Новости / Культура

Гісторыя баранавіцкага музея

3.06.2011, 12:25 / remove_red_eye 175 / chat_bubble

Баранавіцкі музей,  заснаваны як невялікая выстава, праз дзесяць год  меў творы Рэмбранта і Матэйкі, каштоўныя старажытныя экспанаты. Разрабаваны пад канец вайны адрадзіўся з чыстага ліста.  Паўстаў з новымі зборамі, сярод якіх Статут ВКЛ 1588 года, працягвае працу з мэтай  падтрымкі  цікавасці да гісторыі і культуры роднага краю.

Ад выставы да музея

Першыя спробы стварэння музея ў нашым горадзе былі прыняты  толькі ў 1929 годзе. За год да гэтага Польская дзяржава, куды ўваходзілі і Баранавічы, прыняла «Закон аб ахове твораў мастацтва і помнікаў даўніны», які стварыў заканадаўчыя падставы для захавання мастацкіх каштоўнасцей.

Пра пачатак музея згадвае «Kalendarz Popularny Baranowicki na rok 1937»: у 1929 годзе баранавіцкі павятовы Рэгіянальны камітэт пастанавіў стварыць выставу, якая б давала поўны вобраз гаспадарскага і культурнага жыцця горада і рэгіёна. Арганізатарам той выставы быў прызначаны выкладчык баранавіцкай гімназіі прафесар Леанард Турскі. Падчас падрыхтоўчай працы і збору матэрыялаў у яго з’явілася думка стварыць   Баранавіцкі павятовы музей з мастацкай галерэяй, дзе збіраліся б гістарычныя здабыткі, а таксама матэрыялы аб жыцці, звычаях і культуры нашага краю.

РЕКЛАМА

Мясцовыя ўлады падтрымалі ініцыятыву прафесара Турскага. У гарадскі бюджэт была ўключана штогадовая квота ў 300 злотых на патрэбы музея (на той час пуд жыта каштаваў 2 злотых).

Першымі экспанатамі музея сталі некаторыя рэчы, падараваныя з выставы. Шмат чаго прынеслі ў музей баранавіцкія гімназісты, якія вельмі актыўна далучыліся да збораў новых экспанатаў.

У кастрычніку 1929 года музей распачаў сваю працу. Знаходзіўся ён на вуліцы Шаптыцкага, 48 (будынак быў  паміж сучаснай друкарняй і крамай «Купалінка»). Працаваў у суботу, нядзелю і панядзелак з 16-ці да 18-ці гадзін. Музей падзяляўся на тры часткі: прыродную, этнаграфічную і гістарычную. Самым багатым быў гістарычны аддзел. Напрыклад, тагачасныя наведвальнікі маглі ўбачыць дарожны нэсесар XVIII стагоддзя, алавяныя лыжачкі з фальваркаў дробнай шляхты, досыць вялікі збор манет розных эпох, знойдзеных у Баранавіцкім павеце. Мелася гліняная скарбонка XVII стагоддзя, банкноты часоў паўстання Тадэвуша Касцюшкі, некалькі адзінак старажытнай зброі, старая парцаляна. Было некалькі альбомаў Андрыолі з часоў яго побыту ў Пецярбургскай акадэміі мастацтва, некалькі старажытных карцін алеем. У музеі захоўваліся барокавыя драўляныя фігуры з неіснуючага на той час Навамышскага замка Сапегаў. Сярод шматлікіх старых кніг асабліва вартым было першае выданне лістоў Адама Міцкевіча з 1822 года.

Нацыяналізаваныя каштоўнасці

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР на падставе павятовага музея быў заснаваны Баранавіцкі абласны музей выяўленчага мастацтва. Яго дырэктарам пакінулі нашага краязнаўцу прафесара Леанарда Турскага. Будынак музея знаходзіўся на вуліцы Міцкевіча (цяпер на вуліцы Леніна насупраць Вечнага агню на тым месцы гульнявы клуб).
Музейныя фонды імкліва папаўняліся  дзякуючы нацыяналізацыі маёнткаў і фальваркаў. Шмат чаго было прывезена ў Баранавічы з Нясвіжскага палаца Радзівілаў.

«Партрэт старога» Рэмбранта, працы Яна Матэйкі, Тэадора Жэрыко, французскі габелен XIV стагоддзя захоўваліся ў нашым музеі. Баранавіцкія жыхары маглі ўбачыць калекцыю японскіх вазаў, 160 еўрапейскіх статуэтак, старажытны мармуровы столік XVI стагоддзя, зроблены ў Італіі, на якім з рознакаляровых кавалачкаў мармуру была інкруставана выява «Выкраданне Еўропы Зеўсам». Музей валодаў пячаткамі XVI-XVIII стагоддзяў князёў Радзівілаў, шматлікай калекцыяй саксонскага, анг-лійскага, галандскага і японскага парцаляну, мноствам гадзіннікаў і шкатулак.

За акупацыяй музей працаваў

У Баранавіцкім краязнаўчым музеі налічваецца больш за 40 тысяч экспанатаў

У Баранавіцкім краязнаўчым музеі налічваецца больш за 40 тысяч экспанатаў

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны музейныя экспанаты не былі эвакуяваны, але амаль і не пацярпелі. Вядома, што 7 лістапада 1941 года акупацыйныя ўлады адкрылі музей для наведвальнікаў.

Часопіс «Наш край» за 1943 год, што выдаваўся ў Берліне, згадваў, што летам 1942 года ў Баранавічах праводзілася выстава «Маладая Беларусь», на якой прадстаўляліся працы баранавіцкіх, мінскіх і наваградскіх мастакоў. Сярод іх былі работы Міхася Сяўрука («Кудзельніца», «Беларускі селянін») і А. Шыманоўскага («Беларуская дзяўчына», «Вясковыя дзяўчаты»). Частка даваенных экспанатаў працягвала захоўвацца ў музеі.

Баранавіцкая газета «Пагоня» ад 27 мая 1944 года згадвае, што «25 снежня 1943 г. адкрылася выстава мастакоў Баранавіч. На ёй былі прадстаўленыя творы А. Шымановіча, Мікалая Казака, Канстанціна Максімцава, Мальца ды інш».

Пасляваеннае адраджэнне

Падчас адыходу немцаў усе экспанаты музея былі разрабаваны. Вядома, што з Баранавіч немцамі было вывезена 1716 экспанатаў. На тэрыторыі Баранавіцкай вобласці захаваўся толькі адзін Слонімскі музей. На падставе яго ў 1947 годзе ў Слоніме быў створаны Баранавіцкі абласны музей.

РЕКЛАМА

Толькі 30 мая 1952 года аблвыканкам  прыняў пастанову «Аб пераводзе абласнога гісторыка-краязнаўчага музея з г. Слоніма ў г. Баранавічы». Але ў Баранавічы была перададзена толькі невялікая частка Сло-німскага музея. Збольшага гэта экспанаты,  якія тычацца Кастрыч-ніцкай рэвалюцыі і Другой сусветнай вайны.

У дзень выбараў у мясцовыя Саветы 22 лютага 1953 года ў Баранавічах адкрылася першая пасляваенная музейная экспазіцыя, якая ахоплівала 1917-1950 гады. Пасля скасавання Баранавіцкай вобласці 9 красавіка 1954 года наш музей стаў называцца Баранавіцкім краязнаўчым.

У 1960 годзе музей пераехаў у будынак на вул. Савецкую, дзе знаходзіцца і дасюль. У 1984 годзе пры музеі была адкрыта выставачная зала, дзе выстаўляюцца творы выяўленчага мастацтва.

Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў музея і неабыякавых жыхароў горада, цяпер у Баранавіцкім музеі налічваецца больш за 40 тысяч адзінак экспанатаў асноўнага фонду. Вялікую працу па даследванні гісторыі горада  праводзіў і да гэтага часу   праводзіць былы дырэктар музея Станіслаў Шчарбакоў.

У зборы музея захоўваецца багатая калекцыя вышываных ручнікоў ХІХ-ХХ ст., вялікая калекцыя твораў выяўленчага мастацтва, сярод якіх А. Гугель, Л. Лейтман, А. Кашкурэвіч, Л. Шчамялёў, выдатная калекцыя паштовак з выявамі нашага горада ад пачатку ХХ стагоддзя да 1930-х гадоў.

У музеі захоўваюцца манеты і скарбы, знойдзеныя ў Баранавіцкім раёне. Першы скарб трапіў у музей ў 1955 годзе. Гэта 83 медныя манеты маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, якія знайшлі каля Палескага вакзала. Праз некалькі год у музей трапілі скарб з 179 шведскімі манетамі XVI стагоддзя і скарб XVIІ стагоддзя з 896 манетамі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.

У экспазіцыі музея можна ўбачыць і часткі знакамітых слуцкіх паясоў. У 1972 годзе па прапанове тагачаснага дырэктара музея Палікарпава і згодна з пастановай Савета па справах рэлігіі Брэсцкай вобласці з касцёлаў у Новай Мышы і Паланечцы нашаму музею былі перададзены два арнаты, пашытыя са слуцкіх паясоў.

Ёсць у экспазіцыі музея і памятная адзнака «В честь первого выстрела по Босфору», за нумарам 2. Яна была дадзена капітану 1 ранга Веніяміну Лукіну, які камандаваў лінкорам «Три святителя». 15 сакавіка 1915 года яго карабель разам з лінкорам «Ростислав» правёў першы абстрэл турэцкіх батарэй на ўсходнім беразе Басфора. Памятны знак перадалі музею нашчадкі Лукіна, якія жылі ў Баранавічах.

Мала хто ведае, але музей мае арыгінальны асобнік Статута  ВКЛ! У 1995 годзе ў жыхаркі нашага горада Баранавіцкі краязнаўчы музей выкупіў Статут Вялікага Княства Літоўскага рэдакцыі 1588 года. Гэты асобнік быў надрукаваны ў Вільні ў 1693 годзе. На жаль, убачыць яго наведвальнікі пакуль не могуць – на час яго набыцця экспазіцыя музея была сфармавана. Славуты статут пакуль захоўваецца ў сховішчы музея і будзе выстаўлены пасля абнаўлення экспазіцый.

Баранавіцкі краязнаўчы музей працягвае збор і апрацоўку прадметаў, якія адлюстроўваюць мінуўшчыну нашага краю, захаванне і аднаўленне нашай гістарычнай спадчыны. Дарэчы,  некалькі тыдняў таму жыхар нашага горада  перадаў музею нямецкую карту горада і ваколіц 1917 года.

Дзякуем Баранавiцкаму краязнаўчаму музею і  яго былому дырэктару Станiславу Шчарбакову за дапамогу ў  падрыхтоўцы артыкула.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up