Масава капаліся схованкі, якія дапамаглі ацалець людзям падчас першай акцыі. Пачасціліся ўцёкі ў лясы асобных габрэяў, якія стваралі свае партызанскія атрады. Некаторыя перажылі вайну, хаваючыся ў сялянскіх сем’ях. У гета ўзнікла падполле, якое ўзначаліў новы начальнік габрэйскай паліцыі Раткевіч. Павялічыўся ўнос на тэрыторыю гета зброі. Рыхтавалася ўзброенае паўстанне, але частка падпольшчыкаў адмаўлялася ад збройнага супраціву на карысць уцёкаў. Напярэдадні другой акцыі падпольшчыкі мелі 70 вінтовак, 40 пісталетаў, 15 тысяч патронаў, 500 гранат.

Другая акцыя па знічшэнні

З 22 верасня і да 2 кастрычніка 1942 года гета было акружана немцамі, літоўскай і беларускай паліцыяй. Людзей дзялілі на дзве часткі – здольных і няздольных працаваць. Другую групу вывозілі ў раён вёсак Грабавец і Глінішча, дзе расстрэльвалі. У гэтыя дні было забіта каля 6000 габрэяў. На працягу трох тыдняў у гета вяліся пошукі схованак. Агулам было выяўлена каля 500 бункераў.

Падчас гэтай акцыі было шмат выпадкаў збройнага супраціву. Габрэі нападалі, забівалі сваіх забойцаў. Напрыклад, быў знойдзены забітым літоўскі афіцэр-паліцыянт. Цырульнік Зубак зарэзаў брытвай мясцовага паліцэйскага. Сотні падпольшчыкам са зброяю пашчасціла вырвацца з гета.

Пасля другой акцыі выжыла толькі 3000 баранавіцкіх габрэяў, кваліфікаваных рабочых. Межы гета ізноў зменшылі – на чалавека прыхо-дзілася толькі 0,6 квадратнага метра. Выжыўшая моладзь шукала шляхі ўцёкаў у лес. У гета прасочваліся габрэі-партызаны і ўгаворвалі да ўцёкаў. Новы юдэнрат баяўся, што за гэта заб’юць застаўшыхся жыхароў гета, і пагражаў данесці на падпольшчыкаў, тыя ж абяцалі забіць прадстаўнікоў рады.

Завяршаючая акцыя

12 снежня 1942 года падчас праверкі Юдэль Ашароўскі падарваў гранатаю немца, але загінуў і сам. 17 снежня гестапаўцы і паліцыянты ўварваліся ў гета. На вялікай пляцоўцы сабралі ўсіх жыхароў і правялі селекцыю. Было адабрана 1400 працаздольных чалавек – частку накіравалі ў Калдычэўскі лагер, частку ў лагер па рамонце дарог пад Баранавічамі. Астатнія габрэі былі вывезены і расстраляны каля вёскі Грабавец. Яшчэ месяц праводзілася чыстка і пошукі схованак на тэрыторыі гета.

Напрыканцы снежня 1942 года на ўездзе ў Баранавічы была вывешана таблічка «Юдэн райн» (свабодна ад габрэяў). Гарадское гета больш не існавала, як і палова насельніцва горада. Да канца вайны дажыло толькі каля 400 баранавіцкіх габрэяў.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up