Новости / Общество

Год па-беларуску

3.06.2011, 13:45 / remove_red_eye 116 / chat_bubble

28 мая для трох вучаніц адзінага ў Баранавічах беларускамоўнага класа ў гарадской АСШ №14 у гэтым навучальным годзе  прагучаў  апошні школьны званок.

Яся Малашчанка, Вераніка Міхальчук і Аліса Філіпчык – на сёння ў нашым горадзе толькі тры вучаніцы, чые бацькі захацелі навучаць сваіх дзетак цалкам па-беларуску. Напрыканцы навучальнага года «IP» даведалася, чаму дзяўчынкі навучыліся ў першым класе і з якім настроем пайшлі на канікулы.

Разам, але такія розныя…

Хаця гэтыя тры дзяўчынкі амаль штодзень разам, кожнай з іх па сем гадоў, яны вельмі розныя. Яся – разумніца-весялуха, шчырая і адкрытая, яна заўсёды кажа ўсё, што думае. Вераніка – не менш кемлівая і здольная за сяброўку, але яшчэ большая гарэза, чым Яся.

РЕКЛАМА

Аліса – сціплая і нешматслоўная, яна можа маўчаць нават тады, калі ўсё ведае. Усе яны, здаецца, дапаўняюць і ўраўнаважваюць адна адну.

«Нягледзячы на тое, што гэтыя тры дзяўчынкі такія не падобныя адна да адной, усе яны паспяхова засвоілі школьную праграму, – кажа іх настаўніца Ірына Міхальчук. – Вядома, камусьці даецца лепш адно, камусьці – іншае. У Ясі прасочваецца большая схільнасць да мовы, у яе вельмі багатыя моўныя навыкі, хаця разам з тым яна добра ладзіць і з матэматыкай. А вось пісьмо і Ясі, і Алісе даецца больш складана. У Веранікі пісаць атрымліваецца значна лепш…»

Поспехі і свавольствы

За першы год у школе Яся, Аліса і Вераніка навучыліся складаць і аднімаць у межах дваццаці, параўноўваць лікі, рашаць задачы. Яны нават рашаюць некаторыя задачы, з якімі вучні рускамоўных класаў пазнаёмяцца толькі ў наступным годзе. Дзяўчынкі навучыліся таксама і добра чытаць, яны прамаўляюць ужо па 55 – 80 слоў за хвіліну, што для першага класа – выдатны вынік. А цяпер разам з настаўніцай яны працуюць над інтанацыяй і гучнасцю свайго вымаўлення.

«Калі мае вучні не паспявалі добра засвоіць нейкія навыкі, я надзяляла гэтаму больш увагі і часу, – кажа настаўніца. – У вялікіх класах, на жаль, такая магчымасць ёсць не заўсёды».

З трыма вучнямі лягчэй наладзіць і дысцыпліну. Як кажа настаўніца, дзеці ёсць дзеці – усе аднолькава любяць сваволіць.

Галоўны вынік

Але, па словах настаўніцы, галоўны вынік першага года, – тое, што дзяўчынкі пачалі болей размаўляць. І размаўляць па-беларуску.

«Яны часцей размаўляюць міжсобку па-беларуску і на перапынках, добразычліва папраўляюць адна адну. Відаць, што гэта ім самім цікава, яны імкнуцца даведацца больш слоў. Я па сваёй дачцы заўважыла, што яна часцей пачала размаўляць дома па-беларуску. Часам яшчэ і тату паправіць, калі ён у чымсьці памыліцца», – кажа маці Веранікі Ірына Міхальчук.

Надзеі і чаканні

Тры беларускамоўныя вучні на ўвесь амаль 170-тысячны горад – з’ява, безумоўна, унікальная. Але Ірына Міхальчук пазбягае гэтай характарыстыкі:

«Беларускамоўны клас у Беларусі не павінен быць унікальнай з’явай. Трэба, каб беларускія дзеткі навучаліся па-беларуску. Шкада, што сёння гэта не норма, а хутчэй выключэнне з правіл».

Напярэдадні летніх канікул і вучні, і іх настаўніца выказваюць адну невялічкую надзею: ім хочацца, каб у наступным годзе да іх далучыліся іншыя дзеткі.

«Праблем з камунікацыямі ў нас няма: дзяўчынкі пасябравалі з дзецьмі з суседніх класаў, яны ходзяць адзін да аднаго ў госці ды і заняткі па фізкультуры ў іх агульныя, – кажа Ірына Міхальчук. – Але хаця б аднаго новага вучня ў наступным годзе мы хацелі б да сябе прыняць. Так нам было б прасцей працаваць у парах, ды і дзяўчынкам часам хочацца займацца па двое. Думаю, адзін хлопчык добра папоўніў бы іх кампанію…»

Ці падабаецца вам вучыцца і кім вы хочаце стаць?

Яся Малашчанка:

РЕКЛАМА

Яся Малашчанка:

Яся Малашчанка:

– Вучыцца ў школе мне спадабалася. Раней дома было, канечне, цікавей, я не стамлялася на ўроках… Хаця атрымліваць новыя веды – гэта цікава. Мне асабліва падабаюцца працоўнае навучанне і маляванне. І чытанне таксама. Калі вырасту, я буду працаваць у прытулку для жывёл. Раней я хацела быць ветэрынарам, але гэта мая мінулая мара. Цяпер я перадумала, мне захацелася даглядаць жывёл. Я хачу, каб кожная жывёлінка мела свой дом. Ага!

Вераніка Міхальчук:

Вераніка Міхальчук:

Вераніка Міхальчук:

– Мне падабаюцца ўсе школьныя прадметы. Думаю, яны дапамогуць мне стаць у будучыні тым, кім я захачу. Але кім я хачу быць,  пакуль не вырашыла. Толькі не хачу быць настаўніцай, як мая мама, бо ў яе вельмі мала вольнага часу, і, пакуль яна рыхтуецца да ўрокаў – мне сумна…

У школу трэба хадзіць, бо калі не хадзіць у школу – не будзеш разумным. Калі вырасцеш, трэба будзе што-небудзь напісаць ці прачытаць, а ты не зможаш. Гэта кепска. Гэтаму трэба вучыцца.

Аліса Філіпчык:

Аліса Філіпчык:

Аліса Філіпчык:

– Кім я буду ў будучыні – пакуль не ведаю, бо яшчэ не думала. Мне падабаецца вучыцца. Я найбольш люблю чытанне і матэматыку. Больш за ўсё мне падабаецца чытаць часопісы, у якіх пішуць пра звяроў… Пісьмо мяне не вельмі цікавіць, бо пісаць цяжэй. Але настаўніца дапамагае нам вучыцца пісаць. Калі мы падрасцем, гэта трэба будзе абавязкова ўмець.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up